Чарнасоценцы, цітушкі і іншыя «неабыякавыя грамадзяне» – гібрыдныя войны супраць свайго народу

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Восенню 2020 года ў Беларусі з’явіліся невялікія групы асобаў у цывільным, якія, па версіі чыноўнікаў, былі не супрацоўнікамі той ці іншай дзяржаўнай структуры, а «неабыякавымі грамадзянамі» ці «дружыннікамі».

Такім чынам, як мінімум, фармальна было прызнана існаванне пэўнага кола асобаў, якія могуць фізічна ўжыць сілу супраць пратэстоўцаў ці знішчыць вынікі іхнай працы (ад стужак да муралаў) па ўласнай ініцыятыве. Міліцыя ніяк не перашкаджае, хутчэй дапамагае такім дзеянням. Напад адной такой групы на жыхароў менскага двара прывёў да смерці Рамана Бандарэнкі.

У якіх краінах улады выкарыстоўвалі падобныя групы, і да чаго гэта прыводзіла?

Чарнасоценцы

Гэтак называлі прадстаўнікоў манархічных і антысеміцкіх арганізацыяў у Расеі ў 1905-1917 гадах, якія абаранялі самаўладдзе цароў. Уласна арганізацыя «Чорныя сотні» была толькі адной з аналагічных, аднак менавіта яна дала імя ўсяму руху.

 

Дэманстрацыя чарнасоценцаў у Адэсе ў 1905 годзе. Крыніца: wikipedia.org

Актыўнасць чарнасоценцаў у гвалце супраць ідэйных апанентаў стала найбольш заўважнай у 1905 годзе, у якасці рэакцыі на першую рэвалюцыю ў Расейскай імперыі. З неафіцыйнай згоды паліцыі і ўраду яны нападалі на мітынгі і сходы прыхільнікаў рэформаў. Таксама арганізоўвалі пагромы, у тым ліку супраць габрэйскага насельніцтва, якое разглядалася як «падрыўны элемент».

Аднак хоць рух быў адносна масавы і карыстаўся негалоснай падтрымкай з боку цара Мікалая ІІ, ён не прапанаваў ніякай пазітыўнай праграмы вырашэння праблемаў імперыі для сялянаў і працоўных, адрозніваўся ўнутранай барацьбой, «злівамі» і скандаламі. Акрамя таго імідж чарнасоценцаў быў сапсаваны пагромамі і сувязямі з паліцыяй.

У лютым 1917 года, калі пачалася Лютаўская рэвалюцыя, чарнасоценцы літаральна зніклі, як і не было іх, і надалей не гралі ніякага значэння ў Грамадзянскай вайне ў Расеі.

Карыкатура на норавы чарнасоценцаў:«Пасведчанне, што ўласнік – не студэнт і не інтэлігент, а таму не падлягае біццю». Крыніца: wikipedia.org

«Неабыякавыя грамадзяне» Крыштальнай ночы

9-10 лістапада 1938 году па ўсёй Нямеччыне пракацілася арганізаваная праз нацыстаў хваля антыгабрэйскіх пагромаў, у якіх удзельнічалі як сябры нацыстоўскіх партыйных узброеных фармаванняў, гэтак і звычайныя антысеміты. Паліцыі быў дадзены загад не замінаць пагромам.

Былі знішчаныя 267 сінагогаў, больш за 7000 бізнесаў, 30 тысяч чалавек былі арыштаваныя і адпраўленыя ў турмы і канцлагеры. Пераважна знішчалася маёмасць, перш за ўсё білі вокны і вітрыны – адсюль і пайшла назва пагрому.

Спаленая падчас Крыштальнай ночы сінагога ў Аахене. Крыніца: wikipedia.org

Улады назвалі гэта «выбухам народнага гневу», «стыхійнай маніфестацыяй абурэння» немцаў у адказ на забойства 7 лістапада нямецкага дыпламата Эрнста фон Рата жыхаром Францыі габрэйскага паходжання Гершлем Грыншпанам.

Пагром рэзка пагоршыў стаўленне да Нямеччыны ў свеце, нанёс удар па папулярнасці Гітлера ў самой Нямеччыне. У выніку нямецкай прэсе было загадана як мага менш пісаць пра гэтыя падзеі, а потым забаранілі ўвогуле пісаць пра любыя дзеянні ўладаў, якія былі скіраваныя супраць габрэйскага насельніцтва.

У той жа час Крыштальная ноч стала прадвеснікам масавага пераследу і знішчэння па расавай прыкмеце падчас трагедыі Галакосту.

Хунвейбіны

У 1960-х гадах у шэрагу кітайскіх навучальных установаў зʼявіліся групы студэнтаў, якія сталі крытыкаваць «інтэлектуальны элітызм» і «буржуазныя тэндэнцыі» сярод настаўнікаў. Іх крытыкавалі то як радыкалаў, то як контррэвалюцыянераў, аднак дыктатар камуністычнага Кітаю Мао Цзэдун загадаў прачытаць маніфест «Чырвонай гвардыі» (так перакладаецца слова «хунвейбін») па дзяржаўным радыё і апублікаваць у галоўнай партыйнай газэце.

Суполкі хунвейбінаў сталі паўставаць па ўсёй краіне. У 1966 годзе іх былі ўжо мільёны, і іхны імпэт Мао выкарыстаў для сваіх палітычных мэтаў – унутрыпартыйнай барацьбы і правядзення так званай «Культурнай рэвалюцыі».

Ворагам рэвалюцыі была названая «старая чацвёрка» – папярэдняя культура, рэлігія, ідэі, традыцыі. Чырвонай гвардыяй знішчаліся старыя кнігі, помнікі архітэктуры і мастацтва, арганізоўваліся пагромы ў музеях, нават на могілках.

Вельмі хутка «стыхійныя» напады на абʼекты культуры перараслі ў напады на людзей. Невыпадкова, што ў жніўні 1966 года зверху была спушчаная дырэктыва для міліцыі не перашкаджаць дзейнасці хунвейбінаў. Тых міліцыянераў, якія намагаліся абараніць закон, называлі контррэвалюцыянерамі.

Хунвейбіны з чырвонымі кніжкамі цытатаў Мао. Крыніца: wikipedia.org

У выніку масавага слабакіраванага гвалту, катаванняў і прыніжэнняў грамадскі парадак і бяспека ў краіне рэзка пагоршыліся. Толькі за два тыдні 1966 года «гвардзейцы» забілі каля 100 настаўнікаў школаў і універсітэцкіх выкладчыкаў у Пекіне. Усяго за жнівень-верасень толькі ў Пекіне загінулі 1772 чалавекі. Колькасць параненых немагчыма было падлічыць.

Публічнае прыніжэнне хунвейбінамі кітайскага ўрадоўца і ягонай жонкі, 1966 год. Крыніца: wikipedia.org

Адначасова Мао выкарыстоўваў хунвейбінаў для нападаў супраць сваіх апанентаў ва ўладзе. Калі гэтая задача была выкананая, Мао загадаў войску спыніць развязаны ім жа тэрор «неабыякавай моладзі». Дайшло і да масавых расстрэлаў. У 1968 годзе рух перастаў існаваць.

«Банда мангустаў»

У 1967 годзе да ўлады ў Грэнадзе прыйшоў дыктатар Эрык Гэйры. Аднак ён адчуваў сябе няўпэўнена, і ў 1970-м годзе абвесціў рэжым надзвычайнага становішча. Каб тэрарызаваць палітычных праціўнікаў была створаная нефармальная крымінальна-палітычная групоўка, якая назвала сябе «Банда мангустаў».

Тады ў рэгіёне мангусты лічыліся шкоднымі драпежнікамі, існавалі спецыяльныя каманды, якія палявалі на мангустаў. Такімі ж «ачышчальнікамі» назвалі сябе і ўзброеныя прыхільнікі Гэйры, хоць трохі нелагічна. Яны нападалі, збівалі праціўнікаў Гэйры, разганялі антыўрадавыя дэманстрацыі, забівалі.

РАМАН БАНДАРЭНКА: ГІСТОРЫЯ ЗАБОЙСТВА

Набіраліся сябры групоўкі звычайна сярод люмпенаў і крымінальнікаў, найбольш вядомыя актывісты былі рэцыдывістамі, часам з дзясяткамі прысудаў за крадзеж, гвалт, шкодніцтва. Пры гэтым «мангусты», зразумела, цесна супрацоўнічалі з паліцыяй.

У выніку тэрор «мангустаў» стаў ствараць для ўладаў усё больш ворагаў, і ў 1979 годзе, калі зʼявілася чутка, што «мангусты» забʼюць лідараў апазіцыі, адбыўся дзяржаўны пераварот. Гэйры страціў уладу і збег, а кіраўніцтва «банды» апынулася ў турме.

Цітушкі

У апошнія месяцы кіравання прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча адбываліся масавыя акцыі апазіцыі. І яшчэ да таго, як паўстаў украінскі Еўрамайдан, у траўні 2013 года на адным з мітынгаў на журналістаў напала група спартоўцаў, адзін з якіх быў апазнаны як Вадзім Цітушка.

Прозвішча і стала назвай для групаў людзей у цывільным, якія білі і выкрадалі апазіцыянераў. Часта яны мелі крымінальнае мінулае ці належалі да таго ці іншага спартовага клубу. Дубінкі і палкі атрымлівалі непасрэдна ад падкантрольнай Януковічу міліцыі ці прадстаўнікоў ягонай Партыі рэгіёнаў. Атрымлівалі да $100 за дзень «працы».

Неабыякавыя да палітычнага лёсу Віктара Януковіча групы фактычна перасталі існаваць пасля перамогі Еўрамайдана ў лютым 2014 года.

Гібрыдная вайна супраць народу

Адным з метадаў гібрыднай вайны зараз называюць выкарыстанне ўзброеных фармаванняў, прыналежнасць якіх да той ці іншай дзяржавы не прызнаецца. Адпаведна можна лічыць, што выкарыстанне падкантрольных уладам сілавых груповак пад выглядам звычайных грамадзянаў – гэта гібрыдная вайна супраць свайго ж народу.

Для народу гэта непрыемная зʼява, але ён яе перажыве. Улады, якія пачынаюць такую гібрыдную вайну – часта наадварот, не выжываюць. Джына афіцыйна недзяржаўнага гвалту лёгка выпусціць з бутэлькі, але куды складаней загнаць назад, калі пачынаецца законны супраціў грамадзянаў.

А самі хунвейбіны, цітушкі і чарнасоценцы, яшчэ часцей за сваіх гаспадароў заканчваюць жыццё ў магіле, турме ці ў вымушанай эміграцыі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў