«Чорнакапацель», зброя, сюжэт «Белсату» і пагрозы забраць дзяцей. Заблытаная правінцыйная гісторыя


У ліпені 2016-га наш тэлеканал паказаў сюжэт Кастуся Жукоўскага «”Белсат” натхніў жыхароў Лоева сказаць праўду» пра міліцэйскае бязмежжа ў гарадскім пасёлку Лоеў.

Паводле аўтара сюжэту, мясцовая ўлада вырашыла запужаць мясцовую жыхарку Людмілу Панамарчук, якая асмелілася распавесці на камеру сваю гісторыю.

Людміла мае чатырох дзяцей. Двое няпоўнагадовых. Усе дзеці ад першага шлюбу. Цяпер жанчына жыве ў грамадзянскім шлюбе, але з першым мужам неразведзеная.

«Я ўжо стамілася ад візітаў міліцыянтаў. Нядаўна да мяне прыходзіла класная кіраўніца майго дзіцяці. Ёй загадалі прыйсці да мяне, каб праверыць ці ёсць падставы пазбавіць мяне бацькоўскіх правоў», – распавядае Людміла.

Візіты міліцыянтаў пачаліся пасля выхаду ў эфір сюжэту пра беларускую «сталіцу міліцэйскага сваволля».

«Мяне выклікалі ў Следчы камітэт і пагражалі пасадзіць на 5 гадоў за тое, што я дала інтэрвʼю», – тлумачыць жанчына.

У сюжэце Людміла распавядае «Белсату», як супрацоўнік міліцыі збіў яе і ейнага сужыцеля.

«Увечары муж сказаў мне, што вернецца з працы пазней, бо збіраецца пайсці на дзень народзінаў калегі. Абяцаў, што не будзе піць, але не стрымаў абяцанне. Раніцай я паехала яго забіраць. Мы вярталіся на роварах. Нас падрэзала міліцэйская машына. Яны хацелі забраць яго ў аддзяленне. Яны яго білі. Міліцыянт з прозвішчам Жук ударыў мяне і я звалілася ў кювет», – узгадвае жанчына.

Пасля здарэння жанчына спрабавала дабіцца пакарання міліцыянта, які збіў яе і ейнага мужа, але пакуль справа не зрынулася з мёртвай кропкі.

Непрыемныя кантакты з міліцыяй жанчына мела і раней.

«Мой былы муж, які казаў, што забʼе мяне разам з дзецьмі, напісаў на мяне заяву ў міліцыю. Мяне хацелі выселіць з хаты, маўляў, у мужа ёсць права жыць у гэтым доме, бо ён узяў крэдыт на сябе. У яго падвязкі ў міліцыі. Ён шмат гадоў капае акопы – займаецца чорнакацельствам. Частку зброі і боепрыпасаў перадае мясцоваму начальніку міліцыі, які пасля дакладвае, што гэта мясцовыя добраахвотна здаюць», – распавядае Людміла.

«Нядаўна мяне выклікалі на камісію, куды звычайна алкаголікаў выклікаюць. Намесніца райвыканкаму наўпрост мне сказала, што я мушу падаць на развод з мужам і падзяліць маёмасць. Тут усё вельмі заблытана. Яны цяпер шукаюць падставу, каб забраць у мяне дзяцей. Ходзяць гэтыя настаўнікі і правяраюць. Я ж не алкаголік і ў хаце ў мяне парадак», – кажа жанчына.

Людміла Панамарчук просіць журналістаў і праваабаронцаў дапамагчы ёй абараніць сваю сямʼю.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў