Ці беларускія ўлады ўзбройвалі ісламістаў? Каментар ваеннага эксперта


Савет бяспекі ААН дазволіў Беларусі прадаць зброю ўраду Лівіі, а ў выніку яна дасталася незаконным узброеным фармаванням. Як такое магло адбыцца, «Белсат» пацікавіўся ў ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна.

Беларусь у 2013-2014 гадах пастаўляла боепрыпасы лівійскім узброеным групоўкам – пра гэта вядзецца ў дакладзе экспертаў Савету бяспекі ААН, да якога першым дабраліся журналісты агенцтва Reuters. Адзін з эпізодаў такі: у 2013 годзе ведамства дазволіла афіцыйнаму Менску накіраваць 3 тысячы тон боепрыпасаў, каб падтрымаць лівійскі ўрад. Першая партыя грузу паступіла ў лютым 2014-га. Аўтары дакументу цвердзяць, аднак, што ў выніку зброя трапіла ў рукі ісламістаў. Прычым, частку яе перанакіравалі новым адрасатам проста ў сталічным аэрапорце, а частку адправілі наўпрост узброеным групоўкам. Усяго з Беларусі прыбыло больш за 15 рэйсаў. Расследаванне яшчэ не закончанае.

Ваенны эксперт Аляксандр Алесін лічыць, што беларускі ўрад не рызыкнуў бы перанакіраваць пастаўкі, санкцыянаваныя Саветам бяспекі ААН, у рукі ісламістаў. Гэта была зброя савецкіх часоў, таму камерцыйная выгада ад такога кроку неапраўдана малая. Што датычыць наўпроставых паставак ісламістам, Аляксандр Алесін упэўнены, што ЗША высачылі б іх, дзякуючы касмічным сродкам разведкі. І ўлічваючы, што пастаўкі адбываліся ў перыяд крызісу ў адносінах паміж Беларуссю і Захадам, санкцыі былі б непазбежныя. Паводле эксперта, боепрыпасы маглі трапіць у рукі груповак з дапамогаю карумпаваных чыноўнікаў у лівійскім урадзе.

Узброены канфлікт паміж ісламісцкімі групоўкамі ды ўрадам пачаўся ў Лівіі ў траўні 2014-га. Пасля паразы на парламенцкіх выбарах радыкальныя ісламісты захапілі аэрапорт Трыпалі і ўсталявалі кантроль над самой сталіцай, дзе аднавілі Усеагульны нацыянальны кангрэс, абвесціўшы яго законнаю ўладай замест Палаты дэпутатаў. Апошняя была вымушана пераехаць са сталіцы ў горад Табрук. У краіне ўсталявалася двоеўладдзе.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў