«Да 10:00 усё было спакойна». Што адбываецца ў менскай аптэцы пасля навіны пра каронавірус


Аптэка ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Калі чуюць, што масак няма – разварочваюцца і сыходзяць, кажа «Белсату» правізарка адной з менскіх аптэк.

«Прыкладна да дзясятай раніцы было ўсё спакойна. Як толькі дзесьці з’явілася навіна з парадамі ўжываць септацыд і апранаць маскі, людзі пачалі прыходзіць адзін за другім. Пыталіся, ці ёсць маскі і нешта для дэзынфекцыі. Скупілі нават самыя танныя антыбактэрыяльныя гелі для рук і сурвэткі. Таксама вельмі актыўна скупаюць супрацьвірусныя прэпараты «Рымандацін» і расейскі «Арбідол». Не ведаю, навошта», – кажа Аліна, якая працуе ў адной з менскіх аптэк.

Ніхто не можа сказаць, калі маскі з’явяцца ў продажы. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Паводле правізаркі, многія пытаюць пра рэспіратары FFP2 – з большай ступені абароны.

«Калі людзі ў чарзе чуюць, што масак няма, палова людзей разварочваецца і сыходзіць. Я была вымушаная павесіць паперку, што масак няма – і прадубляваць па-ангельску, па-арабску і па-кітайску», – працягвае яна.

Абноўлена
БНТУ пераводзяць на індывідуальнае навучанне. У студэнта гэтай ВНУ выявілі каронавірус. ВІДЭА
2020.02.28 08:59

Па словах Аліны, маскі зніклі з продажу даўно – як толькі іх пачалі скупаць кітайцы і іншыя замежнікі.

«Калі яны з’явяцца – не ведаю. На нашых складах нічога няма. У апошні месяц як толькі прыходзіла, напрыклад, 80 штук, іх нехта адразу браніруе онлайн і выкупае ўсё адразу. Абмежаванняў па набыцці масак няма: хто паспеў – той і з’еў», – кажа Аліна.

Раніцай 28 лютага Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра першы выпадак захворвання коронавірусам на тэрыторыі Беларусі. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Аптэка, дзе працуе нашая суразмоўца, 28 лютага працягвае працаваць у звычайным рэжыме. Нейкага адмысловага інструктажу па працы ў сувязі з каронавірусам аптэка не ладзіла.

«Я праяўляю асабістую ініцыятыву і чытаю медычныя сродкі інфармацыі. Раю людзям не панікаваць, лепш мыць рукі, карыстацца сродкамі для прамывання носа і не прымаць прэпараты з недаказанай эфектыўнасцю – напрыклад, супрацьвірусныя прэпараты і імунамадулятары. А маску насіць раю ў выпадку, калі вы ўжо захварэлі самі. У якасці прафілактыкі рэкамендую піць гарбату, вітамін C і цынк», – дадае нашая суразмоўца.

Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»
  • Сусветная арганізацыя здароўя падае, што звычайная медычная маска не абараняе ад каронавірусу, калі не спалучаць яе з іншымі захадамі перасцярогі – напрыклад, мыццём рук.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў