Дачка гарадзенскага падпалкоўніка, якую затрымалі з какаінам у Непале: Мы проста хацелі падпрацаваць


21-гадовая Аліна, якую разам са знаёмцам-аднагодкам затрымалі 21 снежня ў Міжнародным аэрапорце Катхманду, распавяла пра ўмовы ўтрымання ў пастарунку і тое, як аказалася ў Непале з шасцю кілаграмамі какаіну на дваіх.
Пра затрыманне беларускіх грамадзянаў стала вядома толькі 25 снежня. Непальскае Бюро кантролю наркотыкаў паведаміла, што беларусы правозілі какаін, схаваны ў зімовых куртках. Выявілі яго ў часе дагляду багажу рэнтгенам. Паводле прэс-рэлізу, маладзёны прыляцелі з Турцыі і ў той жа дзень мелі сесці ў самалёт у Гон-Конг.
Фота ncb.nepalpolice.gov.np
Фота ncb.nepalpolice.gov.np
Фота ncb.nepalpolice.gov.np
У консульстве Беларусі ў Катхманду belsat.eu пацвердзілі затрыманне беларусаў, аднак сказалі, што пакуль не сустракаліся з маладзёнамі.
«Іх затрымала Бюро кантролю наркотыкаў. Яны не ў турме, але пад арыштам. Справа вельмі сур’ёзная і далікатная. Пакуль больш інфармацыі ў нас няма, усё ў прэс-рэлізе ведамства. Калі будзе інфармацыя, мы паведамім».
Hавiны
Беларус спрабаваў увезці ў Кітай 1,8 кг какаіну
2019.09.11 16:49

Хацелі хутка падпрацаваць

Belsat.eu удалося звязацца з затрыманаю беларускаю. Нарадзінку Горадні і ейнага сябра Паўла арыштавалі, але непальская паліцыя не забрала ў іх тэлефонаў. Аліна пацвердзіла, што іх затрымалі ў лётнішчы, курткі перадалі невядомыя балівійцы.
Усё пачалося з таго, што знаёмы дзяўчыны калісьці гэткім жа спосабам «падпрацоўваў» і атрымаў за перавоз тысячу долараў. Аліна папрасіла даць магчымасць падпрацаваць і ёй.
Знаёмы ўзяў кантакты і сказаў, што з ёю звяжуцца. Праз некаторы час з Алінаю сапраўды звязаліся невядомыя. Пра ўсё гэта распавяла нам дзяўчына, аўдыёзапісы ёсць у рэдакцыі.
Непал
Фота ncb.nepalpolice.gov.np
Аліне і Паўлу запрапанавалі за тую ж працу дзве тысячы долараў. Да таго ж ім набылі квіткі і далі па € 250 на гатэль ды выдаткі. Камунікацыя адбывалася ў мэсэнджарах «Telegram» і «WhatsApp». Дзяўчына ніколі не бачыла гэтых людзей.
«Мы звязваліся толькі праз гэтыя камунікатары. Адзін нумар пачынаўся на + 7, другі – на + 4», – распавядае гарадзенка.
Маладзёны атрымалі заданне перавезці курткі. Аліна сцвярджае: яна не ўсведамляла, што перавозіць какаін.
«Першапачаткова мы не ўяўлялі, што ў куртках. Нам сказалі, што яны прасякнутыя медычным прэпаратам. Мы заўважылі, што ў іх было нешта цвёрдае зашытае. Я напісала ў «Telegram», спытала, што гэта. Яны сказалі, што «ўсё нармальна, проста акуратна складзіце курткі».
Правезці наркотыкі далей не ўдалося. Какаін выявілі падчас правярання рэнтгенам.
наркотыкі
Фота ncb.nepalpolice.gov.np

Ложкаў няма, гарачай вады няма, затое тэлефон не забралі

Суд даў паліцыі сем дзён на разбор акалічнасцяў. У месцы ўтрымання беларусаў няма ложкаў і гарачай вады. Кормяць іх неймаверна вострай ежаю, дадае беларуска.
Адваката ў маладзёнаў няма. Дзяўчына кажа, што адвакат, па вялікім рахунку, патрэбен для таго, каб пільнаваць, ці не парушаюцца іхныя правы. Але, паводле яе, іхныя правы не парушаюцца, ставяцца да іх нармальна, то і абарона ім пакуль не патрэбная.
«Паслугі адваката вельмі дарагія. Звярнуцца да яго каштуе 4 тысячы еўраў, да таго 13 % падатковы збор, а далей за кожны выклік – 800 еўраў. Найбольш нам патрэбны консул», – кажа Аліна.
Консул мае пабачыць беларусаў у панядзелак. Таксама 30 снежня ў Катхманду прыедзе бацька Аліны.
Фота: setopati.com

Затрыманая – дачка міліцыянера?

Belsat.eu праз сацыяльныя сеткі стала вядома, што Аліна – дачка першага намесніка начальніка АУС і кіраўніка крымінальнай міліцыі адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні.
Аляксей Алдошын мае шмат узнагародаў, у тым ліку медаль «За бездакорную службу» III ступені, якую атрымаў пасля асабістага ўказу Лукашэнкі.
Аляксей Алдошын з дачкой. Фота: сацсеткі
Аляксей Алдошын. Фота glenad-grodno.gov.by
Аляксей Алдошын
Начальнік АУС адміністрацыі Ленінскага раёну Алег Карпушкін сказаў, што не будзе каментаваць belsat.eu гэтай справы.
«Аляксей Алдошын працуе. Не трэба верыць усяму, што пішуць у інтэрнэце», – заявіў ён.
Беларусам можа пагражаць рэальны тэрмін у непальскай турме.
  • Паводле звестак арганізацыі «Global Drug Survey», сярэдні ў Еўрапейскім Звязе цана за 1 грам какаіну вагаецца ў межах 75–100 еўраў. У Азіі, куды кіраваліся беларусы,у некаторых краінах гэты наркотык даражэйшы. Рынкавы кошт за 1 кг какаіну ў Гон-Конгу – $ 30–50 тыс, а ў Японіі можа дасягаць $ 260 тыс.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў