Да адміністратара суполкі ва «УКантакце» прыйшлі «шукаць наркотыкі». Далі вялізны штраф за… рэпост


Ігар Кляшчук, 4 студзеня 2018 года, Ірына Арахоўская / Белсат

Ігар Кляшчук з’яўляецца адміністратарам суполкі «Дармаедаў і сацыяльных утрыманцаў» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте». У канцы снежня ў яго кватэру прыйшлі з вобшукам быццам шукаць наркотыкі. А праз тыдзень асудзілі за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

Нагодай для прысуду стала публікацыя ў сацыяльнай сетцы аб правядзенні акцыі «Ланцуг памяці», анансаванай Міколам Статкевічам 29 кастрычніка.

За гэтую публікацыю Ігару Кляшчуку далі штраф у 690 беларускіх рублёў

Суполка «Дармаедаў і сацыяльных утрыманцаў» паўстала яшчэ ў 2015 годзе і існавала пад іншым іменем – «Выбары-дурыбары». Пасля ўвядзення дэкрэту №3 Ігар Кляшчук, фрылансер-аніматар, атрымаў «ліст шчасця» ад падатковай.

«І я вырашыў, што трэба змяніць назву суполкі і дапамагаць людзям, якія апынуліся ў той жа сітуацыі, што і я. Парадамі, інфармацыяй, перапостамі навінаў з незалежных сайтаў», – распавядае Ігар Кляшчук.

Ігар Кляшчук, у «Групе дармаедаў і сацыяльных утрыманцаў» публікуе навіны ад незалежных рэсурсаў, блогераў, а таксама перапосты пра вулічныя акцыі пратэстаў. Фота: 4 студзеня 2018 года, Ірына Арахоўская / Белсат

Зараз у суполцы больш за 6300 удзельнікаў. Публікацыі могуць набіраць да 2 тысячаў праглядаў.

20 снежня ў дзверы кватэры Ігара Кляшчука пагрукалі. Прадстаўнік мясцовага аддзелу міліцыі паведаміў, што ў яго ёсць звесткі аб прыналежнасці Ігара да распаўсюду наркатычных рэчываў праз сеціва і неабходна правесці агляд кватэры. Ігар не быў супраць.

«Яны пачалі капацца ў маіх рэчах. І быў такі момант, калі яны знайшлі сцяг і плакат, з якім я хадзіў на акцыю 25 сакавіка. На ім было напісана «перамаглі фашызм – пераможам лукашызм». Той, хто праводзіў вобшук, запытаўся ў астатніх «ну што, бярэм?». Тады я сказаў ім: «Цяпер мне зразумела, навошта вы прыйшлі». І ён адразу ўсё хуценька схаваў, пачаў апраўдвацца», – распавядае Ігар.

Ігар Кляшчук быў не супраць, калі да яго прыйшлі з аглядам быццам шукаць наркотыкі. Ён ведае, што гэтая праблема існуе ў Беларусі і быў спакойны, ведаючы, што ў яго нічога няма. Фота: 4 студзеня 2018 года, Ірына Арахоўская / Белсат

Міліцыянты забралі падчас вобшуку флэшкі, камп’ютар і ноўтбук. А праз некалькі дзён, 27 снежня, Ігару патэлефанавалі і запрасілі прыйсці для тлумачэнняў. Мужчына адмовіўся ісці без адваката і без позвы. Тады па яго прыехалі наўпрост з РАУСу.

«Сказалі, што яны даследавалі мой камп’ютар і знайшлі, што я з’яўляюся адміністратарам суполкі ў «Вконтакте. І раптоўна ўсё гэта пераўтварылася ў іншую справу», – кажа Ігар.

Суд прызначылі хуценька, на наступны дзень, з самага ранку. Сведкам выступаў той самы аператыўнік, што праводзіў вобшук. Вырак – 690 рублёў штрафу за перапост.

Ігар Кляшчук, адміністратар «Групы дармаедаў і сацыяльных утрыманцаў» у Укантакце, 4 студзеня 2018 года, Ірына Арахоўская / Белсат

«Яны зрабілі ўсё гэта перад Новым годам, бо хацелі, каб інфармацыя не набыла розгаласу. Яны хацелі націснуць на мяне, але каб пра гэта ніхто не прачытаў. Бо Новы год, шмат іншых тэмаў, людзі такім не цікавяцца, думаюць пра іншае», – разважае Ігар.

