Чытае «Нашу гісторыю», «Новы час». Як маецца швейцарка Наталля Хершэ, што сарвала з амапаўца балаклаву


Ураджэнка Беларусі, цяпер – грамадзянка Швейцарыі, Наталля Хершэ, асуджаная на 2,5 гады за тое, што сарвала балаклаву з амапаўца, з 19 да 25 студзеня трымала галадоўку. На гэты крок жанчына наважылася, бо з пачатку года да яе перастала даходзіць карэспандэнцыя. За першыя тры дні галадавання Наталля атрымала адразу 38 лістоў.

Пра галадоўку Наталлі, умовы ўтрымання і хуткі разгляд апеляцыі «Белсат» паразмаўляў з братам швейцаркі Генадзем Касьянам.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

Галадоўка як пратэст супраць парушэння правоў

Мужчына распавёў, што рашэнне сястры адмовіцца ад ежы стала для яго нечаканасцю і спачатку вельмі засмуціла.

У чацвер 21 студзеня спадар Касьян павёз для Наталлі ў следчы ізалятар традыцыйную перадачу, у якой было «шмат розных прадуктаў, а таксама дзесяць кілаграмаў фруктаў».

– Я спачатку доўга чакаў, пакуль прымуць перадачу, мне сказалі, што прыйдзе афіцэр, што ўжо мяне ўсхвалявала, думаў: што ж здарылася? – распавядае Генадзь. – Прыйшоў нейкі маёр і паказаў мне заяву Наталлі ад 19 студзеня, што яна адмаўляецца ад перадачаў і пасылак з прадуктамі. Я бачыў, што заява сапраўды напісаная ейнай рукой, стаяў ейны подпіс.

Паводле Генадзя, маёр яму нічога не патлумачыў, а на пытанне, што з Наталляй, адказаў, што ўсё добра. Брат зняволенай вельмі ўсхваляваўся, патэлефанаваў адвакатцы. Яна адразу прыехала да Наталлі, і праз яе Генадзь дазнаўся, што сястра з 19 студзеня абвесціла галадоўку на знак нязгоды з тым, што да яе не даходзіць карэспандэнцыя. Адначасова, зазначае Генадзь, і ад Наталлі ніхто не атрымліваў лістоў. Жанчына напісала афіцыйную заяву, у якой патлумачыла, што ейная галадоўка – пратэст супраць парушэння ейнага права на ліставанне.

Паводле спадара Касьяна, заява Наталлі падзейнічала адразу – ужо 19 студзеня ёй прынеслі 14 лістоў, 20 студзеня – яшчэ 12, і 21-га – двойчы прыносілі шэсць лістоў. Таксама Наталліна сяброўка атрымала два лісты ад яе.

Генадзь, брат Наталлі Хершэ. Суд Савецкага раёну разглядае крымінальную справу Наталлі Хершэ паводле арт. 363.2. Менск, Беларусь. 3 снежня 2020 года.
Фота: Белсат

Галадоўка можа быць адзіным крокам, каб выказаць пратэст за кратамі

Акрамя таго, жанчыну перавялі ў іншую камеру, з лепшымі ўмовамі. Хоць адначасова там шматлюдна – цяпер восем жанчын, а ўвогуле камера разлічаная на дзесяць асобаў. Наталля паведамляе, што ў яе вельмі добрыя сукамерніцы – швейцарка аказалася ў кампаніі з заснавальніцай «Прэс-клубу» Юліяй Слуцкай.

Гісторыі
«Я проста хачу да мамы на ручкі». Аповед дачкі затрыманай заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай
2021.01.26 07:58

Наталля Хершэ спыніла галадоўку ў панядзелак 25 студзеня. Генадзь ужо падрыхтаваў сястры перадачу, якую панясе ў сераду, 27 студзеня.

Спадар Касьян лічыць, што галадоўка сястры была ва ўмовах зняволення, можа, адзіным магчымым крокам, каб выказаць нязгоду, пратэст супраць парушэнняў правоў.

– Спачатку я вельмі хваляваўся за сястру, спужаўся за яе. Але потым пагадзіўся, што гэта быў слушны крок, – кажа Генадзь. – Адначасова мяне вельмі цешыць, што яна скончыла галадоўку. Паказаць сваю пазіцыю важна, але адначасова ўсё гэта не варта таго, каб знішчаць свой арганізм. Як медык, я разумею, да якіх наступстваў можа прывесці галадоўка.

Спадар Касьян таксама ўсцешаны, што галадоўку спыніў Ігар Лосік.

– Я вельмі разумею Ігара, але адначасова вельмі рады, што ён усё ж скончыў галадоўку. Не трэба нішчыць свайго здароўя, – кажа Генадзь. – Хоць гэта прыклад волі ды стойкасці чалавека, які згадзіўся аддаць сваё жыццё ў барацьбе з беззаконнем, гэта гераічны ўчынак.

Наталля Хершэ. Суд Савецкага раёну разглядае крымінальную справу паводле арт. 363.2 у дачыненні жанчыны, Менск, Беларусь. 3 снежня 2020 года.
Фота: Белсат

Кодэкс не прадугледжвае шматразовых сустрэчаў для асобаў пад вартаю

Генадзь распавядае, што Наталля не скардзіцца на ўмовы ўтрымання. Сяброўкі выпісалі ёй часопіс «Наша гісторыя», газету «Новы час» – так Наталля дае рады з інфармацыйным вакуумам. У той жа час Генадзь не можа перадаць кнігі для сястры – не прымаюць. Мужчына накіроўваў пытанне на адрас кіраўніцтва СІЗА-1 і атрымаў адказ, што асобы, якія застаюцца пад вартаю, маюць права карыстацца літаратурай толькі з мясцовай бібліятэкі, а таксама набытай адміністрацыяй СІЗА ў гандлёвай сетцы.

Не даюць дазвол Генадзю і на спатканне з сястрой. Мужчына на пачатку студзеня падаваў у суд Савецкага раёну г. Менску заяву на сустрэчу, але яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што адно спатканне ў снежні ўжо было, а КПК Беларусі не прадугледжвае шматразовых сустрэчаў з асобамі пад вартаю.

Адначасова Генадзь рады, што ў адвакаткі няма перашкодаў для камунікацыі з Наталляй.

Жанчыну рэгулярна – прыкладна кожныя два тыдні – наведвае пасол Швейцарыі, яму выдзяляюць гадзіну для сустрэчы з Наталляй.

16 лютага а 10-й гадзіне ў Менскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі Наталлі Хершэ на прысуд.

Наталля Хершэ (са сцягам) з братам і ягонымі дзецьмі. Фота з сямейнага архіву

Да 16 лютага Супольнасць беларусаў у Швейцарыі рыхтуе супольную заяву на імя старшыні Менскага гарадскога суда. Швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя «Libereco – партнёрства за правы чалавека» таксама рыхтуе заяву аб тым, што прысуд Наталлі парушае два артыкулы Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах: арт. 9 – адвольнае затрыманне, арт. 21 – права на мірныя сходы.

Наталля Хершэ – беларуска са швейцарскім грамадзянствам, была затрыманая ў Менску 19 верасня падчас «Бліскучага маршу» жанчын. Калі жанчыну цягнулі ў аўтазак, яна паспрабавала зняць з сілавіка балаклаву. З-за гэтага на Наталлю завялі крымінальную справу паводле арт. 363 КК РБ – супраціў супрацоўніку ўнутраных справаў з ужываннем гвалту. 7 снежня суд Савецкага раёну г. Менску пакараў швейцарку 2,5 гадамі зняволення ў калоніі. Цяпер Наталля Хершэ ў СІЗА-1 на Валадарцы ў Менску.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў