Чэргі па бульбу і лідары, якія «нічому не вераць». Як прайшлі выбары ў «ДНР» і «ЛНР»


На падкантрольных баевікам «ДНР» і «ЛНР» тэрыторыях Данбасу адбыліся выбары, якія амаль увесь свет лічыць нелегітымнымі. На выбарах кіраўнікоў «ДНР» і «ЛНР» перамаглі лідары сепаратыстаў – Дзяніс Пушылін і Леанід Пасечнік адпаведна. На выбарах у мясцовыя «парламенты», гэтак званыя народныя саветы, – перамаглі палітычныя рухі, якія ачольваюць новыя кіраўнікі непрызнаных рэспублік.

Украінскі журналіст і блогер, ураджэнец Данецку Дзяніс Казанскі распавёў belsat.eu як выглядалі так званыя выбары на непадкантрольных Кіеву тэрыторыях.

Дзяніс Казанскі. Фота – facebook.com

– Як бы вы ахарактарызавалі тую атмасферу, у якой праходзілі гэтыя выбары?

– Вядома, гэта складана назваць выбарамі. Ад самага пачатку ўсе разумелі фэйкавасць мерапрыемства. Вынікі былі вядомыя загадзя, яны ўжо за некалькі дзён да галасавання гулялі пад сацсетках. Людзі, якія там жывуць, незалежна ад таго, як яны ставяцца да Расеі і ДНР, цудоўна разумелі, што гэтыя кіраўнікі ўжо прызначаныя і ад таго, прыйдуць яны на выбары ці не, нічога не зменіцца. Разумеючы гэты настрой, каля выбарчых участках быў арганізаваны продаж прадуктаў па вялікіх зніжках (капуста, бульба і г.д.) або проста раздача падарункаў. Напрыклад, тым, хто прыходзіў галасаваць бясплатна папаўнялі баланс на нумары мясцовых мабільных аператараў. Усё гэта было патрэбна дзеля таго, каб проста народ прыцягнуць і стварыць патрэбную карцінку – не важна як людзі галасуюць, галоўнае, каб яны фізічна былі на ўчастках. І людзей сапраўды атрымалася прыцягнуць. У інтэрнэце можна знайсці фотаздымкі, дзе бачныя чэргі – але насамрэч не да ўчасткаў, а да палатак, дзе прадавалі прадукты па зніжках.

Выбары ў ЛДНР. Фота – bbc.com, GETTY IMAGES

– Паводле мясцовых выбаркамаў яўка ў ЛНР склала 77%, а ў ДНР – 80,1%. А ці ёсць нейкія незалежныя ацэнкі ўзроўню яўкі на выбарах?

– Няма. Ніякіх незалежных ад кіраўніцтва ДНР-ЛНР назіральнікаў там фізічна быць не магло. Увесь цывілізаваны свет ігнаруе гэтыя выбары, а тыя журналісты, якія б маглі незалежна асвяціць выбары, на падкантрольныя баевікам тэрыторыі проста не дапускаюцца.

Што тычацца афіцыйных лічбаў, то ставіцца да іх сур’ёзна цяжка. Хутчэй за ўсё працэнт яўкі лічылі ад даваеннай колькасці насельніцтва, але цяпер там фізічна не можа быць столькі людзей – 30-40% мясцовых жыхароў з’ехала, яны жывуць ва Украіне або Расеі. Больш за тое, гэтыя ацэнкі можна праверыць простай матэматыкай. Напрыклад, заявілі, што ў ДНР прыйшло на ўчасткі 1,6 млн чалавек. А ўчасткаў было ўсяго 408. Атрымліваецца, што яны мусілі абслугоўваць аднаго чалавека за некалькі секундаў цягам 12 гадзінаў няспыннай плынню на кожным участку. Гэта відавочная недарэчнасць, гэтага не можа быць.

– Прадстаўнікі ДНР і ЛНР казалі, што на выбары прыехалі шматлікія назіральнікі, у тым ліку з заходніх краінаў. І гэта пры тым, што выбары ніхто не прызнае. Хто гэтыя «назіральнікі» насамрэч?

– Гэта проста нейкія грамадзяне, якіх ніхто не ведае. (Выданне «Реальная газета» напрыклад, высветліла, што прынамсі частка «замежных назіральнікаў» – гэта мясцовыя жыхары замежнага паходжання, – заўв. belsat.eu) Некаторыя прадстаўлялі маргінальныя ўльтраправыя або ўльтралевыя замежныя партыі, нейкія прарасейскія структуры. Іх потым выкарыстоўваюць у сюжэтах расейскіх тэлеканалаў у якасці лаяльных экспертаў з замежжа.

Дзяніс Пушылін. Фота – denis-pushilin.ru

– Шмат казалася пра тое, што вынікі галасавання былі вядомыя загадзя, Пушыліна і Пасечніка прызначыла Расея. Але чаму Крэмль зрабіў стаўку менавіта на гэтых асобаў?

– Я думаю гэта быў вельмі сітуатыўны выбар, у пэўным сэнсе выпадковы. У асноўным на іх зрабілі стаўку таму, што гэта дакладна тыя людзі, якія не будуць гуляць у сваю гульню. Гэта людзі паслухмяныя, беспрынцыпныя і не маючыя ніякай ідэалогіі. Калі іншыя ўдзельнікі антыўкраінскага паўстання на Данбасе вельмі часта сапраўды вераць у «рускі свет», нейкую «рускую ідэю», мараць аб аднаўленні СССР, то Пушылін і Пасечнік дакладна ні ва што не вераць. Ім усё роўна, якую палітычную лінію прасоўваць. Калі заўтра ім скажуць пайсці пад Украіну – яны пойдуць пад Украіну. Калі скажуць далучыцца да Расеі – далучацца да Расеі.

Леанід Пасечнік. Фота – xxiveklnr.su

***

Украіна, ЕЗ і ЗША лічаць выбары нелегітымнымі і заяўляюць, што яны парушаюць менскія дамоўленасці. Аналагічную заяву зрабіла старшыня АБСЭ Энцо Маавэра-Міланэзі. У Крамлі заявілі, што ставяцца да выбараў «з разуменнем». Памочнік прэзідэнта РФ Уладзіслаў Суркоў (ён лічыцца крамлёўскім куратарам ДНР і ЛНР) павіншаваў Пушыліна і Пасечніка з перамогаю. Інфармацыі пра віншаванні з боку Уладзіміра Пуціна ў СМІ не было.

Выбары ў ЛДНР. Фота – lug-info.com

Нагадаем, Пушылін стаў выконваючым абавязкі кіраўніка ДНР пасля забойства Аляксандра Захарчанкі. Пасечнік узначаліў ЛНР пасля перавароту, які прывёў да зняцця папярэдняга лідара Ігара Платніцкага. Паводле ЦВК ДНР, Дзяніс Пушылін перамог на выбарах 11 лістапада, набраўшы 60,85% галасоў. Паводле ЦВК ЛНР, Леанід Пасечнік набраў 68,3%. Цікава, што напярэдадні Служба бяспекі Украіны заявіла, што вынікі выбараў у ЛДНР ужо зацверджаныя ў Маскве і нават агучыла іх вынікі: Пушылін набярэ 55%, а Пасечнік 63%. Такім чынам, СБУ памылілася толькі на 5% у абодвух выпадках.

У ДНР і ЛНР заяўляюць, што выбары ў рэспубліках былі сумленнымі і празрыстымі. Гэтак лідар праўладнай ДНРаўскай арганізацыі «Маладая рэспубліка» (мясцовы аналага камсамолу, які падтрымліваў на выбарах Пушыліна) Мікіта Кіасёў заявіў belsat.eu, што галасаванне прайшло «ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі». Паводле Кіасёва, у Пушыліне ён бачыць чалавека, які здольны вырашыць эканамічныя праблемы рэгіёна і «працягнуць справу першага кіраўніка ДНР Аляксандра Захарчанкі, заснавальніка нашай дзяржаўнасці».

Вірусны ролік з заклікам прыходзіць на выбары ў ЛНР, які з’явіўся падчас кампаніі:

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў