Чыноўнікі ў Беларусі зарабляюць амаль у два разы болей, чым медыкі і настаўнікі


Цяпер пры налічэнні заробкаў бюджэтнікам уведзены так званы базавы аклад. У залежнасці ад яго памеру і каэфіцыентаў, фармуюцца і заробкі чыноўнікаў. Праўда, гэта тэарэтычна, а на практыцы велічыня базавага акладу не агучваецца. Усе гэтыя звесткі зацвярджаюцца ўказам Лукашэнкі пад грыфам «для службовага карыстання». Гэта значыць поўнай інфармацыяй, якія заробкі ў чыноўнікаў, валодае асабіста кіраўнік дзяржавы і яшчэ некаторыя асобы.

Паводле інфармацыі banki24.by, апошні раз падвышэнне заробкаў чыноўнікаў было ў трэцім квартале 2017 года. Тады яны павялічыліся больш чым на 30 %. У лістападзе летась сярэдні заробак у сферы дзяржкіравання склаў 1 212 рублёў.

Такім чынам калі падлічыць, што летась у дзяржкіраванні працавала 66,6 тысячы чалавек, то каб вылічыць фонд аплаты працы, трэба памножыць сярэдні заробак на колькасць працаўнікоў і на колькасць месяцаў у годзе. Для дакладнасці варта ўлічыць выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны. Гэта павялічвае фонд аплаты на 34 %, якія па сутнасці перакладаюцца з рэспубліканскага бюджэту ў бюджэт ФСАН. Таму можна меркаваць, што за 11 месяцаў налічаны фонд аплаты працы ў дзяржкіраванні склаў 928,5 мільёнаў рублёў. За поўны год статыстыкі пакуль няма, але ўпэўнена можна казаць, што сума перавысіць 1 мільярд. Разам з унёскамі ў Фонд сацабароны гэта будзе каля 1,35-1,39 мільярдаў беларускіх рублёў.

Іншыя бюджэтнікі пахваліцца такім заробамі не могуць. Гэтак фонд аплаты за 11 месяцаў у лекараў складае 514,5 мільёнаў рублёў, у сярэдняга медперсаналу – 822,8 мільёнаў, сацыяльныя працаўнікі – 207,4 мільёнаў рублёў, настаўнікаў – 812,8 мільёнаў, прафесарска-выкладчыцкага складу – 224, 3 мільёнаў.

Некаторыя чыноўнікі маюць вельмі высокія заробкі. Гэтак, у лістападзе 2018 года заробак у амаль чатырох з паловаю тысячаў асобаў складаў ад 2 000-5 000 рублёў, у пяці тысячаў дзяжкіраўнікоў – 1 500-2 000 рублёў, у 20 тысячаў – 1 000-1 500 рублёў.

Таксама ў краіне сярод чыноўнікаў 15 асобаў, якія пражываюць у Менску, маюць афіцыйны заробак больш за 5 000 рублёў. Гэта, верагодна, кіраўнік краіны, кіраўнік ягонай адміністрацыі, прэм’ер-міністр, віцэ-прэмʼеры, спікеры палатаў парламенту і іх намеснікі.

Hавiны
Заробкі растуць, але ў меньшай часткі насельніцтва краіны
2019.01.15 19:06

СК, belsat.eu

Стужка навінаў