Чый Крым? На глобусе польскай фірмы Крым пазначаны як расейскі ды ўкраінскі


На глобусе польскай фірмы Glowala, які прызначаны для польскага рынку, Крым пазначаны як тэрыторыя Украіны. Што цікава, паўвостраў на глобусе гэтай жа фірмы для расейскага рынку – тэрыторыя РФ.

Беларусь не займаецца вытворчасцю глобусаў, таму да нас трапляюць глобусы з расейскім Крымам. На некаторых з іх Беларусь называецца «Белоруссией», Малдова – «Молдавией», а Крым, Паўднёвая Асеція і Абхазія пазначаныя як расейскія тэрыторыі. Гэта супярэчыць афіцыйнай беларускай пазіцыі, якая не прызнала акупацыю Крыму, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Між іншым, гэтыя глобусы трапляюць у беларускія адукацыйныя ўстановы.

«Глобусы з расейскім Крымам мелі трапіць у Расею і Украіну»

«Белсат» звярнуўся па афіцыйны каментар да прадуцэнта глобусаў. У размове з нашым журналістам, прадстаўнікі фірмы адзначылі, што глобусы з расейскім Крымам не павінны былі трапіць у Беларусь.

«Мы не ведаем, як яны трапілі ў Беларусь. Гэтыя глобусы замовіў кліент з Расеі, ці нават Украіны. Ён патлумачыў нам, што Дзярждума Расеі прызнала Крым сваёй тэрыторыяй, выслаў адпаведныя дакументы. Расейскія вытворцы абавязаныя рабіць глобусы, мапы і атласы ў адпаведнасці з заканадаўствам РФ, з украінскім Крымам мы б іх не прадалі. Хіба гэтыя глобусы патрапілі ў Беларусь ад аптовага пастаўшчыка», – распавялі ў Glowala.

На глобусе на польскай мове Крым украінскі

У фірме адзначылі, што прадукуюць глобусы і на беларускі рынак, але яны на расейскай мове, бо па беларуску ў іх глобусы яшчэ не замаўлялі.

АС belsat.eu

Стужка навінаў