Частка расейскіх войскаў прыбудзе ў Беларусь 15 жніўня рыхтавацца да вучэнняў «Захад-2017»


Воінскія часткі і падраздзяленні са складу расейскай часткі рэгіянальнай групоўкі войскаў, у задачу якіх уваходзіць тылавое і тэхнічнае забеспячэнне сумесных стратэгічных вучэнняў «Захад-2017», пачнуць прыбываць у Беларусь 15 жніўня. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.

«Для стварэння рэальнай абстаноўкі і адпрацоўкі практычных дзеянняў сіл і сродкаў тылавога і тэхнічнага забеспячэння ў ходзе вучэнняў з 15 жніўня прыбываюць воінскія часці і падраздзяленні са складу расейскай часткі рэгіянальнай групоўкі войскаў», – адзначылі ў абаронным ведамстве.

Афіцыйны сайт Мінабароны Беларусі таксама паведамляе, што з 21 па 25 жніўня ў межах планавай падрыхтоўкі да сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і РФ «Захад-2017» адбудзецца сумеснае спецыяльнае вучэнне з органамі ваеннага кіравання, злучэннямі, вайсковымі часткамі і арганізацыямі тылавога, тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння ўзброеных сіл дзвюх краінаў.

«Практычна будуць адпрацаваныя пытанні тэхнічнага прыкрыцця абʼектаў на даручаных участках ваенна-аўтамабільных дарог, эвакуацыі, рамонту і аднаўлення няспраўных узораў тэхнікі і ўзбраення, разгортвання палявога магістральнага трубаправода, а таксама ўчасткаў масавай запраўкі тэхнікі», – гаворыцца ў паведамленні.

Вядома, што на час вучэнняў у Беларусь запрошаныя 80 міжнародных назіральнікаў. Іх маюць запрасіць абодва бакі – Беларусь і Расея. Афіцыйны Менск ужо пацвердзіў, што, сярод іншых, чакае назіральніка ад Латвіі. Тым часам Расея дагэтуль не запрасіла прадстаўніка гэтай краіны. Пра гэта распавёў ТАСС латвійскі прэмʼер Марыс Кучынскіс.

Нагадаем, да сумесных расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017» плануецца прыцягнуць да 12700 вайскоўцаў. На беларускай тэрыторыі – каля 10200 вайскоўцаў, у тым ліку каля 7200 – ад Узброеных сіл Беларусі і каля 3000 – ад Узброеных сіл РФ. У манеўрах задзейнічаюць да 680 адзінак баявой тэхнікі. Сумесныя стратэгічныя манеўры запланаваныя на перыяд з 14 па 20 верасня.

КА, belsat.eu

 

Стужка навінаў