«Чорны варанок» для «апазіцыянерчыка»

Калумніст belsat.eu Аляксандр Фядута пра паралелі паміж арыштамі апазіцыі ў Менску ў 2010 годзе і ў Маскве ў 2019-м. Тое, што адбываецца ў Маскве, у нас ужо было.

Тое, што адбываецца ў Маскве, у нас ужо было. Гэта значыць, вядома, не толькі ў нас – калі казаць пра не да ночы будзь памянутых гадах «вялікага тэрору». У нас, у Менску, гэта было ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года. Чорныя – хоць якая розніца, якога менавіта колеру? Ноччу ўсе коткі шэрыя, асабліва для арыштанта – так вось, ноччу чорныя «варанкі» пад’язджалі да нашых дамоў, каб тых, хто не быў арыштаваны непасрэдна на плошчы і вакол яе, запхнуць у «варанковае» нутро і адвезці куды далей. У сэнсе – нас везлі не ў Сібір, вядома, і нават не ў Лефортава. Пераважна на «Валадарку», у «Пішчалаўскі замак», а ўжо «топаў і vip-аў» – у «амерыканку». Я ўганараваны «амерыканкай», што, з майго пункту гледжання, было амаль авансам.

Менск 19 снежня 2010 года. Мітынг супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта

Гэта была такая паслявыбарчая акцыя застрашвання. Улада вырашыла раз і назаўсёды прадэманстраваць, што яе трэба баяцца. Праўда, зрабіла яна гэтае глупства ад уласнага перапугу. Тыя, хто заставаўся тады на волі – ну, на адноснай волі, проста па другі бок кратаў, – казалі, што Лукашэнка на пераможцу падобны не быў. Верагодна, яму здавалася, што правадыры апазіцыі, якія засталіся на волі, дакладна зараз пачнуць аперацыю па яго звяржэнню. Але тыя не варушыліся. Ім здавалася, відаць, што выратаванне вязняў мусіць быць справай саміх зняволеных. Так што потым, ужо выйшаўшы з «амерыканкі», нам прыйшлося вырашаць, дзе знаходзіліся ў той час усе гэтыя цалкам прыстойныя і рукапажатныя асобы, Якія так і не арганізавалі ні аднаго пікету ў абарону зняволеных. Пісьменнікі адстойвалі сваіх калегаў па пяру куды больш актыўна, чым апазіцыйныя палітыкі – сваіх. Ну, вядома, і моладзь, якой дасталася куды больш, чым «дарослым» разам узятым, змагалася, як магла…

Вось пасля гэтага Лукашэнка зразумеў галоўнае: апазіцыі як адзінага арганізма няма і не будзе ніколі. А значыць, унутры краіны доўга яшчэ не будзе каго апасацца. І хоць сівізны ў яго пасля снежня 2010 года толькі дадалося, затое страх перад «оппозиционерчиками» растаў. А што? За пісьменнікаў сусветная грамадскасць заступіцца, а гэтыя самі сябе разжуюць і выплюнуць.

Ён усё тады сфармуляваў правільна. Свабода не бывае для часткі грамадства. І калі вы не выступаеце за свабоду іншых, значыць, вас няма. Не існуе. Значыць, вы добраахвотна ўлезлі ў «варанок», а зусім не генерал Зайцаў або Трусаў вас туды запхнуў. Як там было ў старога Гётэ ў «Фаўсце»? «Толькі той варты жыцця і свабоды, хто кожны дзень за іх ідзе на бой?» То-та. А вы там лічыце, што штодзённы бой вас не тычыцца? Так кожнаму дастанецца па веры яго, не хвалюйцеся.

Новости
Что происходит в Москве: хроника облавы
2019.07.25 00:16

Вось гэта – самае важнае, чаго не зразумела не толькі наша, але і расейская апазіцыя. Вельмі многія не зразумелі ў ёй галоўнага: бітва апазіцыйных кандыдатаў у Маскоўскую гарадскую думу – гэта бітва зусім не за Маскоўскую гарадскую думу. Гэта бітва за свабоду. Адна з тых штодзённых бітваў, у ходзе якіх вырашаецца галоўнае пытанне: ці вартыя вы жыцця і свабоды – ці не вартыя? То бок, права на жыццё ніхто апазіцыю не пазбаўляе, хоць самога жыцця, як паказвае лёс Барыса Нямцова ў Расеі ці Віктара Ганчара ў Беларусі, пазбавіць могуць. А вось ці вартыя свабоды?

У кожнага – свая плошча. Але начныя затрыманні апазіцыйных кандыдатаў у Маскве цяпер – тая агульная «плошча», пасля якой крамлёўская ўлада будзе вырашаць, лічыцца з расейскай грамадзянскай супольнасцю ці не ў прынцыпе. Наогул. Ці вартыя яны волі або можна адкупіцца ад іх падачкай – зарэгістраваць кагосьці па сваім меркаванні. Могуць нават усіх зарэгістраваць, як у нас рэгістравалі кандыдатаў у прэзідэнты ў 2010 годзе. І да гэтага часу ні адзін не знайшоў у сабе смеласці шчыра прызнацца, што тады, дзевяць гадоў назад, ён не сабраў подпісы.

Новости
Итоги ночи облавы на оппозиционных кандидатов в Москве – коротко
2019.07.25 01:58

Уласна кажучы, менавіта гэта і развязала рукі беларускім уладам – тады, у 2010 годзе. З бессаромнай уладай можна, напэўна, змагацца самымі рознымі метадамі, але не такім, які яна сама ж табе навязвае.

Мне здаецца, у Расеі ўлада таксама вырашыць, што ёй усё дазволена, пасля таго, як тыя кандыдаты, што засталіся на волі, якія не падвергнуліся ператрусам, радасна пойдуць насустрач мандатам. І, можа быць, адна-другі з іх мандат нават атрымае. Проста – каб застацца па другі бок кратаў.

Дарагая плата за права самім сесці ў чорны «варанок».

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў