Чэмпіёны Беларусі ды Польшчы ў Лізе чэмпіёнаў УЕФА сустрэліся ўпершыню ў гісторыі


У Беларусі тыдзень таму аншлаг і не чакаўся: не запоўненая была да краёў 13-ці тысячная «Барысаў-Арэна». Але і 10-тысячны гарадскі стадыён Глівіц не сабраў шчыльных шэрагаў заўзятараў. Пры тым, што «Пяст» ішоў да першай еўракубкавай перамогі ў сваёй гісторыі. І, згуляўшы на выгадную нічыю ў Барысаве, хутка замацаваў свае шанцы на агульны поспех, адкрыўшы лік у двубоі ў адказ. Але ў выніку перамог БАТЭ 2:1. І заслужана. Улічваючы, як паволі, з веданнем справы, Барысаў заглытваў сваю ахвяру больш асэнсаванымі, лепей напрацаванымі атакамі.

Але гульцы і трэнеры «Пясту» былі засмучаныя ўшчэнт.«Кожны з нас мусіць перажыць гэтую сітуацыю па-свойму», – зазначыў паля гульні выразна дэпрэсіўны паўабаронца «Пясту» Патрык Дзічэк. – Але ўва ўсіх у нас злосць ад таго, што здарылася, не пройдзе і праз некалькі дзён.

Паўабаронца «Пясту» Патрык Дзічэк

На жаль, не ўсё было пад нашым кантролем, бо ў канцы сустрэчы збеглі з-пад варты моманты ў супернікаў з прычыны нашых простых памылак». На памылкі наракаў і галоўны трэнер ФК БАТЭ Аляксей Бага:

«Да 70-ай хвіліны мы рабілі нямала простых пралікаў, але ў цэлым выглядалі актыўна і няблага. І нам удалося выраўняць гульню. З пачатку, у адрозненне ад трэнера суперніка, які выпусціў на поле тую ж самую «адзінаццатку», што стартавала і ў Барысаве, я прытрымаў пару гульцоў на потым. І, як аказалася, яны добра ўзмацнілі сітуацыю на нашую карысць. Але галоўнае, што ставілася на мэце, – гэта вынік. І мы яго дасягнулі, скарыстаўшыся досведам у заключныя 15 хвілінаў гульні».

Галоўны трэнер ФК БАТЭ Аляксей Бага. Фота ФК БАТЭ

Упершыню ў гісторыі

Насуперак беларускім прыярытэтам, дзе асноўнае спартовае жыццё віруе ў Менску, сталіца суседняй Польшчы далёкая ад наяўнасці ў ёй лідараў спорту. Варшава не мае свайго прадстаўніка ў элітным дывізіёне гандбольнага мужчынскага чэмпіянату краіны, няма ўвогуле хакею з шайбаю, не канкурэнтаздольны жаночы валейбол. Як мінімум на сезон Варшава згубіла і футбольнае лідарства. Самы заможны клуб краіны – «Легія» – упусціў лідарства ў Экстракласе ў самым канцы мінулага сезону, дазволіўшы ўпершыню стаць чэмпіёнам дружыне са 180-ці тысячных Глівіц.

Справка

Наступным супернікам БАТЭ, які сёлета быў вымушаны стартаваць у Лізе чэмпіёнаў нязвыкла рана, будзе нарвежскі «Русэнборг». Першы матч для БАТЭ зноў стане хатні ды будзе згуляны 24 ліпеня. Двубой у адказ – 31 ліпеня ў Тронгэйме.

Мясцовы клуб, названы ў гонар першай польскай княскай і каралеўскай дынастыі, заснавальнікам якой быў селянін на імя Пяст, стварыў вельмі характарны калектыў, калі здолеў асаромець гіганта «Легію» з яе ў сем разоў вышэйшым бюджэтам. Фінансавыя магчымасці новага чэмпіёна Польшчы складаюць больш за 6 з паловаю мільёнаў долараў. Гэта больш мільёна на паўтара, чым афіцыйна прапісана ў бюджэце першага суперніка «Пяста» ў Лізе чэмпіёнаў УЕФА – барысаўскага БАТЭ. Але сіла польскага чэмпіёна яшчэ і ў тым, што, маючы еўрапейскую бязвізавую прапіску, каманда з Глівіц здолела ўкамплектавацца больш дарагімі футбалістамі, чым ёсць у беларускага клубу. А ў БАТЭ не забярэш галоўнага – значна большага досведу.

АП belsat.eu

Стужка навінаў