Чыноўніка Міністэрства па надзвычайных справах асудзілі за хабарніцтва


Суд Менскага раёну вынес прысуд першаму намесніку начальніка Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем працы ў прамысловасці Міністэрства па надзвычайных справах за атрыманне хабараў і службовыя падробкі. Пра гэта паведамляе сайт Вярхоўнага суда.

Паводле суду, чыноўнік у перыяд са снежня 2010 года па ліпень 2017 году неаднаразова атрымліваў хабар у выглядзе грошаў і газавага абсталявання за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Акрамя таго, ён фальсіфікаваў пратаколы праверкі ведаў заканадаўства ў галіне прамысловай бяспекі, а насамрэч ніякіх праверак не праводзіў. У выніку чыноўнік быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці. З яго будзе спагнана больш за 12 409 беларускіх рублёў.

Таксама быў асуджаны дырэктар «БелПрамГазспецМантаж» за махлярства і дачу хабару. Суд лічыць, што дырэктар не толькі падбухторваў кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання да дачы хабараў чыноўніку, але і сам перадаваў гэтыя грошы. Яго суд прысудзіў да 3,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Нагадаем, у лістападзе 2017 года суд Заводскага раёну Менску вынес прысуд былому намесніку міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі Дзмітрыю Бегуну: чыноўніка прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і пакаралі 8 гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары