Да канца года ў Беларусі выпусцяць у два разы больш «чарніла», чымся планавалі


Да канца года беларусы вып’юць «напояў вінных асаблівых» на 112,5 % болей, тэкілы – на 27,5 % меней.

Савет Міністраў пастановаю ад 12 кастрычніка скарэктаваў квоты на сёлетнюю вытворчасць алкагольнай прадукцыі для ўнутранага спажывання.

Згодна з папраўкамі, павялічаныя квоты на вытворчасць спірту-сырцу этылавага з харчовай сыравіны на 15 % (цяпер – 1 265 тыс. дэкалітраў), спірту этылавага рэктыфікаванага з харчовай сыравіны – на 6 % (да 7 935 тыс. дал), фруктова-ягадных вінаў – на 47,3 % (да 1 326 тыс. дал), каньякоў – на 8,1% (да 440 тыс. дал); брэндзі – на 66,3 % (да 76,5 тыс. дал), віскі – на 27,3 % (да 70 тыс. дал).

На 31,3 % павялічаныя квоты на вытворчасць кальвадосу (да 21 тыс. дал), на 23,3 % – напояў спіртных моцных (да 37 тыс. дал), на 112,5 % – напояў вінных асаблівых (да 170 тыс. дал)

Адначасова зніжаны квоты на вытворчасць рому (на 25 % – да 9 тыс. дал) і тэкілы (на 27,5 % – да 14,5 тыс. дал).

Ёсць попыт на рынку

Саўмін уводзіць новыя пазіцыі алкагольнай прадукцыі – «напоі мядовыя дужыя» і «мядовы дыстылят». Кожную з пазіцыяў выпусцяць у аб’ёме па 1 тыс. дал.

«Карэкцыя квот праведзена з улікам іх асваення за 6 месяцаў 2017 г., чаканай вытворчасці да канца бягучага года, дынамікі яе паставак на экспарт, а таксама ўдакладненнямі разліковай патрэбы ўнутранага рынку, прадстаўленай міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю», – цытуе каментар Саўміну «Інтэрфакс».

ДД

Стужка навінаў