Час «Паўлінкі» з грузавіка скончыўся?


Вялікія спектаклі трымаюцца вялікіх сцэнаў. Ці прынамсі родных, дзе рэфлектары на звыклых месцах, а дэкарацыі паварочваюцца куды трэба. Таму законы гораду і правінцыі тут жорсткія: хочаш пабачыць Віктара Манаева – прыязджай у сталіцу. І пра квіток загадзя парупся. Хочаш спектакль пра Шагала – едзь у Віцебск.

Спектакль «Біблія князя Радзівіла».
Фота: Віктар Ярашук

Альтэрнатывай для больш шчыльнага кантакту сцэнічных артыстаў з публікай, а публікі – з тэатрам, па-за фестывалямі становяцца невялікія, «лёгкія на пад’ём» пастаноўкі. Праўда, нараджаюцца яны не ў рэпертуарных тэатрах, а пад вандроўнай зоркай Антрэпрызы. І жывуць пераважна нядоўга.«Біблія князя Радзівіла» – доўгажыхар: спектакль, створаны ў 2015-м, 18 сакавіка з поспехам наведаў Пінск. Паказ арганізавалі самі пінчукі.

Спектакль «Біблія князя Радзівіла».
Фота: Віктар Ярашук

«Я проста спалучыў людзей у Менску і тут. Калі я прыехаў у Пінск, а я чалавек актыўны, то стаў думаць «Чым я магу дапамагчы, што магу змяніць?» Я заўжды сабе пытанні задаю, не грамадству. І я пабачыў, што ёсць людзі ў Менску, ёсць тэатр у Пінску – трэба неяк гэта аб’яднаць», – кажа прадпрымальнік, грамадскі дзеяч Міхал Сярэдзіч.

Спектакль «Біблія князя Радзівіла».
Фота: Віктар Ярашук

Пастаноўку да 500-годдзя Мікалая Радзівіла Чорнага стварылі Павел Харланчук і Зміцер Бейнарт-Саладуха. Пʼеса – фрагмент гісторыі пра Радзівіла Чорнага, намесніка вялікага князя і самага заможнага беларуса ў ВКЛ, які падтрымаў рэфармацыю, надрукаваў Біблію і быў адданым змагаром за суверэннасць Княства.

Спектакль «Біблія князя Радзівіла».
Фота: Віктар Ярашук

«Радзівіл Чорны перавярнуў усю краіну. Ён казаў: «Няважна, якой ты веры, важна, што ты тут жывеш і за гэтую краіну змагаешся.» Дай бог, каб мы хоць адну сотую паказалі», – кажа Павел Харланчук.

Палескі драматычны тэатр у Пінску 18 сакавіка быў поўны, а пасля заканчэння артыстаў доўга не адпускалі са сцэны.

Спектакль «Біблія князя Радзівіла».
Фота: Віктар Ярашук

«Мне быў вельмі цікавы спектакль, я ўвогуле вельмі люблю тэатр, гэтага так не хапае, няхай бы прыязджалі часцей», – кажа глядачка Юлія.

«Вельмі патрэбна, каб прыязджалі. Паболей культурных гасцей і артыстаў у Пінску», – кажа глядач Сяргей Крывела.

«На мой погляд, любыя культурныя падзеі ў нашай палескай сталіцы, у Пінску, ды і ўвогуле ў любой мясцовасці – гэта вельмі важна, бо людзі заклапочаныя бытавымі паўсядзённымі пытаннямі і неяк не паспяваюць падняць галавы, падумаць пра другія каштоўнасці. А такія падзеі дапамагаюць выйсці са сваёй скрынкі, убачыць другі светапогляд, успрыманне свету. Сённяшнія госці з Менску – людзі з розных тэатраў, сярод іх ёсць і не прафесійныя акторы», – кажа Міхал Сярэдзіч.

Спектакль «Біблія князя Радзівіла».
Фота: Віктар Ярашук

Пастаноўка «Бібліі», як кажа Павел Харланчук, насамрэч хутчэй аматарская, прынамсі па складзе артыстаў:

«Мы ўдваіх са Змітром Бейнарт-Саладухам гэта рыхтавалі. Гэта валанцёрскі праект людзей, якія любяць краіну і адчуваюць, што павінны несці асвету. Сярод актораў пяць прафесійных артыстаў, астатнія – аматары. Ёсць пажарны інспектар, працаўнік тыпаграфіі, але ўсе цікавяцца гісторыяй і любяць краіну».

Спектакль «Біблія князя Радзівіла».
Фота: Віктар Ярашук

Пінскія актывісты плануюць і далей заспакойваць культурны голад палешукоў – па меры сваіх сіл. Але вось, да прыкладу, пастановак Купалаўскага пінскі Палескі тэатр пакуль не пабачыць. Чаму?

«Гастролі спектакля – гэта дарагое задавальненне. І гаворка не пра ганарары, не пра тое, як зарабіць. Купалаўскі – прафесійны тэатр. Нам важна паказаць спектакль на 100%, захаваўшы максімум мастацкіх і тэхнічных рашэнняў. Таму выезд Купалаўскага прадугледжвае вялікую падрыхтоўку. Усё гэта вельмі дорага каштуе і, на жаль, не можа акупіцца ці хаця б пакрыць выдаткі тэатру. Прайшлі тыя часы, калі «Паўлінку» гралі ў кузаве грузавой машыны. На жаль, такая «народная» рамантыка ўжо немагчымая», – кажа кіраўніца аддзелу знешніх сувязяў Нацыянальнага Акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Дзіяна Даражок.

Спектакль «Радзіва Прудок».
Фота: ВГ/Belsat.eu

Выключэннем у гісторыі тэатру стаў спектакль «Радзіва Прудок» Рамана Падалякі. Увогуле, такі прэцэдэнт цяжка прыгадаць у беларускай тэатральнай гісторыі: твор напісаў былы дворнік Купалаўскага Андрэй Горват, а спектакль увасобіў цалкам рэальных персанажаў і пасля абсалютнага поспеху ў сталіцы (квіткоў дагэтуль не набыць) наведаў радзіму аўтара – Калінкавічы. Дзе сустрэліся персанажы, акторы і прататыпы.

Акторка Купалаўскага тэатру Святлана Анікей і прататып героя «Радзіва Прудок» цётка Надзя.
Фота: ВГ/Belsat.eu

«Сустрэліся два космасы, але кантакт адбыўся. Космасы прыглядаюцца адзін да аднаго. І па-чалавечы было проста прыемна і ўтульна, бо побач былі не выпадковыя людзі. Канешне, артысты хваляваліся – як успрымуць іх тыя, хто апісаны ў кнізе. І толькі калі стала зразумела, што «таможня дала дабро», усім стала спакайней, – кажа актор, рэжысёр спектакля «Радзіва Прудок» Раман Падаляка. – У такія гарады як Калінкавічы даязджаюць у лепшым выпадку нізкагатунковыя папсавікі. Ды і на фестывалях гледача ўсё адно кормяць «камбікормам», людзям цяжка адразу заглыбіцца, таму такія паездкі маглі б быць культурніцкай місіяй (хаця я не веру ў місіі). Канешне, галоўны фактар немажлівасці гастроляў – фінансавая стратнасць. А сэнс – у тым, каб зразумець, што за МКАД ёсць жыццё, а ў горадзе Н. – не толькі Ленін на плошчы», – кажа Раман Падаляка.

Спектакль «Біблія князя Радзівіла».
Фота: Віктар Ярашук

Адраджэнне пачынаецца з людзей. А тэатр, як вядома – з вешалкі. І часта за яе залішне моцна трымаецца, як і за будынкі з калонамі і за суперсучасныя тэхналогіі ў пастаноўках.

І хоць розумам разбэшчанага спецэфектамі гараджаніна 21 стагоддзя я прызнаю рацыю Дзіяны Даражок, але сэрца ўпарта кажа іншае: там, побач, за паваротам, у суседняй вёсцы, кватэры, мястэчку – людзі, такія ж, як ты. І ім, як і табе, «Тутэйшыя», «Пінская шляхта» ці «Радзіва Прудок» могуць у вялікай ступені змяніць светапогляд і памагчы сфармавацца тут і цяпер. І можа ранавата скончыліся ў нас часы «Паўлінкі» з кузава грузавіка»? Можа, на малых сцэнах рэпертуарных тэатраў могуць нараджацца актуальныя і мінімалістычныя спектаклі, якія лёгка было б паказваць і ў раённых дамах культуры – часта адноўленых, якія вельмі чакаюць гасцей. А размоваў пасля спектакля, які абуджае эмоцыі, думкі і рэфлексіі, не хапае і ў самім Менску. І, магчыма, гэта нават важней, чым у святле рэфлектараў паварочваць дэкарацыі неба пад адпаведным вуглом.

ВГ Belsat.eu

Стужка навінаў