Эксперымент на мяжы: мытнікі стануць памежнікамі


Цягам усяго лета ў пункце пропуску «Казловічы» мытнікі будуць выконваць некаторыя функцыі памежнікаў.

З 1 чэрвеня да 1 верасня ў аўтамабільным пункце пропуску «Казловічы» правядуць эксперымент: некаторыя службовыя функцыі памежнікаў выканаюць органы мытнай службы.

«Эксперымент будзе ладзіцца ў межах аптымізацыі задач, ускладзеных на мытнікаў і памежнікаў, ды паскарэння таваразвароту праз беларускі ўчастак мытнай мяжы Еўразійскага эканамічнага звязу», – заяўляе Беларускі памежны камітэт.

«Інтэрфакс» піша, што мытнікам даручаць праверку дакументаў фізічных асоб, праверкі выканання замежнікамі правілаў знаходжання ў Беларусі ды правілаў транзітнага праезду праз Беларусь, санітарна-каранцінны кантроль фізічных асобаў, а таксама кантроль за наяўнасцю ў кіроўцаў страхоўкі.

Дзеля эксперыменту 66 супрацоўнікаў Берасцейскай мытні прайшлі навучанне ў цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў памежнага кантролю ў Інстытуце памежнай службы.

Памежны камітэт заяўляе, што ў свеце функцыі мытнікаў і памежнікаў сумяшчаюцца. Дзеля правядзення эксперыменту беларусы вывучылі досвед Фінляндыі.


Эксперыменты ў памежных пунктах пропуску ладзяцца стала: нядаўна на трох памежных пераходах адмянілі кантрольныя квіткі. Кіроўцы, што праходзяць мяжу, атрымоўваюць талон, на якім пазначаны нумар аўта і колькасць пасажыраў – на выездзе з мяжы яго трэба вярнуць памежніку – так кантралююць, каб мяжу пакінула столькі ж людзей, колькі ўехала пэўным аўтам. Дык вось, у красавіку у пунктах пропуску «Берасце», «Катлоўка» і «Новая Рудня» такіх паперак не было, а кантроль ажыццяўляўся аўтаматычна.

ДД

Стужка навінаў