Шырока анансаванае ў раённай газеце свята «Масленка» ў Добрушы гэтак і не адбылося. Імаверна, што мясцовыя ўлады збаяліся збіраць людзей на плошчы, у час, калі па краіне прайшлася хваля пратэстаў супраць Дэкрэту №3.
Яшчэ напярэдадні ў суботу на плошчы стаяў адмыслова падрыхтаваны для гулянняў масленічны слуп, рыхтаваліся да свята, а ўжо ў нядзелю расчараваныя і раззлаваныя дарослыя і дзеці разгублена хадзілі па плошчы і не маглі зразумець што адбылося. Шмат хто прыехаў у Добруш з навакольных вёсак. Ні прабачэнняў, ні тлумачэнняў ад мясцовых уладаў жыхары Добрушу ды раёну гэтак і не дачакаліся.
Імаверная прычына адмены гулянняў – боязь магчымых масавых пратэстаў грамадзянаў (у гэты дзень адбыліся Маршы недармаедаў у Віцебску, Баранавічах, Бабруйску, Берасці).
Адмену свята шырока абмяркоўвалі жыхары ў суполцы «Добруш» у «Аднакласніках» (самыя вострыя выказванні на адрас улады былі выдалены мадэратарамі):
«Грошаў няма ў цёткі Вольгі» (аўт: Вольга Мохарава – старшыня райвыканкаму)
«Проста адмянілі свята, людзі з дзецьмі прыйшлі, ня ведалі пра гэта»
«Пабаялася наша цёця Воля мітынгу»
«Нашто было тады пісаць аб’яву, што 26 Масленіца?»
«Слуп стаяў, яле яго раніцою прыбралі, а людзі ішлі на плошчу з дзецьмі, не разумелі хто так пажартаваў»
«Краінай правіць долб….».
«Шаноўныя землякі, даравальная нядзеля была. Даруйце ім усім грэшным. Яны і самі не ведаюць, што ім рабіць. Ужо ўсё што маглі лепшае зрабіць – зрабілі. Час усім папрасіць ва ўсіх прабачэння. Ёсць каму бачыць і ёсць каму судзіць».
Ларыса Шчыракова, belsat.eu