Чыноўнік распавёў сябрам, што даў міліцыянтам хабар. Распачатая справа за «паклёп»


Сельскі чыноўнік распавёў знаёмым, што з яго былі знятыя абвінавачванні па справе аб смяротным ДТЗ праз тое, што ён даў хабар начальніку крымінальнага вышуку Лагойскага РАУС. За гэты лагойскія сілавікі распачалі супраць чыноўніка адразу дзве крымінальныя справы.

Як паведамляе сайт УУС Менаблвыканкама, 3 студзеня ў Лагойскім раёне машына збіла жыхара вёскі Янушкавічы, які ад атрыманых траўмаў сканаў. Вінаваты ў ДТЗ знікнуў з месца здарэння.

Спачатку лагойская міліцыя западозрыла ў здзяйсненні смяротнага наезду жыхара вёскі Калачы, які на той момант займаў кіруючую пасаду ў мясцовым сельвыканкаме. Аднак неўзабаве сілавікі знайшлі сапраўднага вінаватага ДТЗ.

«Аднак той самы прадстаўнік мясцовай выканаўчай улады па незразумелых пакуль прычынах стаў распаўсюджваць інфармацыю сумнеўнага зместу, якая тычацца начальніка крымінальнага вышуку Лагойскага РАУС. У прыватнасці, мужчына сцвярджаў знаёмым, што з яго былі знятыя абвінавачванні па справе аб смяротным ДТЗ праз тое, што ён нібыта даў хабар начальніку крымінальнага вышуку. Чуткі пра службовае злачынства хутка дайшлі да прадстаўнікоў раённай улады і Лагойскага РАУС. Пра гэта даведаўся начальнік райаддзела, а таксама супрацоўнікі 8-га ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС. Падчас разбіральніцтваў па дадзеным факце была ўстаноўлена, што распаўсюджаная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці», – гаворыцца ў паведамленні міліцыі.

У выніку следчыя распачалі крымінальную справу па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса («Паклёп»), які прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Пазней у дачыненні да чыноўніка распачалі яшчэ і справу па арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») – як сцвярджаюць у міліцыі, падчас ператрусу ў яго знайшлі патроны да агнястрэльнай зброі. Гэты артыкул прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў