«Гэта вельмі нагадвае 1986 год, Прыпяць». Ці праўда, што з Асіповічаў вязуць хворых на COVID-19 у Бабруйск?


Карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з мясцовымі і высветлілі, што яны ведаюць пра каронавірус.

Райцэнтр паміж Менскам і Бабруйскам з насельніцтвам у 30 тысяч чалавек стаўся адною з кропак на мапе Магілёўскай вобласці, дзе зарэгістравалі COVID-19. Belsat.eu атрымаў паведамленне ад чытачоў пра тое, што людзі там моцна хварэюць.

Прывакзальныя чуткі

Натоўпы дачнікаў імгненна запаўняюць вагоны. Фота «Белсат»

Статыстыку колькасці захварэлых у Асіповічах знайсці немагчыма. Нічога ў навінах на старонцы Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Нічога на старонцы раённай лякарні. Райвыканкам і газета «Асіповіцкі край» даюць адно агульныя звесткі па Магілёўскай вобласці з акцэнтам на гатовасць да эпідэміі.

Крама ля вакзалу ў Асіповічах. Фота «Белсат»

Ля чыгуначнага вакзалу шмат мінакоў у масках. На плакатах – папярэджанне пра вірус і правілы бяспекі, у тым ліку – парада ўтрымліваць сацыяльную дыстанцыю. Апошняя знікае, як толькі прыходзіць электрычка. Дачнага сезону ніхто не адмяняў. Натоўпы дачнікаў імгненна запаўняюць вагоны. У адным з шапікаў прывакзальнага гандлёвага шэрагу прадпрымальніца гандлюе дробязямі ў дарогу. Пакупнікоў няма. Пытаемся ў жанчыны, што чуваць у горадзе?

«Нічога не ведаю. Сяджу тут, нікуды не хаджу. Пакупнікоў зусім няма. Цяпер людзі толькі прадукты і лекі купляюць. Не чула пра нейкія выпадкі захворвання. Нават на аўтобусе не езджу, пешкі да дому хаджу».

У жанчыны ахоўная маска, але давер да яе слабы: «Ай, ну што тыя маскі? Як яны абароняць? А вось тое, што іх няма нідзе ў аптэках, іншая справа. Бо іх жа мяняць трэба, увесь дзень не прасядзіш у адной».

На дзвярах суседняга шапіку з кветкамі і падарункамі папярэджанне аб утрыманні дыстанцыі ў 1-1,5 метры. Дзяўчына за прылаўкам адразу апранае стылёвую маску чорнага колеру. Там пакупнікоў таксама няма. Унутры яшчэ дзве таблічкі пра сацыяльную дыстанцыю. Пра каронавірус у горадзе прадавачка ведае мала.

«Нас не інфармуюць, колькі ў нас хворых. Сярод маіх знаёмых ніхто не хварэе. Я чула, што ў нас на Чарняхоўцы [мікрараён у Асіповічах. – Belsat.eu] былі два выпадкі. Але дакладна нічога не ведаю».

Крама ля вакзалу ў Асіповічах. Фота «Белсат»

Прадпрымальніца звярнула ўвагу на несумленнасць часткі пакупнікоў:

«Заходзяць сюды, кашляюць, масак не носяць. Я працую ў масцы, грошы бяру толькі ў пальчатках. Потым іх здымаю, апрацоўваю антысептыкам. Жанчына сёння стаяла тут без маскі і кашляла на мяне. Я пасля яе ўсе ручкі ў краме працірала».

Прадавачкі не хочуць фатаграфавацца, не называюць імёнаў.

Спусцелы мікрараён Чарняхоўка

Вуліцы Асіповічаў пад час эпідэміі каронавірусу. Фота «Белсат»

Карэспандэнты «Белсату» распыталі кіроўцу і адзіную пасажырку ў маршрутцы на Чарняхоўку. Пацвердзілі, што дактары ў спец касцюмах забралі маладую дзяўчыну, харэографа, з пацверджаным каронавірусам. Нават нумар дому назвалі. «Вельмі шмат чутак, а дакладнай інфармацыі мы не ведаем», – дадаў кіроўца.

На Чарняхоўцы пуста. У дварах – адзінкавыя мінакі. Магчыма, таму, што працоўны дзень. У пясочніцы – маладая мама з дзіцём, без масак. Кажа, што не чула пра выпадак у гэтым раёне. Сама яна асцерагаецца, але на вуліцу з сынам выходзіць, хоць шмат хто са знаёмых сядзяць дома і не паказваюцца вонкі.

Раённая больніца Асіповічах. Фота «Белсат»

Прадавачка з салону МТС у новым супермаркеце, Вольга, падзялілася інфармацыяй з Інтэрнэту:

«Дваіх хворых павезлі ў Бабруйск, гэта я прачытала ў інтэрнэце. Казалі, што ўчора мусілі лякарню закрыць на каранцін. Але ці праўда гэта? У маім атачэнні ніхто не хварэе. Мы цяпер вельмі скарацілі кантакты, сядзім дома, з сябрамі не сустракаемся. Адно на працу пакуль ходзім».

У Вольгі ёсць сям’я. Дзіця, якое навучаецца ў школе, пяройдзе на дыстанцыйнае навучанне. Адпаведны ліст маці атрымала са школы. Але больш за ўсё хвалюецца за сына, які навучаецца ў Гомельскім медуніверсітэце, ходзіць на лекцыі і наведвае лякарні.

«Сама часта карыстаюся антысептыкам, маскамі – не. Паўсюль пішуць, што іх увогуле лепш здаровым не насіць, тым больш, не напасешся гэтых масак. Бачу, што цяпер мода пайшла на маскі розных колераў. Ад людзей трымаюся здаля, не падыходжу да вітрыны, пакуль чалавек адтуль не пойдзе», – распавяла Вольга.

Менш ведаеш, менш нервуешся

Раённая больніца Асіповічах. Фота «Белсат»

З Чарняхоўкі накіроўваемся да цэнтральнай раённай лякарні. Там сустракаем паляўнічага Уладзіміра: «Хварэюць, а што і як – не ведаю, сярод маіх блізкіх ніхто не захварэў. Сам я, бачыце, нашу рэспіратар, але дыхаць у ім нязручна», – зазначыў мужчына.

Паляўнічы Уладзімір з Асіповічаў. Фота «Белсат»

Працаўніца маслазаводу Жанна, якая разам з сынам суправаджала ў шпіталь мужа, расказала, што іхны кіроўца цяпер у лякарні ў Бабруйску ў цяжкім стане, з пацверджаным каронавірусам.

«Зараз патэлефанавалі, сказалі, што ён пад апаратам ляжыць, – сказала жанчына. – А ў нас на прадпрыемстве нікога не пускаюць і не выпускаць без масак, мераюць тэмпературу супрацоўнікам. Шмат людзей сышлі на бальнічны, з чым – не ведаю, але ў звычайны час так шмат працаўнікоў адначасова не хварэюць, каб па 6 чалавек з цэху».

Каля лякарні стаіць невялічкая крама. Яе ўласнікі перакананыя, што журналісты толькі паніку раздзімаюць.

«Не хачу я нічога ведаць, – казала жанчына. – Бо ў мяне можа шок настаць ад тых лічбаў, пра якія я даведаюся. А яно мне трэба? Людзей у горадзе цяпер менш, у садках – па некалькі дзяцей. Маршруткі змяншаюць колькасць рэйсаў. А я не баюся. Працуем, бо закрыцца я не магу. А тое, што вы робіце – гэта нагнятанне абстаноўкі».

Дэзінфекцыя ў Асіповічах. Фота «Белсат»

Пакуль мы размаўлялі, да крамы падышла жанчына, узялася за ручку дзвярэй.

«Вы нешта хочаце купіць, ці проста паглядзець? – звярнуўся да яе наш суразмоўца. Жанчына разгубілася і маўчала. – Калі проста паглядзець, то ідзіце, не трэба заходзіць і вірусы мне тут разносіць».

Жанчына моўчкі адышла. Да размовы далучылася іншая.

«Я на лецішчы сяджу, там мне няма чаго баяцца. Цяпер прыехала да мужа ў лякарню. Ён не з пнеўманіяй, там горш… Пра каронавірус ведаць хачу, але нам нічога не кажуць. Адно нявестка распавяла, што забралі з ейнага дому сям’ю, потым пад’езд дэзынфікавалі. Так, на Чарняхоўцы», – пацвердзілі жанчына і назвала той нумар дому, пра які мы чулі раней.

«Усе разам мусім змагацца»

Асіповічы. Фота «Белсат»

На зваротным шляху сустрэлі жанчыну з дачкой. Дзяўчынка была ў масцы.

«Мы з вёскі. Вязу дачку ў шпіталь, бо горла баліць, кашаль, але тэмпературы няма, на шчасце. Не ведаю, ці хварэюць у нас. Ніхто ж не кажа. Я на ферме працую, масак нам не выдаюць», – распавяла Алена.

На мосце праз чыгунку два мужчыны ў робах чыгуначнікаў апрацоўвалі нечым парэнчы.

«Гэта вельмі нагадвае 1986 год, Прыпяць, так? – запытаўся адзін з іх, пабачыўшы, што іх здымаюць. – А ўвогуле, схадзіце, спытайце нашае начальства, чаму мы павінныя дэзынфекцыю рабіць, а не санстанцыя?»

Дэзінфекцыя ў Асіповічах. Фота «Белсат»

Гэтыя ж працаўнікі апрацоўвалі лавы на перонах. Начальнік вакзалу ўдакладніў, што рэчыва называецца дзіхлор.

«Дапамагаем, бо на ўсіх санстанцыі не хопіць, і калі бяда агульная, то ўсе разам мусім з ёй змагацца».

Працаўнікі на развітанне дадалі, што ім не выдаюць належных ахоўных сродкаў, таму хлор раздражняе вочы і скуру.

«Заўтра на працу, хіба, не прыйду, паеду ў шпіталь з атручваннем».

НА Belsat.eu

Стужка навінаў