Аляксандр Крушаў – малады настаўнік матэматыкі і інфарматыкі з аграгарадка Добрае, што на Магілёўшчыне. Разам з Наталляй, настаўніцай малодшых класаў і заадно сваячкай, Аляксандр запісаў відэазварот, у якім асудзіў брутальныя дзеянні сілавікоў і ўладаў, а таксама выказаў падтрымку беларускаму народу і спадзеў, што неўзабаве ўсё зменіцца да лепшага. «Белсат» пагутарыў з Аляксандрам Крушавым пра школу, падзеі 2020 году ў Беларусі ды наступствы відэазварота.
Аляксандр распавядае, што відэазвароты ці не сямейная традыцыя Крушавых.
– Незадоўга да нашага відэазвароту майго дзядзьку затрымалі таксама за відэазварот з Горацкіх ачышчальных збудаванняў. Калега, якая запісвала разам са мной відэаролік – гэта яго жонка і мая цётка. Таму на самой справе было страшнавата, – кажа Аляксандр Крушаў.
Настаўнікі не выключалі, што за імі таксама могуць прыехаць, але і маўчаць не маглі. Сваім зваротам яны хацелі падтрымаць мірных пратэстоўцаў, якія адстойваюць свае канстытуцыйныя правы:
– І, канешне, студэнтаў хацелася падтрымаць асобна. Сам я студэнтам быў яшчэ зусім нядаўна. Працую толькі другі год пасля сканчэння ўніверсітэту. Мае сябры, знаёмыя, якія яшчэ не скончылі ўніверсітэт,– яны таксама выходзяць. Шмат хто з іх ужо тэлефанаваў, падтрымліваў, цікавіўся як у нас складваецца абстаноўка, – кажа Аляксандр.
Аграгарадок, у якім жывуць і працуюць настаўнікі, называецца Добрая. Шмат хто з прыезджых адзначае, што назва гэтыя характарызуе і мясцовых жыхароў:
– Усе адно аднаго ведаюць, ходзяць у госці. Шмат аднавяскоўцаў нас падтрымлівае. На самой справе ёсць тыя, хто супраць дзеючай улады даўно, бо недавер людзей – гэта не справа двух месяцаў. Дык вось ёсць тыя, хто перажывае за нас. Едуць па дарозе, бачаць, што ў наш бок паехала машына міліцыі – адразу тэлефануюць, каб папярэдзіць. Падтрымка ёсць, яна вельмі моцна адчуваецца, – распавядае Аляксандр.
Аляксандр Крушаў працуе цяпер у школе, якую калісьці скончыў.
У яго – мае мэтавае размеркаванне, і, у выпадку звальнення, давядзецца кампенсаваць вялікую суму:
– У мяне ідзе трэці год стажу ў гэтай школе: свой працоўны шлях распачаў яшчэ калі навучаўся на чацвёртым курсе. Я ўсё гэта асэнсоўваю і да таго, што могуць пакараць ці звольніць, як мог падрыхтаваўся, найперш маральна.
Пакуль што, па словах Аляксандра, адміністрацыя школы ніяк не адрэагавала на дзеянні настаўнікаў. Але маладыя людзі лічаць, што гэтае пытанне будзе вырашана даволі хутка.
– Верагодней за ўсё нас пакараюць. Бо 26 кастрычніка мы з калегай далучыліся да Агульнанацыянальнай забастоўкі. Потым нас папрасілі напісаць за гэта тлумачальныя.
Адміністрацыі нашае рашэнне выйсці на забастоўку дужа не спадабалася. А дабіў іх наш выхад з прафсаюзу, бо раней 100 адсоткаў работнікаў школы былі ў прафсаюзе, а калі мы выйшлі – сапсавалася статыстыка, – тлумачыць Аляксандр.
У педагагічным калектыве ёсць тыя, хто падтрымлівае і падзяляе пазіцыю Аляксандра і Наталлі. Некаторыя робяць гэта прыхавана па сваіх паважлівых прычынах.
– З боку ж адміністрацыі стаўленне да нас – гэта неразуменне і нязгода. Напэўна пры сучаснай уладзе такое ў парадку рэчаў, – рэзюмуе Аляксандр.
Ганна Вашчанка, Belsst.eu