Чыноўнікі настойліва папрасілі арганізатараў «Тыдня дызайну» дэмантаваць аб'ект знаных польскіх архітэктараў


З 1 па 10 траўня ў Менску адбываецца «Тыдзень дызайну». Але мерапрымства сапсавалі непаразуменні з «Менскай спадчынай».

Верхні горад.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Разынка тыдню дызайну – усталяванне ў Верхнім горадзе з дзясятак інсталяцый і арт-абʼектаў, над якімі працавалі адмыслоўцы з розных краін. Арганізатары запрашалі замежных архітэктараў і дызайнераў у Менск, дзе яны сумесна з беларусамі рыхтавалі свае праекты ў крэатыўнай прасторы ОК16.

Верхні горад.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Каманда польскіх архітэктараў з бюро «Menthol architects» прыехала ў Менск, каб зрабіць павільён Frame – двухпавярховую драўляную канструкцыю, якая па задумцы аўтараў будзе ўцягваць людзей у дыялог з навакольным асяроддзем. «Menthol architects» пазалетась увайшло ў дзясятку самых інавацыйных архітэктурных студый Польшчы паводле меркавання часопісу «Architektura-murator» у галіне «Інавацыі ў архітэктуры». Frame мусіў знаходзіцца на плошчы 8-га сакавіка.

Тыдзень дызайну ў Менску.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Аўтар напачатку мантажу зрушыў кропку знаходжання абʼекта недзе на 50 метраў. Мы не паспелі яго папярэдзіць і верагодна праехаў хтосьці з высокіх чыноўнікаў і адразу загадалі яго дэмантаваць. Справа ў тым, што калі б абʼект стаяў на першапачатковым узгодненым месцы, то яго было б не відаць з картэжу. «Спадчына» (КУП «Менская спадчына». – Belsat.eu) выключыла электрычнасць на астатніх павільёнах і сказалі, што яны яго не ўключаць, пакуль мы цалкам не дэмантуем павільён», – пракаментаваў сітуацыю адзін за арганізатараў «Тыдня дызайну» Андрэй Крохін.

Тыдзень дызайну ў Менску.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

З-за непаразуменняў з «Менскай спадчынай» сарвалася некалькі перформансаў мастакоў з замежжа на адкрыцці, якое адбывалася сёння, 4 траўня. Арганізатарам таксама намякнулі: калі яны самастойна за заўтра не дэмантуюць абʼект, то ім «дапамогуць». Паводле арганізатараў, магчыма, павільён зʼявіцца на вуліцы Кастрычніцкай.

«Такі вялікі бюджэт на тое, каб прывесці ўсіх гэтых замежных гасцей і тут такі маленькі касяк і ніхто нас нават не выслухаў», – абураецца Андрэй.

Верхні горад.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Што яшчэ цікавага ў Верхнім горадзе ў межах тыдню дызайну?

Sky is the limit. Інсталяцыя ў выглядзе некалькіх конусаў, з аўдыёсуправаджэннем унутры.

«Мы жывем у культуры спажывання, шмат рэкламы, банераў. Сваім абʼектам мы хочам вярнуць чалавека да самога сябе», – кажа адна з аўтарак праекту Анастасія Катлярская.

Памяшканне, у якім мантаваліся павельёны.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Projection. Калідор, дзе ўнутры мусяць транслявацца адмысловы відэашэраг, які падрыхтаваны аўтарамі – Альпернам Сахіна з Турцыі і Джэкам Уільімсам з Вялікай Брытаніі.

«Праект прызначаны паказаць сілу медыяў: кіно, тэлебачання. Людзі будуць праходзіць праз калідор, дзе будзе транслявацца відэа», – тлумачаць аўтары.

Верхні горад.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

In between. Мазаіка ад бразільскай фэшн-дызайнеркі Францы Каўч.

Верхні горад.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Гэта нешта паміж (between – з ангельскай мовы «паміж». – Belsat.eu) Менскам і Бразіліяй. Я спрабавала выкарыстоўваць жыццярадасныя колеры, якія мы маем у Бразіліі і беларускімі сімваламі – такімі, як зубр», – каментуе аўтарка праекту.

Наста Кахановіч belsat.eu

Стужка навінаў