Чатырохдзённы працоўны тыдзень у офісе Microsoft у Японіі прадэманстраваў павелічэнне прадукцыйнасці працы


Дзеля эксперыменту офіс кампаніі Microsoft у Японіі прыняў рашэнне пра ўвядзенне чатырохдзённага працоўнага тыдня. Па выніках месяцу выявілася, што гэта станоўча адлюстравалася як на працаўніках, так і на эканамічных паказніках кампаніі. Пра гэта піша cnbc.com.

З мэтаю эксперыменту офіс кампаніі прыняў рашэнне пра тое, што пятніца, субота і нядзеля былі вольнымі ва ўсіх працаўнікоў. Пры гэтым заробак і адпачынак заставаліся такімі ж, як і пры пяцідзённым працоўным тыдні. Па выніках месяца выявілася, што прадукцыйнасць працы павялічылася на амаль 40 %. У той ж час кампанія скараціла выдаткі на электрычнасць на 23 %. На 58 % скараціліся выдаткі на паперу.

У сваю чаргу 92 % працаўнікоў кампаніі заявілі, што эксперымент ім вельмі спадабаўся. Пры гэтым офіс Microsoft у Японіі разглядае магчымасць працягнуць эксперымент у будучым.

Увядзенне чатырохдзённага працоўнага тыдня набірае моц па ўсім свеце. Прыхільнікі новаўвядзення падкрэсліваюць яго магчымыя перавагі ў зніжэнні стрэсу і перадухіленні стомы.

У Беларусі ж пакуль такой ініцыятывы не ўзнікае.

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў