Да валанцёркі каманды Ціханоўскай прыходзіла міліцыя з аглядам памяшкання


Сілавікі прыйшлі да Бажэны Жолудзь у Рэчыцы, каб правесці агляд памяшкання, дзе яна жыве. Актывістцы сказалі, што яна праходзіць як сведка па адміністратыўнай справе, аднак артыкул не паведамілі.

Двое міліцыянтаў прыйшлі да Бажэны на працу, яе папрасілі прайсці з імі. Яе прывезлі дадому, каб правесці агляд памяшкання.

«Але я не гаспадар жылля, проста жыву тут, таму не магу даць згоды на агляд. Гаспадар – мой бацька, ён ужо выехаў сюды з іншага гораду, ён у дарозе», – сказала яна belsat.eu

Цяпер з ёй застаўся адзін міліцыянт – участковы ўпраўлення ўнутраных спраў Рэчыцкага райвыканкаму Уладзімір Борсук. Яны чакаюць прыезду ўласніка памяшкання.

«Прычына, як мне сказалі, тое, што ў горадзе былі выяўленыя лістоўкі з надпісам 97%. Кажуць, я праходжу як сведка па адміністратыўнай справе, але артыкул не называюць», – дадала яна.

Бліжэй да 22-й гадзіны Бажэна паведаміла, што агляд скончаны. Міліцыянты прайшліся па доме, па гаражы і сараі, але нічога не забралі. Артыкул ёй так і не паведамілі.

Тым часам ейная сяброўка (імя пакуль просіць не называць) была затрыманыя працаўнікамі крымінальнага вышуку ў Рэчыцы і правяла ў пастарунку 5 гадзінаў. Пазней яе выпусцілі. Паводле Бажэна, ціск можа быць звязаны з тымі ж лістоўкамі, якія распаўсюджваюцца ў горадзе.

Бажэна Жолудзь раней збірала подпісы за вылучэнне кандыдаткай у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

КА belsat.eu

Стужка навінаў