Cям’я з Новай Баравой двойчы атрымала пратаколы за сцягі ў кватэры – муж адседзеў содні, жонка чакае суда


Летась беларусы даведаліся шмат цікавага пра законы сваёй краіны. Атрымаць содні можна, ужо не выходзячы з дому. Дастаткова павесіць на вакне бел-чырвона-белы сцяг. Але гісторыя сям’і з Новай Баравой не ўпісваецца нават у гэты абсурдны шэраг: за два сцягі ў кватэры спачатку пратакол выпісалі жонцы, а праз месяц за іх жа содні атрымаў муж.

Жаночы пратэст
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Папрасілі праехаць на гутарку – і затрымалі да суда

Надзеі ды ейнаму мужу Валеру па 36 гадоў. У іх двое дзяцей, старэйшаму – тры гады. Надзея – у дэкрэтным адпачынку, Валер працуе ў IT-сферы. У іхнай кватэры віселі два сцягі: адзін з унутранага боку пакою, другі – знутры гаўбца.

«Яшчэ ў снежні на мяне прыйшоў пратакол за гэтыя сцягі, – распавядае Надзея. – Атрымала яго ў паштовую скрыню. Чакала суда, каб патлумачыць, што гэта не пікет».

Пасля святаў па Новай Баравой пачалі хадзіць міліцыянты. Яны грукаліся ў кватэры, дзе віселі сцягі. Надзея і Валер сваіх штандараў не знялі. 15 студзеня а 23:00 пачалі грукацца ў дзверы. Гаспадар выйшаў адчыніць. На парозе стаялі дзве асобы, якія паказалі пасведчанні працаўнікоў крымінальнага вышуку.

Міліцыянты паказалі здымак аднаго сцяга і за прапанавалі добраахвотна зняць яго, а пасля праехаць на гутарку ва УУС Менскага райвыканкаму. Гаспадары пагадзіліся. З неспадзяванымі гасцямі паехаў Валер.

«Калі муж прыехаў, яго папрасілі напісаць тлумачэнне, што ён вешаў сцяг, – згадвае Надзея. – Ён адказаў, што не вешаў. Іх гэта раззлавала: «Ну, калі не вешалі, то мы вас затрымаем на 72 гадзіны». Так яго і затрымалі да суда. На наступны дзень мне патэлефанаваў міліцыянт: «У вас вісіць яшчэ адзін сцяг». Я патлумачыла, што паводле гэтай справы ў мяне муж ва УУС. Хутка мне пазванілі зноў і далі слухаўку Валеру. Ён сказаў: «Надзея, знімі ўсе сцягі».

Пры гэтым мужчына звяртаў увагу, што за тыя ж сцягі атрымала пратакол ягоная жонка, але міліцыянты адказалі, што гэта асобныя справы.

Cям’я з Новай Баравой двойчы атрымала пратаколы за сцягі – муж адседзеў содні, жонка чакае суда
Сцягі, за якія на сям’ю склалі два пратаколы. Фота з асабістага архіву герояў

Выходныя Валер правёў у ІЧУ Менскага раёну на вуліцы Скарыны. У панядзелак 18 студзеня адбыўся суд. Мужчына заявіў, што сцягоў не вешаў. Гэта пацвердзіла і жонка. Адвакат прасіў адправіць справу на дапрацоўванне, бо доказная база заснаваная толькі на меркаваннях міліцыянта. Але сведчанняў Надзеі не ўлічылі: яна, маўляў, зацікаўленая асоба.

Прысудзілі 10 содняў. Таксама суд пастанавіў знішчыць сцягі.

«Самае страшнае, што ты сапраўды разумееш: калі цябе захочуць асудзіць, гэта зробяць, нягледзячы на адваката і тваё веданне законаў. Што б ты ні казаў, гэта не мае значэння. Я выступіла сведкам, быў наш адвакат. Але, мяркую, без абаронцы ды маіх сведчанняў усё было б гэтак жа», – лічыць Надзея.

У ІЧУ сядзеў побач з Дашкевічам

Свае содні Валер адбываў у ІЧУ Менскага раёну на вуліцы Скарыны. У параўнанні з Акрэсціна ўмовы называе больш чалавечымі. Першапачаткова мужчына сядзеў у «прахадной» камеры на 8 чалавек, куды звычайна закідваюць да судоў. Пераважалі людзі нападпітку і бяздомныя. Акрамя Валера, там быў толькі адзін «палітычны». Ужо пасля ён трапіў у камеру на 4 месцы, дзе ўсе іншыя арыштанты былі паводле 23.34.

Гарачай вады не было, а ў душ ён і сам не прасіўся, бо пасля бесхацінцаў баяўся падчапіць хваробу. На шпацыры арыштантаў выводзілі, аднак спачатку ад іх нават адмаўляліся, бо ўдарылі моцныя маразы. Перадачы прымаюць у панядзелкі і пятніцы. Даведаўшыся пра вырак мужа, Надзея хуценька сабрала першую, аднак не паспела ў належны час. Давялося чакаць да пятніцы.

На Скарыны ў адзін дзень з Валерам апынуўся і Зміцер Дашкевіч. Былому лідару «Маладога фронту» далі 15 содняў за Курапацкую варту, ягоны тэрмін мае скончыцца 30 студзеня. Арыштанты не сустракаліся, сядзелі ў суседніх камерах.

«Тлумачыла, што тата хутка прыйдзе»

Тым часам Надзея на 10 дзён засталася адна з дваімі дзецьмі. Было складана, але дала рады. Надзеі дапамагла маці-пенсіянерка, якая дзеля гэтага прыехала з іншага гораду. Не засталіся ўбаку і суседзі.

«Кожны прапаноўваў сваю дапамогу: схадзіць у краму, пашпацыраваць з дзецьмі. Як толькі даведаліся, што мужу далі содні, мне накупілі прадуктаў на цэлы тыдзень».

Старэйшаму дзіцяці – тры гады. Хлопчык часта пытаў, куды знік ягоны бацька.

«Тлумачыла, што тата хутка прыйдзе. Прасіла троху пачакаць. За пару дзён да вызвалення пачалі рыхтаваць падарункі. Ён яшчэ малы, гэтых падзеяў не разумее. Таму проста казала, што бацька хутка вернецца, і гэта яго на пэўны час задавальняла».

Гэтак Надзея з сынам сустрэлі Валера. Фота з асабістага архіву герояў

«Калі б вы не адчынілі дзвярэй, мы б выламалі іх»

Пасля ўсіх выпрабаванняў настрой у сям’і пазітыўны. Але неразуменне падзеяў засталося.

«Мы ж не такія злачынцы, каб браць і выцягваць мужа з сям’і на 10 дзён. Не зусім ясна, судзяць паводле законаў ці паводле нейкіх паняццяў. Законаў у нашай краіне няма. Была яшчэ нейкая надзея. Вядома, мы не першыя, каго судзяць паводле гэтага артыкулу. Але калі гэта датычыць менавіта цябе, разумееш: закону сапраўды няма», – разводзіць рукамі Надзея.

Новай Баравая пра спакойнае жыццё пакуль толькі марыць. Надзея запэўнівае: страху няма, бо ведаюць, што дапамогуць суседзі, як гэта было ў іхным выпадку. Аднак рызыку ўсе ўсведамляюць.

Cям’я з Новай Баравой двойчы атрымала пратаколы за сцягі – муж адседзеў содні, жонка чакае суда
Торт для Валера ад суседзяў. Фота з асабістага архіву герояў

«Ты выходзіш на вуліцу – і баішся міліцыі. Разумееш, што яна не на варце закону і не будзе абараняць тваіх правоў. Гэта троху бянтэжыць, але не скажу, што мы баімся выходзіць на вуліцу. Аднак разумееш, што да цябе могуць прычапіцца, каб «высветліць асобу», праверыць тэлефон. І пасля не будзе каму паскардзіцца. Нам казалі: «Калі б вы не адчынілі дзвярэй, мы б выклікалі двух сведчаннікаў і выламалі іх». І гэта дзеля двух сцягоў. Знайшлі злачынцаў».

Пакуль жа сужэнства падало скаргу на рашэнне суда Менскага раёну ў абласны. Калі яе разгледзяць, пакуль невядома. Незразумелы лёс і першага пратаколу. Позву ў суд Надзея дасюль не атрымала. Адправіць на содні маці няпоўнагадовых дзяцей паводле закону не могуць, але ж «часам бывае не да законаў».

Янка Падняпроўскі, belsat.eu

Стужка навінаў