Чым «Советская Беларусь» «узброіла» Белы легіён: аналізуем «фотадоказы»


Галоўная дзяржаўная газета апублікавала так званае расследаванне па справе «Белага Легіёна» – і шэраг старых ды новых фота, якія быццам бы дэманструюць незаконнае ўзбраенне, што сканфіскавалі ў былых чальцоў патрыятычнай арганізацыі.

Пры гэтым, хутчэй за ўсё, адначасова мы бачым «узбраенне» бабруйскага ваенна-спартовага клубу «Патрыёт», які існаваў абсалютна легальна. Клуб дзейнічаў пад поўным кантролем мясцовага КДБ і МУС – прадстаўнікі якіх нават часта прысутнічалі на занятках.

У сувязі з апошнім і зʼяўляліся ў інтэрнэце ды ў прыватных калекцыях удзельнікаў фота са звычайнымі макетамі аўтаматаў – якія цяпер «СБ» выдае за сапраўдную зброю. Пагадзіцеся, дзіўна было б, каб чальцы сакрэтнай узброенай групоўкі рабілі ўласныя фота ў форме, без масак і з сапраўднаю зброяй.



Што мы бачым на першым фота на старонцы? Нехта дэманструе шаўрон «Белага Легіёну» на фоне кулямётнай стужкі. Здавалася б, вось ён, адназначны доказ! Аднак, нават калі лічыць, што стужку не падкінулі, кожны аматар страйкболу ведае, што набыць такую можна абсалютна легальна ў краме.

Заходзім у Google, набіраем «лента пулеметная макет» ці «лента пулеметная купить» – і тут жа знаходзім як мінімум дзясятак расейскіх, беларускіх ці ўкраінскіх крамаў, што прадаюць абсалютна такія ж кулямётныя стужкі з дэактывіраванымі патронамі.

На іншым сайце калекцыянераў і страйкбалістаў бачым нават стужку такой жа маркіроўкай куляў ЛПС – лёгкая куля са стальным сардэчнікам.

Такія масагабарытныя макеты (ММГ) патронаў і стужак рэгулярна выкарыстоўваюцца ў звычайных ваенна-спартыўных клубах для трэніровак ці ў клубах ваеннай гістарычнай рэканструкцыі для стварэння візуальна рэалістычнага вобразу жаўнераў.

На наступным фота падлеткі проста займаюцца рукапашным боем. Абсалютна ніякага крыміналу.

Пойдзем далей.

Тут на першым плане мы бачым хлопца з нямецкім карабінам Mauser 98k калібру 7,92 мм. З пункту гледжання падрыхтоўкі баевікоў – дзіўны выбар зброі. Гэткі калібр цяпер аніводная армія ці праваахоўная служба ў Еўропе не выкарыстоўвае. Дзе шукаць патроны пад такую вінтоўку?

Няўжо «Беламу Легіёну» прасцей набываць дарагія амаль антыкварныя патроны, чым узброіцца тым валам савецкай зброі пад стандартныя калібры, якая сотнямі тонаў ходзіць па руках па ўсім свеце?

Больш за тое, навошта «баевікам» рабіць фотаздымкі з баявой зброяй і дэманстраваць свае твары? Навошта дэманстраваць нелегальную баявую зброю пры дзецях, якія могуць усё распавесці і ў школе, і ўдома?

Адказ просты – як вінтоўка, гэтак і аўтамат АК-74 у хлопца, які прысеў побач – страйкбольныя ці масагабарытныя макеты.

А наяўнасць гэтых «ствалоў» у клубе – не таямніца, а ўсім вядомы факт, бо нічога нелегальнага ў гэтай «зброі» няма.



Наступнае фота зусім анекдатычнае. На ім мы бачым пакункі з патронамі «ИЖ-СПЛ» – сігнальнымі абсалютна небаявымі 4,5 мм патронамі да стартавага пісталета, на валоданне якімі не трэба ніякіх дазволаў. Побач ляжаць, напэўна для саліднасці, два халастыя патроны без куляў і адзін патрон з куляй – хіба што з той жа стужкі з дэзактывіраванымі патронамі.

Аднак усе кропкі над «і» ставіць грозны пісталет, які ляжыць побач – відавочная копія амерыканскага пісталета Colt 1911. Але мы не бачым побач з ім аніводнага баявога патрона да гэтай зброі. І ня дзіўна – бо вырабіла пісталет фірма Gletcher, назоў якой мы і бачым на ўпакоўцы ад пісталета.

Фірма Gletcher вырабляе не баявую, а пнеўматычную і страйбольную зброю, на якую зноў жа непатрэбныя ніякія дазволы. Вось толькі адна з крамаў, якая прадае такія пісталеты ў Беларусі.

Хуткасць вылету «кулі» з рулі такога пісталету – 100 метраў у секунду, што можа нашкодзіць здароўю толькі калі страляць дакладна ў вока. Калі гэта лічыць зброяй (што па законе не так), то з такім жа поспехам можна абвесціць зброяй лукі і стрэлы, якія мы самі рабілі ў дзяцінстве, гуляючы ў Робін Гуда.

Менавіта пад гэтым фота «СБ» гэтак жа бяздоказна піша, што «”Белый легион” фактически настраивался на свержение власти». Відаць, менавіта з дапамогай страйбольных вінтовак і пісталетаў, якія кожны можа набыць у краме, легіянеры збіраліся ісці на аўтаматы і кулямёты міліцыі, Унутраных войскаў, КДБ і Службы бяспекі прэзідэнта.



На наступным фота мы бачым боепрыпасы – грозныя шарыкі для страйбольнай і пнеўматычнай «зброі» ці паляўнічы дроб, кавалак, відаць, той жа самай кулямётнай стужкі, патроны для гладкарульнай зброі, якія таксама можна купіць легальна.

У прыватнасці, у скрынцы стаіць пачак патронаў Safari Professional на 10 штук. Менавіта такіх я ў продажы не знайшоў, аднак вось аналагічных – у вольным продажы на беларускім сайце, па 25 штук.

Далей ідзе фота цэлага арсеналу, які мы ўжо бачылі на дзяржаўным ТБ і ў мінулым месяцы ў той жа «СБ».



Нешта падобнае на АКСУ, магчыма, таксама макет ці страйкбольная цацка, знаёмы нам ужо макет ці страйкбольны варыянт АК-74. Помпавыя стрэльбы, якія прадаюцца ў любой паляўнічай краме, гладкаствольны карабін «Сайга 410», які выглядам нагадвае аўтамат Калашнікава, але зноў жа не зʼяўляецца баявой зброяй і вольна прадаецца.

Шчыра кажучы, складваецца такое ўражанне, што беларускія сілавікі і прапагандысты недастаткова прафесійна працуюць, у выніку чаго не могуць не дэманстраваць чытачам і гледачам кадры, якія абвяргаюць абвінавачанні супраць «Легіёну».

З іншага боку, быць можа, следчым і сілавікам настолька агідна ўдзельнічаць у замоўленым нізкапробным палітычным шоў, што яны і не намагаюцца, каб доказная база па справе “легіянераў” выглядала хоць троху годнай даверу. Замест таго, каб займацца сапраўднымі пагрозамі для незалежнасці краіны і бяспекі грамадзянаў, іх прымушаюць лавіць патрыётаў Беларусі, якія ладзілі заняткі са страйкбольнай «зброяй».

А наконт журналістаў «СБ», якія напісалі ананімны артыкул… Ну, а хіба ўзровень іхных прафесійных навыкаў, іхныя шчырасць і сумлення застаюцца загадкай для беларускага грамадства?

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў