Чыноўнікі забралі ў маці 3-месячнае дзіця, «пакуль ёй выразалі апендыцыт»


Алеся Фаміных і ейная маці Галіна ў прыёмнай праваабарончага цэнтру «Вясна» у Гомлі. Фота – gomelspring.org

34-гадовая жыхарка Лоева Алеся Фаміных тры месяцы таму нарадзіла сына. Яго завуць Максім. Хлопчык ніводнага дня не правёў у бацькоўскай хаце – ляжаў з маці ў шпіталі праз парок сэрца і нізкі гемаглабін. Пазней за ім прыйшлі чыноўнікі з Лоеўскага райвыканкаму і забралі ў гомельскі дзіцячы дом.

«Мне дазволілі яго абняць і пацалаваць. Сказалі, што мой муж выпівае, а ў маім доме няма ўмоваў, каб гадаваць сына. Я кажу: прычым тут мой муж? Я з ім нават не распісаная», – распавядае Алеся.

Паводле жанчыны, падставай адабраць дзіця стала няспраўная газавая пліта, брак вады ў прыватным доме, адсутнасць нарыхтаваных на зіму дроваў, непрыбраны падворак і сужыцель-алкаголік.

«Бацька Максіма сапраўды выпіваў, але цяпер уладкаваўся на працу. Мы ўжо зрабілі рамонт у хаце: паклеілі шпалеры, пафарбавалі падлогу, паставілі новую газавую пліту. У нас ёсць і ложачак, і вазок для Максіма. А грошай на правядзенне вады ў нас няма», – кажа маці Максіма.

Цяпер жанчына знаходзіцца на бальнічным – падчас побыту ў шпіталі з Максімам ёй зрабілі аперацыю па выдаленню апендыцыту.

«Максіма забралі адразу пасля аперацыі. Усё адбывалася на маіх вачах», – кажа Алеся.

Алеся Фаміных да дэкрэтнага адпачынку працавала прыбіральшчыцай у Лоеўскім райпо і зарабляла там Br 200. Бацька Максіма – алкаголік, стаіць на ўліку. Паводле Галіны, маці Алесі, ён зарабляе Br 250.

«У нас у Лоеве такія заробкі. Тут працы няма», – кажа бабуля Максіма.

Дэкрэтныя грошы Алеся ўжо не атрымлівае. Чыноўнікі надалі ёй статус «абавязанай асобы» – асобы абавязанай кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне дзяцей у выпадках, калі іх забралі на падставе рашэння камісіі ў справах няпоўнагадовых або рашэння суда без пазбаўлення бацькоўскіх правоў.

«Камісія ў справах няпоўнагадовых Лоеўскага райвыканкаму яшчэ ў ліпені пастанавіла, што Максім «знаходзіцца ў сацыяльна небяспечных умовах праз неналежнае выкананне бацькамі іхных абавязкаў», – цытуе пастанову бабуля Максіма. – «Гэта ўсё не адпавядае рэчаіснасці. Дзіцё ніводнага дня не спала ў іхнай хаце. Увесь час Алеся была з ім у шпіталі».

Паводле Галіны, чыноўнікі патрабуюць ад ейнай дачкі неадкладна знайсці працу, каб аплочваць расходы на ўтрыманне Максіма ў дзіцячым доме.

«У Андрэя [бацька Максіма. – Заўв. Belsat.eu] будуць забіраць на гэтыя расходы 70 % заробку. Тое самае будзе з Алесяй. Але цяпер у іх няма ні капейкі», – кажа жанчына.

Рэпартаж з Лоева пра Максіма і Алесю Фаміных глядзіце 17 жніўня ў выданні навінаў «Аб’ектыў».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў