Чатыры смерці за тыдзень. Што вядома пра сітуацыю з каронавірусам у Бешанковічах?


У Бешанковічах Віцебскай вобласці на гэтым тыдні памерла працаўніца санэпідслужбы. Гэта не першая смерць у райцэнтры – раней памерла дэзынфектарка той жа ўстановы. Як стала вядома belsat.eu, таксама не стала двух жыхароў вёскі Берасні. Афіцыйная прычына – пнеўманія, але мясцовыя жыхары мяркуюць, што да смерці людзей спрычыніўся каронавірус.

Віцебск і Віцебская вобласць – на другім месцы па ўзроўні распаўсюду каронавіруснай інфекцыі пасля Менску. Яна закранула як мінімум 12 раёнаў, ёсць ахвяры. У чацвер, 17 красавіка, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі агучыў статыстыку: больш за ўсё выпадкаў заражэння ў Докшыцкім раёне – 72, у Бешанковіцкім і Лёзненскім – 27 і 22 адпаведна. Колькі чалавек памерла, ён не сказаў, але адзначыў, што 180 за апошнія содні былі выпісаныя са шпіталяў.

Як пісаў Onliner, цяпер у Бешанковічах медыкі жывуць у будынку гімназіі, а на абсталяванне для раённай больніцы грошы збіраюць праз абвесткі ў сацсетках. Усе аддзяленні забітыя хворымі на пнеўманію. Лекары самі не ведаюць, адкуль прыходзіць «гуманітарка» са сродкамі абароны і прэпаратамі. У горадзе ўсяго 2 апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, прычым да аднаго з іх ужо быў падключаны пацыент.

Калі 9 красавіка стала вядома пра смерць 57-гадовай дэзынфектаркі Наталлі Літвяковай, «Наша Ніва» са спасылкай на ейную калегу паведаміла, што ўвесь персанал раённай санстанцыі ізаляваны, іх тэстуюць на каронавірус. Звязацца з установай на момант публікацыі не атрымалася, на тэлефанаванні там не адказваюць.

Hавiны
У Бешанковічах раптоўна вырасла колькасць хворых на запаленне лёгкіх
2020.04.06 21:14

Райвыканкам: яшчэ адна працаўніца санэпідслужбы памерла

Мы даведаліся, што на гэтым тыдні ў Бешанковічах памерла галоўная бухгалтарка санэпідслужбы, ёй было каля 60 гадоў.

Старшыня Бешанковіцкага райвыканкаму Галіна Унуковіч у каментары Belsat.eu пацвердзіла, што гэтая жанчына сапраўды памерла, аднак называць прычыну смерці не стала.

«Праводзіцца ўскрыццё і іншыя неабходныя мерапрыемствы ў рамках заканадаўства», – сказала яна.

Акрамя таго, старшыня райвыканкаму распавяла, што частка ейных падначаленых цяпер знаходзіцца на бальнічных па стане здароўя.

«Працаўнікі райвыканкаму насамрэч часткова сышлі на бальнічны па стане здароўя, прычыну назваць не магу, гэта іхныя асабістыя звесткі. Хтосьці паказвае бальнічныя лісты, хтосьці распавядае, а хтосьці маўчыць. У Бешанковічах створаны каардынацыйны штаб, ёсць пратаколы даручэнняў, складзены план па барацьбе, дакладней, па перадухіленні захворвання», – дадала яна.

Фота: onliner.by

На пытанне, чаму Цэнтральная раённая больніца вымушаная збіраць ахвяраванні, Галіна Унуковіч кажа:

«Гэта парушае заканадаўства ці што? Я лічу, што такія сітуацыя гуртуюць людзей і звяртаюць увагу людзей на неабходнасць клапаціцца пра сябе… І ў такія святыя дні, перад Вялікднем гэта даніна міласэрнасці, гуманізму. Гэта нічому не супярэчыць».

У прыёмнай галоўнага лекара Бешанковіцкай ЦРБ карэспандэнту belsat.eu адмовіліся называць канкрэтныя звесткі.

«Усё, што неабходна, шпіталь мае. Дапамогу аказвае, дапамога даступная ўсім на дастатковым узроўні для нашай больніцы і ў адпаведнасці з усімі нарматыўным дакументамі. Усяго добрага», – адказалі там і паклалі слухаўку.

Вёска Бачэйкава Бешанковіцкага раёну. Фота planetabelarus.by

Лекары з Бешанковіцкага раёну: «У нас тут усё палыхае»

Смерць некалькіх чалавек за тыдзень у Бешанковічах пацвярджае крыніца belsat.eu з Бешанковіцкага раёну. Паводле суразмоўцы, бухгалтарка памерла ў сераду.

«Там жа на санстанцыі хворыя і галоўны лекар, і памочнік эпідэміёлага на пнеўманіі… Я не ведаю, ці працуе сама санстанцыя. Магчыма, пару чалавек сядзяць і дрыжаць ад страху. Яны не дадуць вам ніякай інфармацыі, бо ўсе баяцца. Наш медычны народ моцна запужаны ўсім гэтым», – кажа суразмоўца.

Таксама лекарка на ўмовах ананімнасці распавяла, што за тыдзень у вёсцы Берасні, памерла 88-гадовая бабуля і ейны зяць, якому было за 60.

«Спачатку памерла бабуля, на выходных хавалі, а праз пару дзён мы даведаліся, што і мужчына гэты… Ён ляжаў на ШВЛ. Яны разам з жонкай ездзілі на працу ў адной машыне з працаўніком райвыканкаму, бо былі суседзямі. Жонка перахварэла, а ён памер. У выканкаме, натуральна, была крыніца [інфекцыі. – Belsat.eu]. Працаўнік райвыканкаму цяпер ляжыць у шпіталі з пнеўманіяй».

Беларуская тэст-сістэма для выяўлення каронавіруса.
Фота: vitvesti.by

Яшчэ адная суразмоўца belsat.eu, Марына Папко, якая таксама працуе лекарам у Бешанковіцкім раёне, падзялілася сваёй сітуацыяй. Амбулаторыя, дзе працуе Марына, абслугоўвае 1800 чалавек з двух дзясяткаў вёсак у радыусе 18 км ад Бачэйкава. За месяц яна выпісала 80 бальнічных па ВРВІ, але дапускае, што сярод іх была і каронавірусная інфекцыя.

«Сёння паклала ў Бешанковічы жанчыну з пнеўманіяй, у якой стан не паляпшаўся. Учора адвезлі ў шпіталь аднаго кантактнага – дайшла інфармацыя праз санэпідслужбы, што ён ездзіў у санаторый «Белая Вежа» у Берасцейскую вобласць, а там ёсць выпадак COVID-19.

Калі фельчар прыходзіла да яго ўзяць усе распіскі [аб рэжыме самаізаляцыі. – Belsat.eu], ён схаваў, што ўжо тэмпература была 37 з нечым. А калі стала 39, ён сам звярнуўся. Яшчэ адзін дальнабойнік сядзіць пад распіскай, бо вярнуўся з Вугоршчыны. А што нам тая Вугоршчына, калі ў нас тут усё палыхае?»

Аб’ектыў
Актывіст з Бешанковічаў: «сітуацыя можа выбухнуць катастрафічна!»
2020.04.09 22:28

Лекарка сцвярджае, што цяпер востра адчуваецца недахоп сродкаў абароны: рэспіратараў няма, замест іх выдалі «палепшаныя маскі з каркасам». У амбулаторыю Бачэйкава неабыякавыя людзі перадалі партыю тканевых масак і медсястра на ўваходзе выдае іх кожнаму пацыенту. Аднак для абароны медыкаў патрэбныя не маскі, а менавіта рэспіратары FFP3, якія фільтруюць да 98 % паветра, кажа лекарка.

«Учора выйшаў загад Мінздароўя, што лёгкае цячэнне COVID-19 пераводзяць на дом. Калі іх будуць наведваць на доме без рэспіратараў зараз – усе медыкі палягуць. Магчыма, яны [рэспіратары. – Belsat.eu] ёсць у абласных больніцах, але я сёння тэлефанавала ў Бешанковічы – у нас рэспіратараў няма», – дадае Марына Папко.

***

У Беларусі па стане на 17 красавіка зарэгістравана 4 779 выпадкаў заражэння каронавірусам, паправіліся і былі выпісаныя 342 пацыенты. 42 чалавекі памерлі. Паводле Мінздароўя, толькі сярод медыкаў інфікаваныя як мінімум 419 чалавек.

Hавiны
Мінздароўя: у Беларусі 4779 выпадкаў інфікавання каронавірусам, 42 чалавекі памерлі
2020.04.17 13:26

КА belsat.eu

Стужка навінаў