Чым хімічная вытворчасць пагражае гораду? Прадстаўнік «Омск Карбон Магілёў» і чыноўнікі адказваюць магілёўцам


Ілюстрацыйны здымак. Фота Sergei Savostyanov/TASS

Гарадскі дыялог на тэму «Новыя хімічныя прадпрыемствы: чым яны пагражаюць экалогіі» адбыўся ў Магілёве. Імпрэзу зладзіла няўрадавая арганізацыя Цэнтр гарадскіх ініцыятываў, якая праводзіць такія сустрэчы ўжо цягам года на розныя тэмы: ад развіцця роварнай інфраструктуры і да праблемаў бадзяжных жывёлінаў.

Абмеркаваць праблемы экалогіі ў Магілёве прыйшлі як чыноўнікі, гэтак і прадстаўнік самага скандальнага ў горадзе заводу «Омск Карбон Магілёў». «Белсат» сабраў найлепшыя цытаты выступоўцаў і ўдзельнікаў гарадскога дыялогу.

Канстанцін Цеплякоў, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя

Новыя заводы – спадкаемцы «Хімвалакна»

Канстанцін Цеплякоў, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя: «У 1990 годзе горад выкідаў у паветра 70-75 тысячаў тон рэчываў, з якіх на «Хімвалакно» прыходзілася прыкладна 9-10 тысячаў тон за год. Цяпер гэтыя паказнікі змяніліся: 4 тысячы тонаў па горадзе і каля 2 тысячаў тон ад «Хімвалакна».

Удзельнікі Гарадскога дыялогу па тэме экалогіі

Аляксей Астапчык з Магілёўскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі: «За адзін толькі 1984 год у паветра Магілёва трапілі 154 тысячы тоны шкодных рэчываў. Адзін з заводаў працаваў з перавышэннямі 24 дні запар. Цяпер прадпрыемствы значна скарацілі свае выкіды, і большую небяспеку стаў уяўляць аўтатранспарт, які, паводле статыстыкі, утварае да 75 % ад усіх шкодных выкідаў у атмасферу».

Злева направа: Аляксей Астапчык з Магілёўскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі і Андрэй Буракоў, юрыдычны аддзел заводу «Омск Карбон Магілёў»

Адкуль салодкі пах у паветры?

Хімік Андрэй Пахоменка: «Мы ўсе хочам ведаць, што за салодкі пах у паветры. Некаторыя яго характарызуюць як пах дрэва. Я знайшоў інфармацыю ў замежных навуковых часопісах, што такі пах выклікаюць 38 рэчываў. Але ні CO, ні CO2 не ўваходзяць у спіс гэтых рэчываў. Магчыма, органы, якія ажыццяўляюць кантроль, не бачаць ніякіх перавышэнняў, бо, умоўна кажучы, вызначаюць колер, калі патрэбна вымяраць колькасць солі. Ці ёсць такая методыка ў нашых санітарных службаў, каб высветліць склад рэчываў, якія разам даюць такі пах?»

Хімік Андрэй Пахоменка

Аляксей Астапчык з Магілёўскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі: «Мы вымяраем прыблізна 20 розных рэчываў у паветры. 13 сакавіка быў зроблены апошні такі аналіз, які перавышэнняў не паказаў. Атрымліваецца, што пах ёсць, а перавышэння няма, значыць, няма і пагрозы здароўю».

Інфармацыйная вайна супраць заводу «Омск Карбон Магілёў»

Аляксей Астапчык з Магілёўскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі: «Завод «Омск Карбон Магілёў» яшчэ не працуе, але пра яго ўжо столькі негатыўнай інфармацыі. Завод працаваў усяго адзін дзень, і тое з парушэннямі. Пасля ён закрыўся і адкрыецца толькі тады, калі ўсе праверкі будуць праведзеныя. Для вас і нас гэта жыццёва важнае пытанне. З гэтай прычыны мы дабіваемся, каб усталявалі пост ці хаця б датчыкі вымярэння паказнікаў чысціні паветра менавіта ў ахоўнай тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны. Калі гэта будзе зроблена, то людзі перастануць баяцца. Цяпер жа людзі баяцца з адной прычыны: яны не валодаюць інфармацыяй».

Згодна даследванню пытанні экалогіі вельмі моцна хвалююць жыхароў

Андрэй Буракоў, юрыдычны аддзел заводу «Омск Карбон Магілёў»: «Некаторыя магілёўскія медыі публікавалі яўныя інфармацыйныя закіды, нібыта да нас прыйшло пашкоджанае абсталяванне. Гэта выдумка. У нас абсталяванне 2018-19 гадоў. Магчыма, чалавек, які зрабіў такі закід, проста звольніўся і застаўся не задаволены».

Смяротная таблетка

«Усе ведаюць, што звычайная таблетка вугалю цалкам бяспечная. А калі гэтую таблетку змясціць у каробку з фенолам і карбонаваю кіслатою, то яна становіцца смяротнай атрутаю, – кажа хімік Андрэй Пахоменка. – Такім чынам, калі вы пускаеце ў хімічную зону прадпрыемства вытворчасці тэхнічнага вугляроду, вы павінныя ведаць, як яно будзе сябе паводзіць у атачэнні ўсіх астатніх прадпрыемстваў. Даказаны факт, што вугаль убірае ў сябе іншыя рэчывы. Увабраўшы ад суседніх заводаў часцінкі вугляроду, а гэта нанаўзровень, разнясуцца паўсюль».

Жыхары Магілёва запатрабавалі дакуманты ў завода Омск Карбон Магілёў, на што атрымалі адказ, што гэта – камерцыйная тайна

Кіраўнік юрыдычнага аддзелу заводу «Омск Карбон Магілёў» Андрэй Буракоў: «Менавіта цяпер праводзіцца комплексная экспертыза на тое, якое ўздзеянне на асяроддзе будзе аказваць наш завод разам з іншымі прадпрыемствамі. Мы яшчэ чакаем яе выніку».

Кожны шосты беларус памірае ад забруджанага паветра

Сяргей Пехцераў, праект Pavetra.online: «Існуюць дробныя часцінкі pm2,5 і pm10, крыніца якіх – транспарт, заводы і прадукты гарэння. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, у 2016 годзе ад дробных часцінах (забруджанага паветра) у свеце памерлі 4,2 мільёна чалавек. У 2018 годзе гэты паказнік павялічыўся да 7 мільёнаў. Я вылічыў, што кожны шосты жыхар Беларусі памірае ад забруджанага паветра. Пры гэтым кантроль часцінак pm2,5 ажыццяўляюць толькі ў Менску і Жлобіне, а pm10 – ёсць і ў абласных цэнтрах, але няшмат. Напрыклад, у Магілёве такіх станцыяў толькі дзве».

Тэма экалогіі ў горадзе неабыякава і гарадскім жыхарам і вяскоўцам

Вывешвайце белыя сцягі

Хімік Андрэй Пахоменка запрапанаваў: «Калі зусім усё дрэнна з маніторынгам, то ёсць вельмі простая методыка: вывешваеце за сваё вакно белыя сцягі, няхай гэта будуць кавалкі белай тканіны, і глядзіце, праз колькі дзён яны зменяць свой колер».

Як перацягнуць уладаў на бок грамадства

Сацыёлаг Юрый Бубнаў: «Як мы бачым з сённяшняга гарадскога дыялогу, у нас атрымліваецца супрацьстаянне трох сілаў: бізнесу, які нават не хоча паказаць нам свайго твару, уладаў, якія пакуль на баку бізнесу, і грамадзянаў, якія хвалююцца за сваё здароўе. Мы маглі б схіліць улады на свой бок, калі б дзеяў інстытут выбараў».

Вольга Васільева belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары