Дачка экс-прэзідэнта Узбекістану Карымава хоча адмовіцца ад $ 686 млн наўзамен свабоды


Старэйшая дачка памерлага экс-прэзідэнта Узбекістану Гульнара Карымава, якая цяпер адбывае турэмны тэрмін, 25 лютага звярнулася да цяперашняга кіраўніка краіна Шаўката Мірзіяева з просьбай вызваліць яе ў абмен на ейныя актывы.

Ліст Карымавай апублікаваны ў Instagram яе дачкі Іман, якая жыве ў Лондане. Старонку вядзе група адвакатаў.

У лісце Карымава скардзіцца на пераезды з адной турмы ў іншую, а таксама на шматлікія парушэнні Канстытуцыі і Крымінальнага кодэксу падчас следства. Яна сцвярджае, што канфіскаваная маёмасць ейная сям’і коштам 1,2 млрд долараў не была залічаная ў якасці кампенсацыі «нанесенай матэрыяльнай шкоды».

«Дзеля захавання сямʼі і здароўя» яна гатовая адмовіцца ад любых прэтэнзій на грашовыя сродкі (у тым ліку замарожаныя ў Швейцарыі актывы) пры ўмове прыняцця «спрошчанай працэдуры закрыцця справы», то бок без публічнага суда і з перадачай на карысць дзяржавы 686 млн долараў ЗША, піша Карымава. Гэтыя сродкі яна прапануе накіраваць на гуманітарныя праекты – медыцыну, адукацыю і інш.

8 студзеня ў Вярхоўным судзе Узбекістану над Гульнарай Карымавай пачаўся новы працэс, ён праходзіць у закрытым рэжыме. Фота Shamil Zhumatov / Reuters / Forum

47-гадовая Карымава таксама скардзіцца на пагаршэнне стану здароўя і сцвярджае, што патрабуе шэрагу аперацыяў.

Гульнара Карымава была абвінавачаная Генеральнай пракуратурай Узбекістану ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў, звязаных з крадзяжом бюджэтных сродкаў, вымагальніцтвам і легалізацыяй злачынных актываў за мяжой. Паводле прысуду таемнага суду яна адбывае пакаранне ў жаночай калоніі ў Зангіацінскім раёне Ташкенцкай вобласці.

Hавiны
Дачка экс-кіраўніка Узбекістану папрасіла прабачэння ў народу краіны і вярнула больш за мільярд долараў
2019.06.24 16:35

Па сцвярджэнні самой Карымавай і яе блізкіх, да сённяшняга дня яе судзілі па меншай меры пяць разоў. Адвакаты не ведаюць, колькі дакладна спраў супраць яе распачата.

Паводле дадзеных следства, Карымава атрымала каля $ 1 млрд хабараў ад тэлекамунікацыйных і іншых кампаніяў (МТС, «Вымпелком», ING, Telia Sonera) у абмен на гарантаваную выдачу ліцэнзіяў на мабільную сувязь ва Узбекістане.

КА belsat.eu

Стужка навінаў