Чорная метка для дыктатараў: 5 лідараў, якія пазавалі са зброяй каля сваіх палацаў


23 жніўня Аляксандр Лукашэнка ўпершыню з’явіўся на відэа са стралковаю зброяй у руках, прычым не на вайсковым палігоне і не на заводзе, а ў цэнтры Менску. Відаць, чакалася, што быццам рашучы выгляд мае натхніць ягоны апошні электарат – АМАП, часткі спецпрызначэння і чыноўнікаў.

Аляксандр Лукашэнка, Менск, 23 жніўня. Скрыншот з відэа Тэлеграм-каналу «Пул Першага»

Аднак кадры з узброеным палітычным лідарам каля свайго палацу не сурочаць нічога добрага. Звычайна гэта значыць, што ўлада гэтага палітыка заканчваецца. Прынамсі, мы маем такія прыклады з гісторыі.

Важныя абставіны

Зразумела, што процьма палітычных дзеячаў мінулага і сучаснасці мае ў сваім партфоліа карціны, фота ці відэа са зброяй – ад сярэднявечных каралёў да сучаснай брытанскай каралевы. Самі па сабе гэтыя кадры сведчаць хіба што толькі пра тое, што чалавек са зброяй – не пацыфіст, і больш ані пра што.

Гэтак, для старажытных каралёў зброя была неадʼемным сімвалам улады і прыналежнасці да супольнасці ваеннай эліты – у Еўропе кароль ці князь быў не нейкай істотай прынцыпова іншага гатунку, а першым сярод сваіх рыцараў, таму асабістая вайсковая смеласць і здольнасць на полі бою былі важнейшымі складнікамі аўтарытэту манарха.

(Кароткае відэа пра жыццё брытанскай каралевы Альжбеты ІІ пачынаецца з кадраў, на якіх яна выпрабоўвае новую армейскую штурмавую вінтоўку. Відэа: Harperʼs Bazaar)

У больш познія часы прэмʼер-міністры, прэзідэнты (дый каралі з каралевамі таксама) часцей за ўсё пазіравалі са зброяй як сімвалам сілы нацыянальнага войска, магутнасці прамысловасці сваёй краіны, як матэрыяльным увасабленнем таленту сваіх інжынераў і вучоных. Аднак гэта не варыянт учорашняга стэндап-шоў Аляксандра Лукашэнкі.

Сімптом рэвалюцыі, перавароту, прайгранай вайны

«Мы з вамі да канца!» – крычалі некаторыя АМАПаўцы Лукашэнку, ускосна кажучы пра тое, што канец гэты яны ўжо бачаць і пра яго думаюць. Зрэшты, менавіта ў такіх сітуацыях, калі канец улады набліжаецца, мы і бачым, як палітычныя лідары пачынаюць са зброяй здымацца на фота і відэа на прыступках сваіх рэзідэнцый. Раней для гэтага проста не бывае нагоды.

У 1973 годзе амаль гэтаксама выглядаў левы прэзідэнт Чылі Сальвадор Альендэ падчас вайсковага перавароту пад кіраўніцтвам Аўгуста Піначэта. Згодна з апошнімі дадзенымі, Альендэ застрэліўся.

Сальвадор Альендэ ў апошні дзень свайго жыцця. Фота з архіва аўтара

Жорсткі дыктатар Уганды і канібал (не ў пераносным сэнсе) Ідзі Амін часта пазіраваў са зброяй сярод сваіх вайскоўцаў, аднак гэта ніяк не дапамагло яму перамагчы ў вайне з Танзаніяй, якую ён сам і распачаў. Частка ўгандыйскай арміі выступіла супраць дыктатара і нават вайсковая дапамога ад лівійскага дыктатара Муамара Кадафі не ўратавала Аміна ад страты ўлады і ўцёкаў у Саўдаўскую Аравію ў 1979 годзе.

Ідзі Амін.
Фота: flickr.com

Амін, сярод іншага, вызначыўся тым, што абвесціў вайну ЗША на адзін дзень, а на наступны яе закончыў, абвесціўшы сябе пераможцам. Нічога не нагадвае?

У рашучыя моманты дэманстраваў сваю сілу са зброяй у руках іракскі дыктатар Садам Хусейн. Жангліраванне то стрэльбай, то АК-47 з балкону дзейнічала зусім не на ўсіх – спачатку Хусейн захапіў Кувейт у 1990 годзе, але ўжо ў пачатку 1991-га прайграў вайну міжнароднай кааліцыі, якая вызваліла Кувейт і наклала на Ірак жорсткія санкцыі. Пасля міжнароднай інтэрвенцыі ў Ірак ён хаваўся, быў арыштаваны і асуджаны ў 2006 годзе на смерць іракскім судом за генацыд уласнага народу.

Садам Хусейн з калашнікавым у руках на балконе свайго палацу. Фота з архіва аўтара

Эстафету ад Аміна пераняў сам Кадафі. Падчас «Арабскай вясны» ён да апошняга змагаўся за ўладу, дэманстраваў сваю рашучасць з калашнікавым у руках, загадваючы арміі страляць ва ўласных грамадзянаў, аднак загінуў вельмі жорсткай смерцю.

Муамар Кадафі таксама з калашнікавым. Фота з архіва аўтара

Амін абдымаўся з Кадафі, а з Кадафі абдымаўся ўжо сам Аляксандр Лукашэнка.

Андрэй Кміціц Belsat.eu

Стужка навінаў