Чарговы сімвалічны разрыў з Расеяй: Украінская праваслаўная царква атрымае аўтакефалію ў лістападзе


Патрыярх Філарэт. Фота: Pyotr Sivkov / TASS FORUM

Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату разлічвае, што Сусветны патрыярхат надасць Украіне Томас на Сінодзе ў другой палове лістапада. Такім чынам працэдура дазволу аўтакефаліі Украінскай царквы блізіцца да завяршэння.

Галоўным рашэннем Сіноду Канстанцінопальскай царквы з’яўляецца пастанова спыніць дзеянне ўказу 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату.

«Адмяніць юрыдычнае забавязанне сінодскага ліста 1686 года, выдадзенага ў абставінах таго часу, якое дало права Маскоўскаму патрыярху прызначыць мітрапаліта Кіеўскага», – гаворыцца ў заяве.

Апрача таго, Канстанцінопальскі патрыярхат абвясціў пра рашэнне зняць анафему з кіраўнікоў дзвюх некананічных цэркваў ва Украіне – Філарэта з Кіеўскага патрыярхату і Макарыя з Украінскай аўтакефальнай царквы.

Цяпер прадстаўнікі ўкраінскіх цэркваў маюць намер правесці Сабор, падчас якога прымуць рашэнне аб аб’яднанні цэркваў і абранні кіраўніка Адзінай памеснай царквы. Новаабраны прадстаўнік Украінскай праваслаўнай царквы можа атрымаць ад Канстанцінопальскага патрыярхату Томас.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што стварэнне адзінай праваслаўнай царквы – гэта не пытанне рэлігіі, а інструмент барацьбы ў гібрыднай вайне з Расеяй. Для Украіны аўтакефалія царквы – «чарговы важны сімвалічны разрыў з Расеяй».

Мітрапаліт Іларыён, фактычна міністр замежных справаў РПЦ, ужо папярэдзіў, што прызнанне абедзвюх украінскіх праваслаўных цэркваў Канстанцінопалем можа мець сур’ёзныя наступствы і прывесці да кровапраліцця.

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары