Чэмпіянат свету па хакеі – 2020 адменены афіцыйна


Зборная Беларусі па хакеі трэнуецца на «Чыжоўка-Арэне».
Фота: Андрэй Лавянецкi

23 сакавіка Рада Міжнароднай федэрацыі хакею з шайбаю прыняла рашэнне адмяніць чэмпіянат свету праз пандэмію каронавіруса. Афіцыйна паведамленне прэс-службы арганізацыі гучыць так: «Рашэнне прынятае у сувязі з працягам пандэміі каронавіруса (COVID-19). З улікам бягучых акалічнасцяў і абмеркавання з рознымі зацікаўленымі бакамі Рада МФХ пастанавіла, што чэмпіянат свету па хакеі з шайбаю 2020 года ў Цюрыху і Лазане адбыцца не можа». У Міжнароднай федэрацыі хакею падкрэсліваюць, што варыянт з пераносам турніру ў іншую краіну таксама немагчымы.

«Патэнцыйны сцэнар пераносу чэмпіянту свету па хакеі з шайбаю – 2020 на іншы год – гэта пытанне, якое павіннае абмяркоўвацца ў межах кангрэсу, улічваючы той факт, што краіны-арганізатары сусветнага першынства абраныя да 2025 года».

Трэнер беларускай зборнай Міхаіл Захараў.
Фота: Андрэй Лавянецкi

Планавалася, што чэмпіянат планеты – 2021 прайдзе ў сталіцах Беларусі ды Латвіі. Але, паводле крыніцаў з Міжнароднай федэрацыі хакею, графік правядзення чэмпіянатаў свету можа быць ссунуты на адзін год наперад. Пытанне мелі развязаць у межах штогадовага кангрэсу федэрацыі, які мусіў адбыцца ў Цюрыху пасля заканчэння сёлетняга чэмпіянату планеты: з 21-га да 23-га траўня. Але і гэтую сустрэчу адклалі на нявызначаны тэрмін. Паведамляецца таксама, што Рада МФХ за найбліжэйшыя тыдні абмяркуе і ацэніць ўсе наступствы прынятага рашэння, а таксама абярэ дату і месца правядзення кангрэсу.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў