«Чарнобыль перажылі, і гэта перажывем». Рэпартаж з Буда-Кашалёва, на Гомельшчыне


Раённы цэнтр Буда-Кашалёў, 53 км ад Гомля. На пачатку сакавіка да гораду была прыкутая ўвага грамадскасці, бо ў мясцовае інфекцыйнае аддзяленне з пасёлку Камунар шпіталізавалі 39 чалавек, большасць з якіх былі кантактамі першага ўзроўню з хворымі на COVID-19. Вучня мясцовай школы з бацькамі ды сваякамі, у якіх пацвердзіўся каронавірус, змясцілі ў Гомельскі інфекцыйны шпіталь, астатніх людзей праз некалькі дзён адпусцілі дадому.

Як змянілася жыццё жыхароў раённага цэнтру ва ўмовах пандэміі каронавіруса, якія прафілактычныя захады робяцца ў горадзе ў адміністратыўных будынках і асабіста самімі жыхарамі райцэнтру – у матэрыяле карэспандэнтаў Belsat.eu.

Амаль на ўездзе з боку Гомля – мясцовая паліклініка, шпіталь і санстанцыя. Робім першы прыпынак. Маладзён Яўген у чорнай масцы ідзе з паліклінікі, у яго праблемы з гландамі. Наконт наведвальнасці паліклінікі адзначае, што «такога натоўпу, як раней, ужо няма». Ён працуе ў салоне сувязі. Ягонае кіраўніцтва з Менску дбае пра бяспеку працаўнікоў, таму штодня дасылае поштаю бутэлькі з антысептыкам. Працаўнікі пасля кожнага кліента апрацоўваюць рукі ды паверхні. Сам ходзіць у масцы, кажа, што цяпер маскі можна набыць і ў звычайных крамах, дэфіцыту няма. Яўген за ўвядзенне каранціну.

Яўген.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

У паліклініцы ў абедзенны час амаль няма наведнікаў. На ўваходзе абвесткі пра маскавы рэжым ды інфармацыя пра тое, што хворыя з тэмператураю прымаюцца ў асобным памяшканні, уваход з двара.

Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

За паліклінікай вялікі будынак мясцовага шпіталю. Медсястра ідзе на змену – кажа, што маску надзявае толькі на працы. Што да магчымасці заразіцца, яна настроеная фаталістычна: «Што бог дасць». Чула, што нехта з медперсаналу паліклінікі заразіўся, але дакладных звестак не мае.

Мясцовы шпіталь.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

56-гадовая пенсіянерка Валянціна вяртаецца з паліклінікі, толькі днямі яна купіла ў аптэцы маску. Раней сядзела на самаізаляцыі, а цяпер выйшла з дому, каб аплаціць камуналку і атрымаць пенсію. Не трывожыцца і не панікуе.

«Чарнобыль перажылі, і гэта перажывем». – кажа спадарыня Валянціна.

Валянціна.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

Едзем у цэнтр гораду, траціна мінакоў у масках. Людзей на вуліцах не багата. Шмат хто перасоўваецца на ровары.

Раённы цэнтр Буда-Кашалёў.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

Спыняемся ля шапіку «Белсаюздруку». 50-гадовая прадавачка Ала кажа, што кіраўніцтва ёй выдала антысептык, тры марлевыя маскі, гумовыя пальчаткі ды памятку «Як паводзіць сябе ў самаізаляцыі». На мінулым тыдні ў шапіку былі ў продажы шматразовыя марлевыя маскі, але іх разабралі. У якасці антысептыка прапанавала нам антыбактэрыяльнае вадкае мыла.

Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

Мясцовы райвыканкам. У фае – бескантактны антысептык і ў пульверызатары. Вахцёр кажа, што прыём грамадзянаў істотна абмежаваны і неўзабаве будзе наогул спынены. Калі нехта прыходзіць з афіцыйнымі паперамі да чыноўнікаў, ён бярэ на сябе функцыю кур’ера.

Мясцовы выканкам.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

На плошчы злева ад выканкаму будынак «Белаграпрамбанку». У памяшканні на ўваходзе няма антысептыка і аніякай інфармацыі аб прафілактыцы каронавіруса.

Ля банку сустракаем сталых мужчынаў – адзін з іх працуе, а другі на пенсіі. Працоўны кажа, што ўласнага меркавання наконт неабходнасці ўвядзення каранціну не мае: «Як кіраўніцтва вырашыць». 65-гадовы пенсіянер спадар Васіль – за жорсткія каранцінныя захады.

«Калі нашыя суседзі ўсе ўвялі каранцін, а чым мы горшыя? – эмацыйна запытваецца спадар Васіль. – Мы не хочам заразіцца. У мяне бабуля. Яна сядзіць дома з унукамі. Ніхто з іх нават на вуліцу не выходзіць».

Васіль.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

У горадзе шмат аптэкаў, у адну з іх мы завіталі, каб даведацца, ці ёсць у продажы маскі, антысептыкі ды пальчаткі. У продажы ёсць марлевыя маскі за 1,5 рубля. Самі правізары ў марлевых масках і пальчатках, яны кажуць, што людзі разабралі 2-гадовы запас парацэтамолу. Гліцэрыну для самастойнага прыгатавання антысептыка ў продажы няма. На вітрыне – плакаты пра неабходнасць сацыяльнага дыстанцыявання і выканання правілаў асабістай гігіены.

Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

Ля аптэкі сустракаем 82-гадовую пенсіянерку Тамару з вёскі Патапаўка. Жанчына ў марлевай масцы – кажа, што ад самага дому ў ёй ехала, не зняла нават у машыне. Хоць і жыве ў вёсцы на самаізаляцыі, пра выпадкі каронавіруса ў раёне яна ведае.

«Казалі, у аддзяленні тэрапіі ўсю змену забралі, – дзеліцца інфармацыяй пенсіянерка. – У нас у Патапаўцы ў дзеўчынкі К. пацвердзіўся аналіз каронавіруса. У яе сям’і пабралі аналізы, але ў шпіталь не забралі. Мы з мужам старыя ўжо, нікуды не ходзім, толькі ў краму. Нашылі масак са сваёй тканіны, бо раней у аптэцы масак не было». Тамара супраць каранціну, бо апасаецца, што не атрымае пенсіі.

Тамара.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

Пасля аптэкі рушым на рынак. Мясцовы рынак апусцеў, самотныя гандляры стаяць у чаканні пакупнікоў, але іх няма. 38-гадовы індывідуальны прадпрымальнік Ілля гандлюе адзеннем і абуткам. Наконт змяншэння арэнды, прыпынення выплатаў у пенсійны фонд нікуды не звяртаўся. Ён непакоіцца, што нават калі зараз не трэба будзе плаціць за арэнду ці ФСАН, выплаты спагоняць у будучым. Выжыць у крызісны час дапамагае ўласная гаспадарка.

Ілля.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

Ля рынку сустракаем 53-гадовага Ігара. Таксама чуў пра заражэнне медработнікаў у паліклініцы. Ён называе і канкрэтныя прозвішчы дактароў, якія, нібыта, заразіліся. Кажа, што 35-гадовага супрацоўніка «Горгазу» шпіталізавалі з сімптомамі каронавіруснай інфекцыі. Ігар адзначае, што панікі ў людзей няма, але на вуліцах людзей стала заўважна менш, шмат людзей застаецца на самаізаляцыі. Выказваецца за ўвядзенне каранціну, але з захаваннем мінімальнага заробку. Інфармацыю пра вірус ён бярэ з інтэрнэту, афіцыйным крыніцам не давярае.

Ігар.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

«Лукашэнка кажа, што ў нас няма каронавіруса, але ж усё аказваецца наадварот, людзі хварэюць. Адчуваю нейкую няёмкасць за яго, і нават непавагу», – кажа спадар Ігар.

Кавярня ля рынку ў цэнтры гораду працуе толькі да 19.00, бо са словаў працаўніцы Марыны, людзі перасталі хадзіць увечары, кафэ трымаецца толькі дзякуючы абедам.

23-гадовая Алена працуе ў прадуктовай краме, пад звычайную марлевую маску ў чатыры слоі падклала яшчэ шмат слаёў бінту. Яна на працы заўжды ў масцы і гумовых аднаразовых пальчатках.

«Каронавіруса баімся, бывае, нават і паніка ахоплівае, калі нехта кашляне. Усе мусяць насіць маскі, на мой погляд, і каранцін, канечне, патрэбны». – адзначае Алена.

Алена.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

Айцец Сергій з Мікольскай царквы асабіста за каранцін, але сам не мае права замкнуць сабор. Кажа, што прыкладна на 70 % паменела прыхаджанаў, пераважна сталых людзей.

«Мы кіруемся словамі нашага экзарха, які заклікаў людзей устрымацца ад наведвання храму. Але яны ж не закрытыя, і мы іх самі закрыць не можам, бо не маем такіх паўнамоцтваў. Сёння была праверка санітарных службаў, да нас ніякіх няма прэтэнзіяў. На кожным кроку ў нас сродкі для апрацоўвання царквы і рук», – распавядае айцец Сергій.

Айцец Сергій з Мікольскай царквы.
Фота: Андрусь Гаёвы / «Белсат»

Галоўная доктарка мясцовага шпіталю на старонках раённага выдання «Авангард» распавядае, як вядзецца праца з пацыентамі з падазрэннем на каронавірус.

«Мы іх змяшчаем у інфекцыйнае аддзяленне нашага шпіталю і бярэм забор, – распавядае галоўная доктарка Жана Еўтухова. – Калі вынік станоўчы, мы пацыента адпраўляем у Гомельскі інфекцыйны шпіталь. Адначасова высвятляем спіс кантактных асобаў першага і другога ўзроўняў, арганізоўваем іхнае лабараторнае даследаванне. Кагосьці пра наяўнасці прыкметаў ВРВІ мы змяшчаем у нашае інфекцыйнае аддзяленне, кагосьці пакідаем дома на самаізаляцыі».

Галоўная доктарка запэўнівае, што сродкаў абароны для медычнага персаналу (маскі, пальчаткі), антысептыкаў, абаронных халатаў хапае. Лекавымі прэпаратамі шпіталь забяспечаны ў поўным аб’ёме.

Паводле нашых крыніцаў у мясцовым шпіталі, тэрапеўтычнае аддзяленне закрытае, а яго супрацоўнікі, 25 чалавек, лічацца кантактамі першага ўзроўню, бо ў загадчыцы аддзялення станоўчы тэкст на каронавірус, таму ўсіх, хто з ёй кантактаваў, адхілілі ад працы. Яны або дома на самаізаляцыі, або на працы. Так, яе намеснік кансультуе пацыентаў дыстанцыйна праз тэлефон. У радзільным і інфекцыйным аддзяленнях ляжаць кантакты першага ўзроўню. У дзіцячае аддзяленне прымаюць толькі цяжка хворых дзяцей, планавыя шпіталізацыі спынілі.

Узяць аператыўны каментар у галоўнай доктаркі Жаны Еўтуховай цягам дня не атрымалася.

Hавiны
Медыкам, якія працуюць з каронавірусам, дадуць штомесячную надбаўку
2020.04.17 09:30

Ганна Кавальчук, фота Андрусь Гаёвы belsat.eu

Стужка навінаў