Чыноўнік пакрыўдзіўся на відэаблогера, міліцыянты распачалі крымінальную справу


Міліцыянты распачалі правяранне па факту абразы чыноўніка паводле артыкулу 189 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь у дачыненні да менскага відэаблогера Паўла Спірына. Падставай для разбіральніцтва стаў відэасюжэт пра працу камісіяў «па дармаедам», які відэаблогер размясціў у сеціве.

«Яго сутнасць у тым, каб высмеяць працу гэтых камісіяў. Бо яны працуюць не на падставе закона, а на падставе антыканстытуцыйных дэкрэтаў і ўказаў», – распавёў Павел Спірын, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Відэаролік ужо набраў больш за 62 тысячаў праглядаў і больш за 500 каментароў. Аднак гэта відэа не спадабалася чыноўнікам.

Па словах Паўла, супрацоўнікі Менгарвыканкаму стварылі акаўнт ад імя намесніка кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Менску Сяргея Павачкі. На яго старонку размясцілі фота чыноўніка. А затым размясцілі свой каментар пад відэа ад гэтага акаўнту.

«Каментар не ўтрымліваў абразы. Аднак у далейшым гэтую гісторыю павярнулі па-іншаму. Чыноўнік заявіў, што ён не пакідаў гэты каментар. На думку Сяргея Павачкі, яго аўтарства належыць нібыта мне або іншай невядомай асобе», – расказвае відэаблогер.

Затым намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Менску Сяргей Павачка напісаў заяву ў РУУС Ленінскага раёну па факце яго абразы паводле арт. 189 Крымінальнага кодэксу. У заяве чыноўнік адзначыў, што ён пакутуе, страціў сон і апетыт. І ў далейшым ён не можа ажыццяўляць кіруючую дзейнасць, пакуль не знойдуць асобу, якая пакінула каментар.

Супрацоўнікі РУУС Ленінскага раёну сталіцы патэлефанавалі і запрасілі Паўла Спірына на размову ў межах правярання па пытанні крымінальнай справы паводле артыкулу 189 КК у якасці сведкі.

Павел паведаміў супрацоўнікам міліцыі, што ніякіх каментароў пад відэа, акрамя сваіх уласных, ён не пакідаў.

Аднак правяранне на гэтым не завершылася. Пракурор раёну санкцыянаваў агляд кватэры Паўла. У выніку агляду канфіскавалі жорсткі дыск хатняга кампутара.

«Мяркую, што дзеянні чыноўнікаў парушаюць мае канстытуцыйныя правы і з’яўляюцца замоўленымі за папярэднія ролікі. Ніякіх абразаў я не чыніў. Прававых падставаў у міліцыі праводзіць правяранне ў дачыненні да мяне няма», – адзначыў відэаблогер.

Hавiны
Жыхара Рагачова чакае суд за каментар у сацсетцы
2019.03.11 11:13

СК, belsat.eu

Стужка навінаў