Чэргі па каву, парваны пашпарт і неўміручыя дыджэі пераменаў


Карыкатурыст Дэ Лёс паглядзеў на навіны мінулага тыдня і пастанавіў намаляваць карцінкі. Ну бо словаў больш не засталося.

Працягваем традыцыю маляваць карцінкі на асноўныя падзеі тыдня. Калі вы губляецеся ў часе, забываеце, калі і што адбылося, то мы паспрабуем вам коратка пра гэта нагадаць. Прынамсі, асноўнае вы дакладна не прапусціце. Паехалі!

Панядзелак

У нядзелю, 6 верасня, невядомыя ў цывільным і з бітамі ганялі людзей у раёне скрыжавання вуліцы Няміга і праспекту Пераможцаў. Людзі схаваліся ў кавярні. Шыбу разбілі людзі ў цывільным і з бітамі і вывелі з кавярні мірных пратэстоўцаў. Потым, як заўважылі медыі, чалавекам, які біў шкло, апынуўся начальнік ГУБАЗіК, палкоўнік Мікалай Карпянкоў. На наступны дзень дзверы ў кавярню замянілі, а па каву выстраілася чарга – так людзі праявілі салідарнасць.

Малюнак: Дэ Лёс

Аўторак

Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава апынулася на мяжы з Украінай разам з паплечнікамі – Іванам Краўцовым і Антонам Раднянковым. Апошнія два перасеклі мяжу, а вось Марыя не захацела пакідаць краіну пад прымусам і таму ў момент, як пабачыла свой пашпарт, парвала яго. Калеснікаву вярнулі ў Менск і змясцілі ў СІЗА КДБ. Але пра гэта распавялі ўжо пазней.

Малюнак: Дэ Лёс

Серада

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі расейскіх медыяў і распавёў ім пра тое, як амерыканцы сачылі за ягоным верталётам з космасу і адразу паведамлялі ў цэнтр пад Варшавай, пасля чаго тыя (верагодна, варшаўскія) давалі каманду мірным пікетоўцам адразу разбегчыся – што, паводле Лукашэнкі, яны і зрабілі. Як гэта было – чытайце вось тут.

Малюнак: Дэ Лёс

Чацвер

У Менску ёсць плошча Пераменаў. Гэта неафіцыйная назва, натуральна. Але ёсць на гэтай плошчы мурал дыджэяў пераменаў. Гэта тыя самыя дыджэі, якія яшчэ ў жніўні ў Кіеўскім скверы на праўладным мітынгу ўключылі песню «Перамен» Віктара Цоя. Тады кожнаму за такі ўчынак прысудзілі па 10 содняў. Але дыджэі сталі своеасаблівым духам нязломнасці. Менавіта такі ж дух пануе і на плошчы Пераменаў. Там на будцы намалявалі мурал дыджэям, які штодзень (а часам і некалькі разоў на дзень) зафарбоўваюць. Працэс ахоўваюць амапаўцы ў балаклавах. Потым жыхары зноў адмываюць мурал, прыязджаюць амапаўцы і зноў яго зафарбоўваюць. Аднойчы залілі мурал бітумам, пачакалі, пакуль ён падсохне і адкалупалі… мурал. У выніку ён стаў яшчэ больш бачным. Вось такі я дыджэі пераменаў – ні фарба, ні бітум іх не бярэ.

Малюнак: Дэ Лёс

Пятніца

Віцябляне Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі (тата і сын) уцякалі ад амапаўцаў у цэнтры Менску. Патэілі ў будынак шведскай амбасады – там ім не адказалі. Тады віцябляне пераскокнулі цераз плот амбасады і… папрасілі палітычнага прытулку. Дагэтуль Кузнечыкі знаходзяцца на тэрыторыі амбасады Швецыі, якая вырашае, што ж з імі рабіць.

Малюнак: Дэ Лёс

Субота

Па суботах у Менску і гарадах арганізуецца традыцыйны жаночы марш. Гэтая субота не стала выключэннем. Выключэннем стала колькасць сілавікоў у балаклавах, сарваная балаклава ў аднаго з іх і пабітая дзяўчына. Як гэта было, глядзіце вось тут.

Малюнак: Дэ Лёс

Нядзеля

Малюнак: Дэ Лёс

Кожную нядзелю беларусы выходзяць на акцыі пратэсту. Нягледзячы на надвор’е і жорсткасць сілавікоў. Дэ Лёс бачыць гэта вось так. А тое, што адбывалася ў мінулую нядзелю, чытайце вось тут.

Больш навінаў кожны дзень – у нашым Тэлеграм-канале.

Стужка навінаў