Да журналіста «Белсату» у Менску прыйшлі сілавікі ў цывільным


Да спартовага аглядальніка «Белсату» Аляксандра Пуцілы 18 чэрвеня прыйшлі сілавікі. Пасля агляду кватэры яны забралі тэлефон і ноўтбук журналіста.

Пра гэта паведаміў ягоны сын Сцяпан Святлоў, папулярны блогер «NEXTA».

Паводле яго, бацьку сёння выклікалі ў міліцыю ў Жодзіна, каб «узяць тлумачэнні». Гэта можа быць звязана з пастом Пуцілы ў фэйсбуку, дзе той выказаў абурэнне, бо яго не прапусцілі на матч «Тарпеда» – «Дынама Берасце».

Фота: Belsat.eu

З Жодзіна Пуцілу павезлі ў Менск для «агляду» ягонай кватэры.

Нам удалося звязацца з Пуцілам па хатнім тэлефоне. Ён сказаў, што цяпер «людзі ў цывільным праводзяць праверку па хаце». Якая структура гэта робіць – ён не ўдакладняе. Паводле журналіста, яму забараняюць размаўляць.

Фота: Belsat.eu

Прыкладна а 23:00 следчыя пакінулі кватэру журналіста. Яны забралі ноўтбук і мабільны тэлефон Пуцілы. Падчас ператрусу следчыя вывучалі ноўтбук журналіста. Іх цікавіла: ці сапраўды з гэтага ноўтбука быў надрукаваны пост у Facebook. Аляксандр Пуціла сказаў, што нядаўна заліў яго кампотам і таму ён у непрацоўным стане.

КА belsat.eu

Стужка навінаў