Тое, што пошук наркотыкаў у кватэры Ігара Кляшчука быў прыдуманай падставай, каб распачаць пераслед, пацвярджае праваабаронца Наста Лойка.

«На маю думку, відавочна, што да яго прыходзілі не шукаць наркотыкі. Па той прычыне хаця б, што да яго прыйшоў проста мясцовы супрацоўнік міліцыі, а звычайна па справах аб наркотыках прыходзіць хтосьці з вышэйшых органаў, хаця б следчы. Гэта ўжо сведчыць аб тым, што была разнарадка прыйсці і забраць чалавека. Павесілі гэта на мясцовы аддзел міліцыі, яны прыдумалі прычыну і прыйшлі», – кажа Наста Лойка.

Рашэнне суду Ігар Кляшчук разам з адвакатам будуць абскарджваць. Праваабаронцам вядомыя і іншыя выпадкі пераследу адміністратараў буйных суполак у сацыяльных сетках, якія публікуюць заклікі да акцыяў або інфармацыю супраць уладаў. Але выпадак Ігара называюць адметным і трывожным, бо ён можа пераўтварыцца ў новы від рэпрэсіяў супраць актывістаў.

Ігар Кляшчук паказвае журналістам публікацыі з суполкі ў сацыяльнай сетцы. 4 студзеня 2018 года, Ірына Арахоўская / Белсат

«Тут гэта выглядала неадэкватна і празмерна. Тое, што праводзілі ў яго агляд, рабілі аналіз на наркотыкі… А потым у апошні дзень знайшлі да чаго прычапіцца – да рэпосту запрашэння на акцыю. Для мяне гэта нейкая новая жорсткая рэпрэсіўная тэндэнцыя, калі спрабуюць аб’ядноўваць розныя віды рэпрэсіяў», – кажа Наста Лойка.

Відавочна, што доступ да суполкі цяпер спрабуюць блакаваць

Суполку ў «Вконтакте» цяпер немагчыма знайсці проста ў пошуку, толькі праз асабістае запрашэнне. А таксама пры першым праглядзе старонкі з’яўляецца перасцярога аб тым, што змест прызначаны толькі для асобаў узросту 18+. Такое здараецца, калі нехта з карыстальнікаў скардзіцца на суполку або публікацыю. Магчыма, гэта маглі зрабіць самыя міліцыянты, бо суполка знікла з пошуку менавіта пасля таго, як у Ігара забралі камп’ютар.

Паведамленні ад сацыяльнай сеткі пачалі прыходзіць Ігару на мабільны пасля таго, як у яго забралі камп’ютар. Код доступу дасылаюць звычайна, калі карыстальнік націскае кнопку, што ён забыўся пароль. Або яшчэ калі была спроба зламаць акаунт.

«Такім чынам яны стараюцца бароцца з незалежнымі рэсурсамі, бо я публікую там тэксты незалежных блогераў. Сам я рэдка раблю пасты. Бяру публікацыі з розных рэсурсаў і адаптую іх пад сацсетку», – кажа Ігар.

Суполка аформленая ў стылістыцы Асвенцыма. Такім чынам, па словах адміністратара, жыццё ў Беларусі параўноўваецца з жыццём у канцлагеры. “У нас усіх хочуць прычасаць адным грэбнем, і мастакоў, і пісьменнікаў, – усе дармаеды”.

Тэхніку Ігару Кляшчуку пакуль не аддалі. Ігар стварае анімацыю і графіку і калі б не дапамога сяброў, яму не было б як зарабляць грошы на жыццё.

«Я разумею, што калі супраць мяне пачнуцца нейкія сур’езныя рэпрэсіі, то мне прасцей за ўсё будзе ўзяць і з’ехаць. Рукі ёсць, галава ёсць, камп’ютар я сабе збяру ў любой кропцы свету і буду працаваць далей. Але калі ўсіх нязгодных яны будуць так выціскаць, то яшчэ большая бяда будзе – для нашай эканомікі».

Ігар Кляшчук, адміністратар «Групы дармаедаў і сацыяльных утрыманцаў» у Укантакце,

4 студзеня 2018 года, Ірына Арахоўская / Белсат

Вераніка Уладзімірава, фота Ірына Арахоўская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары