«Дʼябальская Клінтан»: каталіцкая царква ў Сан-Дыега пужае выбарнікаў дэмакратаў пеклам


Каталіцкая Царква беззаганнага зачацця ў Сан-Дыега разаслала вернікам улётку на ангельскай ды іспанскай мовах, у якой гаварылася, што той, хто прагаласуе за Дэмакратычную партыю, будзе гарэць у пекле. Пра гэта паведамляе The San Diego Union Tribune.

У інфармацыйны ліст за 16 кастрычніка служкі далучылі памятку пра заканадаўчую палітыку дэмакратаў – падтрыманне абортаў, аднаполых шлюбаў, эўтаназіі, кланавання людзей і даследавання ствалавых клетак эмбрыёнаў. Паводле касцёлу, палітыкі, якія падтрымліваюць гэтыя ініцыятывы ды іх паслядоўнікі будуць падвержаны «вечным пакутам».

«Галасаваць за дэмакратаў – маральны грэх. Адразу пасля смерці душы тых, хто памёр у маральным граху, адправяцца ў пекла», – гаварылася ў памятцы.

30 кастрычніка, піша выданне, прыхаджане атрымалі новае паведамленне: «Сатана дзее праз былую дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан».

У доказ ліст прыводзіў выцягнутую з кантэксту цытату ейнага выступу 2015 года. З яе вынікала, што Клінтан пад ціскам дʼябла заклікала вернікаў змяніць рэлігійныя перакананні і падтрымаць аборты.

На самой справе, у сваёй прамове Клінтан казала пра ліквідацыю культурных барʼераў, якія перашкаджаюць дзяўчатам наведваць пачатковую школу, а жанчынам атрымліваць вышэйшую адукацыю праз немагчымасць зрабіць аборт.

Дагэтуль невядома, хто канкрэтна спрычыніўся да стварэння «дʼябальскага ліста», які моцна раскрытыкавалі юрысты.

Закон ЗША забараняе некамерцыйным арганізацыям, у тым ліку цэрквам, якія не плацяць федэральных, рэгіянальных і мясцовых падаткаў, падтрымліваць альбо супрацьстаяць палітычным кампаніям ды кандыдатам.

2 лістапада прэс-сакратар Грэка-каталіцкая дыяцэзіі Сан-Дыега Кевін Экеры сказаў, што заявы ў бюлетэні недарэчныя і не адлюстроўваюць каталіцкага вучэння.

Усеагульныя выбары прэзідэнта ЗША пройдуць 8 лістапада. Цяпер іх вынікі не бяруцца прадказваць нават аналітыкі. Паводле амерыканскіх экспертаў, абодва кандыдата маюць шанцы на перамогу.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў