«Чыж павінен не менш за мільярд долараў»


Эксперты працягваюць разважаць, што стала рэальнай прычынай затрымання бізнесоўца Юрыя Чыжа.

Уплывовы бізнесоўца Юрый Чыж, якога называлі кашальком кіраўніка краіны, затрыманы праваахоўнымі органамі. Не дапамаглі ні супольнае з Лукашэнкам збіранне бульбы і кавуноў, ні так любімая кіраўніком краіны касьба травы

«Чыж зʼяўляецца банкрутам, паводле маіх ацэнак, ён павінен не менш за мільярд долараў і гэтых грошай няма, каб аддаць, – кажа дэпутат Вярхоўнага Савету XII склікання Сяргей Скрабец.

У 2013 годзе выданне «Штодзённік» у сваім рэйтынгу двухсот самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі, аддала Чыжу і ягонай кампаніі «Трайпл» першае месца. Цыклапічны жылы дом на Нямізе, спрэчны гатэль за цыркам – у будаўніцтве Чыжу дазвалялася шмат чаго. Займаўся «Трайпл» і нафтаю, рэтэйлам, сельскай гаспадаркай, фармацэўтыкай і транспартам. Але ўжо летась кампанія паказала першыя страты, а на пачатку гэтага года значна скараціла штат, рэарганізавала вытворчасць, прадала частку сваіх структураў. Эканамічны крызіс у Расеі ды Беларусі, несумнеўна, адбіўся на фінансавым стане Чыжа – менавіта крызіс, паводле версіі нашых суразмоўцаў, мог стаць і прычынаю затрымання.

«Казна пустая, а ў нас, як вядома, закон такі, што як адкупішся і заплаціш у 3 разы больш, то цябе выпусцяць. Гэта, можа быць, таксама сігнал усім таўстасумам: вы кіньце думаць, як вывесці капіталы ў афшоры, калі што будзем трэсці вас, як грушкі», – каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Як мы даведаліся неафіцыйна, дзяліцца грашыма з дзяржаваю папрасілі не толькі Чыжа. Аналагічныя арышты з наступнай настойлівай просьбай аддаць частку заробленага на той ці іншай падставе, адбываюцца і з іншымі буйнымі кампаніямі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Справы праходзяць у ціхай абстаноўцы, у медыі інфармацыя не перадаецца. Ёсць інфармацыя і пра магчымыя будучыя арышты.

«Ідзе аператыўнае назіранне супраць трох высокапастаўленых жанчын, прозвішчы не магу вам сказаць, мы пакуль гэта правяраем, але будзе вельмі буйны арышт», – дзеліцца інфармацыяй праваабаронца Алег Волчак.

Пакуль жа падрабязнасці і прычыны затрымання Чыжа застаюцца невядомымі, прэс-сакратар КДБ ад каментара адмовіўся, паабяцаўшы падзяліцца інфармацыяй у панядзелак.

Стужка навінаў