«Фанат»: чарговая ўзнагарода «Белсату» на кінафестывалі


Фільм «Фанат» рэжысёра Андрэя Кудзіненкі заняў 2-е месца ў намінацыі «Дакументальны фільм на мяжы з рэпартажам».

«Фанат» распавядае пра Васіля Пешахода. Гэты заўзятар берасцейскага клубу «Дынама», нягледзячы на цяжкую хваробу, ходзіць пешкі на ўсе матчы сваёй любімай каманды.

Толькі ў 2016 годзе Васіль прайшоў ажно 4,470 км. Ён ездзіць без грошай, спіць у лесе і не карыстаецца аўтаспынам. Стваральнікі фільму разам з героем пераадолелі 230-кіламетровы шлях з Берасця ў Горадню. Прэм’ера фільму адбылася на фестывалю футбольных фільмаў у 2018 годзе ў Варшаве.

Акрамя таго арганізатары прынялі на конкурс і іншыя фільмы «Белсату».

Сярод стужак «Венесуэльская краіна над прорвай», рэжысёра Сяргея Марчыка і Конрада Загорскага.

 

Фільм пра пачатак «Белсату» «Дэсант» рэжысёра Януша Гаўрылюка.

Дакументальны фільм Сандры Ужуле-Фонс i Аліны Коўшык «Не сыходзь, Малдова».

Раней дакументальныя фільмы «Белсату» таксама атрымалі прызнанне журы фестываляў. У 2016 годзе першае месца ў намінацыі дакументальнага фільму заняў Антон Цялежнікаў з рэпартажам «Пэндзлі замест аўтаматаў». У 2017 годзе «Белсат» быў адзначаны адмысловай узнагародай за агульную дзейнасць. Падчас урачыстага закрыцця мерапрыемства былі адмыслова зачытаныя пажаданні прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з нагоды 10-годдзя тэлеканалу. Летась журы ацаніла ў Торуні справаздачу калегі «Белсата» Максіма Шведа «Нешта кшталт татуіроўкі», у катэгорыі «Тэлевізійны рэпартаж».

Арганізатарамі фестывалю мастацтваў, які ладзіцца 26-28 верасня, сталі горад Торунь і Торунская культурная агенцыя. Галоўным партнёрам сёлетняга выпуску Fact Art Festival з’яўляецца Куяўска-Паморскае ваяводства. Партнёрамі таксама зʼяўляюцца Нацыянальная школа кіно, тэлебачання і тэатра Леона Шылера ў Лодзі, Студыя дакументальнага і мастацкага фільма і TVP Sport, TVP Historia, TVP Быдгашч і «Белсат». Спонсарам фестывалю зʼяўляецца Science Now.

ЯБ belsat.eu

Стужка навінаў