Чэмпіёнка свету па веславанні трапіла ў аварыю пад Баранавічамі


Вечарам 3 студзеня на трасе М1 у аварыю трапіла 22-гадовая чэмпіёнка свету па веславанні сярод моладзі Крысціна Стараселец.

Інфармацыю пра ДТЗ пацвердзілі ў берасцейскім ДАІ. Паводле ДАІ 24-гадовы мянчук, кіруючы аўтамабілем маркі «Альфа Рамэа 156» на 185 км трасе Берасце – Менск – мяжа РФ не справіўся з кіраваннем транспартным сродкам, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе здзейсніў сутыкненне з аўтамабілем маркі «Форд Куга», якім кіравала 22- гадовая берасцейка.

У выніку ДТЗ кіроўца аўтамабіля маркі «Альфа Рамэа 156» і 19-гадовы пасажыр аўтамабіля маркі «Форд Куга» з траўмамі дастаўлены ў Баранавіцкую гарадскую бальніцу і пасля аказання медычнай дапамогі былі адпушчаныя.

Як стала вядома belsat.eu, за стырном «Форда» апынулася чэмпіёнка свету сярод моладзі па акадэмічным веславанні, прадстаўніца нацыянальнай зборнай Беларусі Крысціна Стараселец. Аварыя не прынесла значнай шкоды здароўю дзяўчыны.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў