Чыноўнікі ў Зэльве мяркуюць, што гарачая вада жыхарам патрэбная не заўсёды


У Зэльве, што на Гарадзеншчыне, праводзіцца своеасаблівы сацыяльны эксперымент. Мясцовыя чыноўнікі вырашылі, што жыхарам непатрэбная гарачая вада круглыя содні – досыць даваць у будныя дні некалькі гадзінаў зранку і ўвечары ды ў выхадныя.

Зэльва – прыгожы райцэнтр на захадзе краіны. Родныя мясціны Ларысы Геніюш. Касцёл, царква, чысціня – усе атрыбуты класічнага беларускага гораду. Яна Церахава – жыхарка Менску. Прыехала ў Зэльву да мамы ў госці. З дзіцём. Адсутнасць гарачай вады ў сучасным горадзе для жыхаркі сталіцы стала неспадзяванкаю.

«Пасля 10 гадзін вечара трэба ставіць чайнік. Грэць ваду. Гарачая зноў зʼяўляецца ў кране толькі а 5-й раніцы. Потым зноў знікае. Удзень немагчыма памыць посуд. А мыць посуд халоднай, самі ведаеце, як цяжка», – адзначыла жыхарка Менску Яна Церахава.

Адсутнасць цягам дня гарачай вады шакуе не толькі прыезджых. Як высветлілася, зэльвенцам таксама патрэбна гарачая вада – і ўдзень, і ўвечары.

«Давядзецца вечара чакаць… Вядома, гэта нязручнасць. Ува ўсіх вялікіх гарадах ёсць гарачая вада – калі хочаш, тады і памыўся. А тут, у Зэльве, праблема», – падкрэсліў мясцовы жыхар.

З цяжкасцямі сутыкаюцца ўсе жыхары Зэльвы – любога ўзросту. Але асабліва цяжка ператрываць старым людзям.

«Пенсіянерам удзень памыцца няма як. А тыя, хто прыходзіць з працы, чакаюць, пакуль не нагрэецца вада», – адзначыў мясцовы жыхар Томаш Канановіч.

«А як палічыш, што ў месяц трэба плаціць 36 рублёў камуналкі, а яшчэ і ў лазню ездзіць. То гэта нямала», – дадала мясцовая жыхарка.

Але зэльвенскія ўлады лічаць цяперашнюю сітуацыю нармальнай і, здаецца, не чуюць або не хочуць чуць галасоў мясцовых жыхароў.

«Згодна з усімі стандартамі такі графік задавальняе нас і ўсіх жыхароў. Улетку мы спрабавалі даваць гарачую ваду ўдзень, але не было разбору вады. Немэтазгодна даваць ваду кругласутачна. І прынята рашэнне выканкаму даваць ваду ранкам і вечарам, удзень людзі не маюць патрэбы ў гарачай вадзе – на працы ўсе. Пенсіянеры не ставяць ніякіх пытанняў», – заўважыла галоўны інжынер Зэльвенскага ЖКГ Ірына Галавач.

Гэткім чынам, большую частку содняў зэльвенцам давядзецца мыцца халоднаю вадой. Мабыць, і гэтаю халоднаю парою – увосень і блізкаю зімою – гарачай вады людзі не дачакаюцца.

Максім Кот, «Белсат»

Стужка навінаў