Чыноўнік-«разбойнік» параўнаў Зяленскага з Януковічам і заявіў, што будзе судзіцца з прэзідэнтам


Сакратар Барыспальскага гарсавету Яраслаў Гадунок будзе падаваць у суд на прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, каб абараніць свой гонар і годнасць. Пра гэта чыноўнік заявіў у відэазвароце ў Facebook.

«Заўтра (11.07.2019 – Заўвага Вelsat.eu) а 12.00 я планую прэс-канферэнцыю пад сценамі Службы бяспекі Украіны. Мяне назвалі чортам, разбойнікам і бандытам, і я пайду сам здавацца. Няхай правяраюць, дапытваюць, адбіткі здам. Аналізы, верагодна, здам. Што яму яшчэ трэба?» – заявіў Гадунок.

«Я – выбраны людзьмі, грамадой горада Барыспаля, дэпутат. Ніякі я не бандыт, ніякай судзімасці ў мяне няма. На сайце ЦВК выразна напісана – «не судзімы». Атрымаю даведку і буду спаганяць з прэзідэнта грошы, якія аддам у АТА, за абразу гонару і годнасці», – падкрэсліў Гадунок.

Ён не выключыў, што адмовіцца ад падачы пазову, калі прэзідэнт прынясе публічныя прабачэнні.

«Я галасаваў за яго, я магу і праглынуць. Толькі я думаю, што такога ніколі не будзе. Калі будуць прабачэнні – пытанняў няма», – заявіў сакратар гарсавету.

Гадунок лічыць, што менавіта прэзідэнцкая вертыкаль улады ў раёне датычная да крадзяжу грошай. Менавіта гэта ён, маўляў, спрабаваў паказаць Зяленскаму, але абвінавацілі яго самога.

Hавiны
«Ідзі гуляй! Разбойнік ты»: Зяленскі адчытаў чыноўніка ў стылі Лукашэнкі. Той назваў прэзідэнта «дэбілам»
2019.07.10 16:59

Сакратар Барыспальскага гарсавету сам галасаваў за цяперашняга прэзідэнта, аднак цяпер змяніў сваё меркаванне адносна яго.

«Людзі ўбачылі сёння зусім не такога чалавека, за якога мы галасавалі. Калі сёння ім кіруе атачэнне, нам трэба ўсім грамадствам збірацца і наводзіць парадак. Выбачайце, мы, напэўна, памыліліся ў сваім выбары, калі не будзе ніякіх зменаў. Гэта слабая пазіцыя, калі прэзідэнт дазваляе сабе кагосьці абражаць, простага чалавека. Я не чыноўнік. Ён павінен быў гэта сказаць свайму прадстаўніку, старшыні раённай дзяржаўнай адміністрацыі. У нас быў адзін прэзідэнт перад Парашэнкам, ён паводзіў сябе сапраўды гэтак жа. Але і ён не дазваляў сабе так у эфіры паводзіцца», – падкрэсліў ён.

Напярэдадні 10 ліпеня на пасяджэнні Барыспальскага кіраўнічага актыву прэзідэнт Украіны выгнаў сакратара Барыспальскага гарсавету з залы пасяджэнняў, абвінаваціўшы таго ў крымінальным мінулым.

Як высветлілі журналісты, Яраслаў Гадунок меў крымінальную справу ў сваёй біяграфіі, аднак гэтая судзімасць з’яўляецца пагашанай. Сам Гадунок, які на той час служыў у Беркуце, сцвярджае, што яго «падставіла» ягонае ж міліцэйскае кіраўніцтва.

ОК/ЛБ/АА, belsat.eu

Стужка навінаў