Чысты прыбытак Мазырскага НПЗ за год скараціўся ў 38 разоў


Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод па выніках 2018 гады атрымаў чысты прыбытак у памеры 3,9 млн рублёў, гаворыцца ў апублікаванай прадпрыемствам фінансавай справаздачнасці.

У параўнанні з 2017 годам чысты прыбытак прадпрыемства зменшыўся ў 38, 5 разы. У пазамінулым годзе завод зарабіў больш за 150 млн рублёў.

Як сведчыць фінансавая справаздачнасць, выручка нафтаперапрацоўчага заводу ад рэалізацыі прадукцыі ў мінулым годзе вырасла на 40,2% да 8,09 рублёў. Адначасова з гэтым павялічыўся і сабекошт прадукцыі на 46,8% да 7,75 рублёў.

Летась канцэрн «Белнафтахім» неаднаразова паведамляў пра тое, што павелічэнне ўваходнай цаны на нафту (на фоне дзяржрэгулявання цэн на паліва на ўнутраным рынку) негатыўна адбіваецца на фінансавым становішчы нафтаперапрацоўчых заводаў. У сувязі з гэтым канцэрн ініцыяваў паэтапнае павышэнне коштаў на нафтапрадукты на ўнутраным рынку.

Намеснік гендырэктара Мазырскага НПЗ Алег Пратасаў на гэтым тыдні ў кулуарах міжнароднай канферэнцыі «Нафтагазавыя рынкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы» адмовіўся каментаваць журналістам фінансавыя вынікі дзейнасці прадпрыемства.

Падчас самой канферэнцыі ён паведаміў, што ў выніку бягучай мадэрнізацыі завод плануе павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты з цяперашніх 74-78% да 90%.

«Натуральна, мы разумеем, што кошт уваходнай нафты праз падатковы манеўр павялічыцца. Каб быць канкурэнтаздольнымі ў новых умовах, мы і праводзім мадэрнізацыю», – адзначыў Пратасаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў