Чатыры абяцанні кандыдата Зяленскага, ад якіх «валасы дуба сталі»


У другім туры Пятро Парашэнка, які, паводле крыніцы ў атачэнні прэзідэнта, не чакаў гэткага нізкага выніку, пачаў, як кажуць, адказваць за свае словы. Ён сустракаецца з прадстаўнікамі грамадзянскага ды экспертнага асяроддзя, ходзіць на эфіры тэлеканалаў і не ўхіляецца ад вострых пытанняў. У гэты ж час ягоны апанент Уладзімір Зяленскі захоўвае выпрацаваны стыль камунікацыі. Не ходзіць, не сустракаецца, не адказвае. Пры гэтым ад некаторых пунктаў праграмы самага «вясёлага і знаходлівага» на ўкраінскай сцэне ў экспертаў «валасы дуба сталі».

1. Усё вырашае народ шляхам рэферэндумаў

У законапраекце «пра народаўладдзе» Зяленскі збіраецца «замацаваць механізм, паводле якога толькі народ Украіны будзе фармаваць асноўныя заданні для ўлады шляхам рэферэндуму, або іншых формаў наўпроставай дэмакратыі». Прычым збіраць народныя жаданні кандыдат абяцае праз найноўшыя тэхналогіі, якія гэтак пасуюць да сучаснай Украіны.

Адная з школаў у цэнтры Кіева рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў у нядзелю.
Фота: Адэля Дубавец/belsat.eu

«Нідэрланды, памятаецца, прынялі падобны закон пра рэферэндум. Пасля таго, як яны правялі рэферэндум і ледзьве перажылі ягоныя вынікі, закон скасавалі, – распавядае кіраўнік Цэнтру палітыка-прававых рэформаў Ігар Каліушка. – Другі прыклад – Брэкзіт. Там таксама правялі рэферэндум, але дагэтуль ніхто сказаць не можа, чым гэта ўсё скончыцца. Зразумела, прынамсі, тое, што ў выніку гэтага Вялікая Брытанія панясе велічэзныя страты».

Адная з школаў у цэнтры Кіева рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў у нядзелю.
Фота: Адэля Дубавец/belsat.eu

Сам па сабе рэферэндум, паводле адмыслоўца, патрэбная і істотная рэч. Аднак, на ягоную думку, калі рэалізоўваць палітыку даслоўна гэтак, як сцвярджаецца ў праграме Зяленскага, краіна зруйнуе сябе за некалькі рэферэндумаў.

«Рэферэндумам нельга гэтак гуляцца!», – здзіўляецца Каліушка.

2. Прагулы дэпутатаў – падстава для аўтаматычнага пазбаўлення мандату

Гэтаксама Зяленскі абяцае праганяць з парламенту за «кнопкацісканне», пакінуўшы некранутымі Карпацкія лясы, а не чальцоў Вярхоўнай Рады.

«З аднаго боку, магчыма, гэта проста папулісцкі ход. З іншага, гэта можа быць тое ж, што праяўляла мноства нашых папярэдніх прэзідэнтаў, пачынаючы з Леаніда Кучмы. Ім пастаянна замінаў парламент, – кажа Ігар Каліушка. – Выходзіць, што, яшчэ не стаўшы прэзідэнтам, Уладзімір Зяленскі ўжо адчувае вялікую небяспеку ад парламенту і шукае магчымасці, як зрабіць дэпутатаў ручнымі. Нехта, значыцца, зможа вызначаць, прагул гэта ці не прагул і пазбаўляць за гэта мандату».

Зяленскі адмовіў у інтэрв’ю вядучым навіновым агенцтвам і тэлеканалам, і ўрэшце даў яго карэспандэнту РБК-Украіна, якому прайграў у настольны тэніс пад час першага туру выбараў.

3. «Нулявая дэкларацыя для бізнесу»

Паводле гэтага плану, кожны бізнесовец за 5 % зможа легальна задэклараваць і легалізаваць свае даходы. Атрыманыя кошты Зяленскі і каманда абяцаюць накіраваць на змяншэнне тарыфаў для малазабяспечаных. Пасля «эканамічнага чыстца», паводле праграмы Зе!, кожны атрымае шанец у будучыні сумленна весці бізнес у краіне.

Налепкі супраць Зяленскага, выкананыя ў колерах ягонай агітацыйнай кампаніі.
Фота: Адэля Дубавец/belsat.eu

«Слухайце, больш за 90 % нашых бізнесоўцаў не маюць афшорных рахункаў, – здзіўляецца Каліушка. – У адрозненне ад самога Зяленскага. Яны штогод знаходзяцца пад лупаю ў падатковай, кожны другі год іх правярае яшчэ хто-небудзь, напрыклад, служба бяспекі. Што ім дэклараваць, калі яны і так штогод усё дэкларуюць і сплочваюць?».

Выходзіць, што кожны бізнесовец павінен будзе сплаціць 5 % дзяржаве? Ці не? На жаль, удакладніць адмыслоўцам няма ў каго.

11 грахоў кандыдата-коміка паводле ананімнага гарадскога расклейшчыка.
Фота: Адэля Дубавец/belsat.eu

4. Звядзенне ўсяго дзяржаўнага функцыяналу да памераў смартфону

Абяцаная Зяленскім дзяржава забяспечыць усіх доступам да хуткаснага інтэрнэту. Кожны ў «паЗелянелай» Украіне зможа за гадзіну аформіць свой бізнес, за 15 хвілінаў – замежны пашпарт, а прагаласаваць увогуле – за 1 хвіліну, у інтэрнэце.

«Абараняць свае межы і адваёўваць Данбас мы таксама будзем смартфонамі», – іранізуе Ігар Каліушка.

Налепкі супраць Зяленскага, выкананыя ў колерах ягонай агітацыйнай кампаніі.
Фота: Адэля Дубавец/belsat.eu

Дзеля справядлівасці

На фоне абвінавачанняў у бок кандыдата Зяленскага, дзіўна было б не заўважыць белых плямаў у праграме дзейнага кіраўніка Украіны Пятра Парашэнкі. Гэтак, адмыслоўцы, якія адзначылі для сябе большую актыўнасць і гатовасць да супрацы кандыдата пасля першага туру, адзначылі і пазбяганне канкрэтыкі па некаторых пунктах.

«Пятро Парашэнка цяпер шмат кажа пра тое, што трэба змагацца з беднасцю, – кажа шэф-рэдактарка выдання «Дэтэктар Медыя» Наталля Лігачова. – Аднак ён не ўдакладняе, якім спосабам. Таксама ён часта гаворыць пра неабходнасць канчаткова перамагчы карупцыю, пры гэтым не абяцаючы не прымаць на працу сваіх сяброў».

Наяўная сітуацыя ў спадарыні Наталлі не выклікае асаблівага аптымізму:

«Адзін кандыдат, якога мы вельмі добра ведаем, паказаў, што можа змяняцца, але не даў канкрэтных адказаў на пэўныя істотныя пытанні. Прынамсі мы ведаем, які геапалітычны курс ён вызначыў і будзе працягваць. Іншы кандыдат наагул не даў адказу ні па адным пытанні, і мы не ведаем, што нас чакае».

Фота: Адэля Дубавец/belsat.eu

Адэля Дубавец belsat.eu

Стужка навінаў