Да сямʼі Ігнатовічаў незаконна прыйшлі апісваць надзел зямлі і прымянілі сілу


Сёння раніцай участковы інспектар разам з прадстаўнікамі забудоўшчыка «Тапас» і арганізацыі «Белгіпразём» прыйшлі апісваць зямельны надзел, па якому яшчэ няма рашэння суду. Участковы прымяніў сілу і пагражаў крымінальнай адказнасцю за супраціў міліцыі 64-гадовай Галіне Ігнатовіч.

«Яны прыйшлі, калі ўласніка надзелу не было дома, там былі мае бацькі, якія спрабавалі не пусціць іх на тэрыторыю», распавядае Канстанцін Ігнатовіч, сын Галіны Ігнатовіч, жанчыны, якая залезла на будаўнічы кран на знак пратэсту. Яе сям’ю незадавальняе форма кампенсацыі ў выніку зносу іх дома ў пасёлку Лябяжы.

Побач з домам знаходзіцца зямельны надзел у 20 сотак, які пры размеркаванні кампенсацыі не ўлічваўся, бо на яго не было адпаведнай пастановы суда. Няма яе і цяпер, суды па гэтай справе яшчэ працягваюцца.

«Яны прыйшлі незаконна, ніякага парадку не выконвалі, хоць знаходзіліся на нашай зямлі. Яны хадзілі, праводзілі абмер зялёных насаджэнняў і агароджы. Вымяралі рост і абʼем ствалоў дрэваў», кажа Канстанцін Ігнатовіч.

Ігнатовічы выклікалі міліцыю, але ніхто не прыехаў.

Больш таго, супрацоўнік міліцыі выкарыстаў сілу супраць спадарыні Ігнатовіч Галіны, маці Канстанціна Ігнатовіча. Яна спрабавала перашкодзіць візіцёрам патрапіць на ўчастак, а ўчастковы трымаў яе за рукі і пагражаў крымінальнай адказнасцю за супраціў дзеянням міліцыі.

«Зараз яна выклікае хуткую, бо ў яе засталіся сінякі, а таксама падняўся ціск. Ведаеце ж, чалавеку 64 гады, а тут такое адбываецца», распавяла Святлана Ігнатовіч, жонка Канстанціна.

Ігнатовічы збіраюцца пісаць скаргу на ўчастковага, а таксама заяву ў пракуратуру ў сувязі з незаконным пранікненнем на іх тэрыторыю.

Па тэме: 

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў