«Чарнобыльскі шлях-2018»: улады скарэктавалі фармат. Стрым

ВІДЭА

«Чарнобыльскі шлях-2018»: ці дазволяць улады акцыю?

Ці дазволяць улады акцыю? Менгарвыканкам сёння мусіць адказаць на заяўку прадстаўнікоў апазіцыі наконт правядзення «Чарнобыльскага шляху-2018». Глядзіце наш стрым!

Publiée par «Белсат» sur vendredi 20 avril 2018

Удзельнікі Чарнобыльскага шляха збяруцца а 18:00 каля кінатэатру «Кастрычнік». А 18:30 пачнецца шэсце па маршруце праспект Незалежнасці – Сурганава – Арлоўская да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля». Паміж 20:00 20:30 тут пройдзе малітва-мітынг. Наш канал правядзе стрым з акцыі.

Менгарвыканкам не зацвердзіў фармат «Чарнобыльскага шляху-2018», прапанаваны апазіцыяй. Гарадскія ўлады не дазволілі правесці мітынг ля Акадэміі навук, а ў якасці месца збору дэманстрантаў прапанавалі пляцоўку ля кінатэатру «Кастрычнік».

Акрамя таго, улады скарацілі працягласць мітынгу каля Чарнобыльскай капліцы.

«Канешне, гэта ў пэўнай ступені абмяжоўвае нашыя планы, бо мы хацелі адразу на месцы збору зрабіць акцэнт на тэматыцы мерапрыемства, якая прысвечана Чарнобыльскай катастрофе і лакальным экалагічным праблемам, каб выкарыстаць той час, які адводзіцца на збор удзельнікаў, больш эфектыўна», – кажа старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Таксама Губарэвіч кажа, што дазвол на мерапрыемства трэба ацэньваць станоўча, але зазначае, што яго маглі даць і раней.

Раней заяўнікі запрашалі на Чарнобыльскі шлях міністра навакольнага асяроддзя Беларусі, тады ён паведаміў, што калі мерапрыемства будзе дазволенае ўладамі, то ён разгледзіць прапанову. Губарэвіч кажа, што запрашэнне дзейнічае і міністр можа далучыцца, калі захоча.

Таксама напярэдадні Чарнобыльскага шляху плануецца правесці круглы стол, які будзе прысвечаны праблемам ядравай энергетыкі. На мерапрыемства таксама запрошаныя прадстаўнікі ўладаў, але дагэтуль яны не пацвердзілі свой удзел.

Заяўка аб правядзенні «Чарнобыльскага шляху-2018» 2 красавіка была пададзеная ў Менгарвыканкам. Заяўку падпісалі прадстаўнікі сямі арганізацыяў, якія ўвайшлі ў аргкамітэт: партыі «Зялёныя», руху «За Свабоду», руху салідарнасці «Разам», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Арганізатары хацелі правесці мітынг на прыступках Акадэміі навук (пачатак збору – а 18-й), а потым прайсці шэсцем да Чарнобыльскай капліцы, дзе адбудзецца мітынг-рэквіем.

Паводле прадстаўнікоў апазіцыі, «Чарнобыльскі шлях-2018» мусіць стаць пачаткам наступнай кампаніі – «Астравецкі шлях». Пачынаючы з 26 красавіка апазіцыя плануе праводзіць круглыя сталы, зборы подпісаў, а таксама падаваць заяўкі на пікеты ў гарадах, якія ляжаць паміж Менскам і Астраўцом – Заслаўе, Радашковічы, Вілейка, Маладзечна, Смаргонь, Ашмяны і сам Астравец. Мэта новай кампаніі – спыніць будаўніцтва і ўвядзенне ў эксплуатацыю Астравецкай АЭС.

«Чарнобыльскі шлях» – традыцыйная вулічная акцыя, якую штогод 26 красавіка праводзіць апазіцыя. Першая акцыя адбылася ў 1988 годзе.

Глядзі таксама
Каментары