Чыноўнік назваў знос крыжоў добраўпарадкаваннем. Ганна Канапацкая: Гэта мусіць быць апошні дзень ягонай працы


Знос курапацкіх крыжоў ёсць добраўпарадкаваннем. Пра гэта БелТА паведаміў дырэктар Бараўлянскага спецлясгасу Аляксандр Мірановіч. Паводле яго, у межах добраўпарадкавання «выдаляюцца незаконна ўсталяваныя збудаванні ў выглядзе крыжоў».

Чыноўнік адзначыў, што крыжы зносяць там, дзе ставіцца агароджу.

Разам з тым апазіцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая выязджала на месца зносу крыжоў, адзначыла ў каментары belsat.eu, што ў Курапатах Аляксандр Мірановіч адмаўляўся размаўляць з ёй і адказваць хоць на нейкія пытанні.

«У краіне, дзе б рэальна дзейнічаў парламент, гэта быў бы апошні дзень працы Мірановіча на займаемай пасадзе», – адзначыла суразмоўца.

Працы ў Курапатах.
Фота: «Белсат»

Канапацкая: чыноўнікі забываюць, хто іх працадаўца

Паводле яе, Аляксандр Мірановіч таксама не ведае беларускага заканадаўства. І сама працэдура зносу крыжоў не адпавядае дзейным патрабаванням.

«Чыноўнік такога рангу не ведае дзейнага заканадаўства і дазваляе сабе яго парушаць. Не толькі ў дачыненні да мяне, як дэпутата, але і ў дачыненні будаўнічых працаў», – заявіла Ганна Канапацкая.

На яе думку, Аляксандр Мірановіч таксама парушыў даручэнне прэзідэнта размаўляць з грамадзянамі і ўцягваць іх у грамадзянскую актыўнасць. Замест гэтага чыноўнікі закрываюцца ад людзей і не выходзяць на размову.

Hавiны
Ганна Шапуцька: Як НКВДысты кідалі людзей у самазвалы, гэтак жа цяпер у самазвалы кідаюць крыжы
2019.04.04 12:46

«Яны парушаюць закон, яны парушаюць даручэнне прэзідэнта. Апроч гэтага, яны ўвесь час забываюць пра тое, хто ім плаціць заробкі. Гэта з кішэняў грамадзян, падаткаплатнікаў, выплачваюцца заробкі чыноўнікам. Але яны забываюцца, што нясуць адказнасць перад сваім працадаўцам. Бо любога чыноўніка наймаюць грамадзяне, каб ён абараняў іх правы і законныя інтарэсы», – падкрэсліла дэпутатка.

Па фактах парушэння заканадаўства Ганна Канапацкая плануе пісаць звароты, у тым ліку ў Генеральную пракуратуру.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў