ЧП у Магілёве. «Жывеш і не ведаеш, калі табе на галаву ўпадзе высакавольтны провад»


Фота: Belsat.eu

У рэдакцыю звярнуліся жыхары Магілёва Святлана і Сяргей Малкіны. Сям’я жыве ў прыватным сектары ў мікрараёне Брады, над іхным надзелам праходзіць 10-кілавольтная электралінія. 14 чэрвеня яна абарвалася – правады ўпалі ў двор.

«Каля 9 гадзін раніцы ў выніку кароткага замыкання на падстанцыі адбыўся абрыў проваду высакавольтнай лініі. Усе тры провады ўпалі ў некалькіх метрах ад хаты. Вялікае шчасце, што ніхто не пацярпеў», – кажа Святлана Малкіна.

Жанчына распавядае пра падзеі, якія адбыліся 14 чэрвеня. Разам з мужам Сяргеем Малкіным яна жыве ў прыватным сектары ў мікрараёне Брады, што ў Магілёве. Над надзелам праходзіць 10-кілавольтная лінія электраперадач.

Лінія электрапарадач над надзелам Малкіных.
Фота: Belsat.eu

Святлана ўзгадвае: тады ўначы была навальніца. Раніцай нешта загудзела, а пасля сямейная пара пачула гучны хлапок. Яны выйшлі на вуліцу і пабачылі абарваныя правады, якія прапалілі дзіцячы надзіманы басейн, прыйшлося яго выкінуць. А ў суседзяў на надзеле пачалі дыміцца апоны.

Лінія электраперадач праходзіць праз тры надзелы ў мікрараёне Брады.
Фота: Belsat.eu

Суседзі Малкіных пацвердзілі інфармацыю пра надзвычайны выпадак:

«У нас ледзь не пачаўся пажар – провад упаў на старыя апоны, яны пачалі дыміцца. І калі б не мокрае надвор’е, то тут мог бы быць вельмі моцны пажар. А другі канец провада ўпаў на пешаходную сцежку. Там 10 тысяч вольт. А калі б ішлі людзі? Што б гэта было?» – не супакойваецца суседка Вольга Багданава.

Суседка Вольга Багданава.
Фота: Belsat.eu

Калі абарвалася лінія, Вольгі дома не было. Пра дым на надзеле ёй паведаміў па тэлефоне сусед. Вольга кажа, што выклікала МНС, а прыехалі электрыкі. Жанчына спытала ў іх гарантыю, што такога больш не паўторыцца. І атрымала ў адказ, што ніякіх гарантый няма.

Ад разрыву на надзеле суседзяў загарэліся апоны.
Фота: Belsat.eu

Праблемы з лініяй не даюць будаваць жыллё

Свой надзел з домам сям’я Малкіных набыла ў 2015 годзе. Яны бачылі, што над надзелам праходзяць 2 лініі электраперадач. Адну лінію хутка адключылі, а другая працуе дагэтуль. З боку маладых людзей прэтэнзій не было, бо яны думалі, што лінія ў добрым стане.

Першапачаткова праз надзел Малкіных праходзіла дзве лініі. Адну ўжо прызналі незаконнай і адключылі, а другая лінія ўсё яшчэ працуе.
Фота: Belsat.eu

З цягам часу Малкіны заўважылі, што лінія ўся ў спайках (бандажах). Выпадак з абрывам стаў апошняй кропляй.

Бандажы на лініі электраперадач над надзелам Малкіных.
Фота: Belsat.eu

«Цяпер мы ведаем, што лінія праходзіць па нашым зямельным участку з парушэннем – на адлегласці менш, чым 10 метраў ад дому, якую патрабуюць сучасныя правілы бяспекі. У 70-х гадах, калі лінія будавалася, былі іншыя нормы і гэта было дазволена. Дом, у якім мы жывём, таксама з’яўляецца абсалютна законнай пабудовай. Ён быў пабудаваны на год раней за лінію – у 1969 годзе», – кажа Святлана Малкіна.

Па сучасных нормах адлегласць паміж лініяй электраперадач і домам мусіць быць не менш за 10 метраў.
Фота: Belsat.eu

Яшчэ перад набыццём дому Малкіны спраўдзілі ў аддзеле архітэктуры Магілёўскага гарвыканкаму, ці можна будзе праводзіць рэканструкцыю старога збудавання. Ім сказалі, што ніякіх праблемаў не будзе, на доме абцяжарванняў няма… А цяпер аказваецца, што праект рэканструкцыі не падпісваюць менавіта з-за таго, што лінія электраперадач праходзіць з парушэннем – вельмі блізка ад дому.

Дакументы на дом у поўным парадку, але праблемы з лініяй не даюць сем’е будаваць жыллё.
Фота: Belsat.eu

Лінія нам не належыць, чаму мы мусім за яе плаціць?

Малкіны неаднаразова звярталіся ў арганізацыю, якая зʼяўляецца ўласнікам лініі – Магілёўскія электрычныя сеткі. Не толькі па справе разрыву правадоў, але і па больш важнай – аб вынасе лініі за межы надзелу.

«Выкананне мерапрыемстваў па пераносе апор лініі электраперадач павінна ажыццяўляцца за кошт зацікаўленай асобы (уладальніка зямельнага надзелу)», – адказаў дырэктар «Магілёўскіх электрычных сетак» Аляксандр Бароўскі ў 2019 годзе.

Святлана і Сяргей Малкіны.
Фота: Belsat.eu

Сям’я даведалася, колькі будзе каштаваць такі перанос для іх бюджэту – каля 13 тысяч беларускіх рублёў па расцэнках 2019 году. Для іх гэтая сума аказалася занадта вялікай. Да таго, жыхары не маюць права самастойна пераносіць лінію, бо не з’яўляюцца яе ўласнікамі. Вынікае, што перанос лініі на законных падставах можа ажыццявіць толькі само прадпрыемства Магілёўскія электрычныя сеткі.

Лінія адпрацавала свой тэрмін службы, але яе не прыбіраюць

«Заканадаўча прапісана, што тэрмін службы дадзенай лініі 50 гадоў і тэарэтычна ён сканчаецца ў гэтым годзе. А калі яе прыбяруць практычна – невядома. Нам адказваюць, што няма грошай. Провад, які праходзіць над нашым надзелам, відавочна, вельмі стары і ўвесь скручаны! Гэта бачна проста вокам. Абрыў проваду быў толькі пытаннем часу», – кажа Сяргей Малкін.

«Калі дзяржава заканадаўча прызнае дадзены абʼект парушэннем, ці не арганізацыя-уладальнік дадзенай лініі павінна гэта парушэнне ліквідаваць? Чаму гэта павінна быць нашай праблемай, калі мы ніякіх законаў не парушаем?», – абураюцца Святлана і Сяргей Малкіны.

Падстанцыя стаіць усяго ў некалькіх сот метраў ад надзелу Малкіных. Яе заліла вадой і адбылося кароткае замыканне.
Фота: Belsat.eu

Што кажуць у «Магілёўэнэрга»?

Мы звярнуліся ў «Магілёўскія электрычныя сеткі», каб атрымаць каментар гэтай сітуацыі.

«Адказ на здарэнне 14 чэрвеня рыхтавалі спецыялісты прадпрыемства «Магілёўэнэрга». Згодна іх адказу, у сувязі са 100 % зносам лініі, на 2021 год плануюцца працы па праектаванню рэканструкцыі гэтай лініі з мэтай яе вынасу за межы домаўладання. У той жа час у адказе адзначаецца, што колькасць злучэнняў у пралёце ўчастка ВЛ-10кВ не перавышае дапушчальнай колькасці», – сказаў намеснік дырэктара Павел Башмакоў.

Сям’я Малкіных азнаёмілася з адказам «Магілёўэнэрга» і адразу яго пракаментавала:

«Яны кажуць, што кароткае замыканне і падзенне правадоў адбылося праз падзенне дрэва. Хм. А ўздоўж гэтай лініі ідзе цэлая лесапаласа і за яе станам ніхто не глядзіць. Тэарэтычна паваліцца можа любое дрэва ў любы момант пры дрэнных умовах надворʼя».

Каб развязаць праблему, маладая сямʼя збіраецца звяртацца на гарачую лінію да кіраўніцтва гораду, а калі не дапаможа, то і ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Вольга Васільева, Belsat.eu

Стужка навінаў