Чыноўнік распавёў, колькі атрымліваюць кіраўнікі. «Яны не павінны крыўдзіцца»


Старшыня Пастаўскага райвыканкаму Сяргей Чэпік заявіў, што некаторыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў у раёне атрымліваюць тры тысячы рублёў заробку, а спецыялісты аграпрамысловага комплексу маюць 1200-1500 «пры ўмове добрасумленнай працы».

Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю «Сельскай газеце», абмяркоўваючы Указ №253, які прадугледжвае фінансавае аздараўленне сельскагаспадарчых арганізацый (у тым ліку, праз працэдуру банкруцтва). Калі эканамічнае становішча санацыю правесці ўжо не дазваляе, прадпрыемства ліквідуюць. У Пастаўскім раёне пад такую ліквідацыю патрапілі чатыры з пятнаццаці гаспадарак.

Паводле словаў Чэпіка, калісьці ў раёне было 44 сельгаспрадпрыемствы, потым – 15, а да кастрычніка гэтага году іх застанецца ўсяго 11.

– Пры гэтым уся зямля апрацоўваецца, плошча ўгоддзяў ні на гектар не скарацілася. Паглядзіце, у нас няма закінутых палёў, якія засталіся незасеяныя толькі таму, што не хапіла сіл і рэсурсаў. Гэта я да таго, што сельская гаспадарка ідзе па шляху ўзбуйнення. Не мы прыдумалі – час дыктуе свае правілы.

Чэпік мяркуе, што з узбуйненнем гаспадарак не будзе недахопу кадраў, але цяпер такая праблема ёсць: за тры апошнія гады колькасць працаўнікоў у сельскай мясцовасці скарацілася больш чым на тысячу чалавек.

Пры гэтым старшыня райвыканкаму сцвярджае: некаторыя кіраўнікі гаспадарак зарабляюць да 3 тысяч рублёў, а звычайны спецыяліст – да 1500.

– Нашы кіраўнікі не павінны крыўдзіцца. У дырэктара аднаго прадпрыемства сярэдняя зарплата тры тысячы рублёў, у намесніка крыху больш. У іншай гаспадарцы – 2,5 тысячы рублёў у дырэктара. Можна працаваць? Можна. Было б з чаго плаціць. У іншых гаспадарках паменш кіраўнікі зарабляюць, тым не менш у нас няма ні аднаго, хто сёння атрымлівае менш за тысячу рублёў. Нават да некаторых узнікаюць пытанні: а зарабляюць яны самі пра гэта? – кажа Чэпік.

На ягоную думку, людзей нібыта менш за ўсё цікавіць матэрыяльны аспект.

– Усё залежыць ад гаспадаркі, паказнікаў і нагрузкі на спецыяліста. Але пры ўмове добрасумленнага працы можна зарабіць у сярэднім 1200-1500 рублёў. Натуральна, такія грошы проста так ніхто не стане плаціць. Але, на жаль, матэрыяльны бок многіх менш за ўсё цікавіць. Ім падавай два выходных, жорсткі працоўны графік з 8.00 да 17.00.

Паводле статыстычных дадзеных, якія прыводзіць myfin.by, сярэдні заробак па Віцебшчыне за чэрвень 2018 года склаў 816, 7 рублёў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў